Ільноперапрацоўчы комплекс паўнацэннасці. Вераснёўская нарада прамыслоўцаў Ляхавіцкага раёна прайшла на ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”

Новы цэх: тэхналагічна, чыста, светла, утульна.

Наведванне старой на новы лад вытворчасці ў такім фармаце анансавалася неаднойчы. Аператыўнасць узвядзення новага цэха, свежасць яго інжынерна-архітэктурных рашэнняў, аснашчанасць, атрыманы ўжо ў тэставым рэжыме канчатковы прадукт – гэта новы віток у гісторыі першаснай ільноперапрацоўкі. Стары цэх з новабудоўляй і блізка не стаяў. Гісторыя льназавода пачала- ся нямногім за 40 гадоў назад: у 1973-м запрацаваў першы вытворчы паток, прыкладна праз год – яшчэ адзін. Трэба думаць, гэта было прадпрыемства тэхнічна блізкае да лепшых узораў таго часу. І хоць тэхніка-эканамічныя характарыстыкі яго работы даўно не адпавядаюць сучасным патрабаванням, цэх працягвае даваць прадукцыю. А пасля сарака – усё толькі пачынаецца.

Неабходнасць у новым будаўніцтве ўзнікла пасля таго, як пастаўшчыкі ужо закупленага сучаснага абсталявання забракавалі папярэдне вызначаны пад яго адзін са старых карпусоў завода. Падоўжыць, пашырыць, падняць па вышыні апошні было б справай больш складанай, чым даць старт на ўзвядзенне новага цэха. Стартавалі ў лістападзе мінулага года, а ўжо ў верасні сёлета цэх апрабаваў выпуск першай прадукцыі. Працуе пакуль у тэставым рэжыме, без выхаду на праектную магутнасць. Адбываецца прыцірка тэхналагічных вузлоў і механізмаў лініі, людзі працягваюць усё глыбей асвойваць не новую для сябе справу льноперапрацоўкі, аднак, новую вытворчасць.

Замежная, замежнікамі ж зманціраваная і наладжаная лінія па перапрацоўцы трасты ў валакно ў высокай ступені аўтаматызавана. Большасцю аперацый на шляху пераўтварэння льнотрасты ў канчатковы прадукт кіруе электроніка, а роля ў тым чалавека часта абмяжоўваецца лёгкім дотыкам пальца да пэўнай пазнакі на сэнсарнай відэапанэлі. Іх тут не адна і не дзве, у тым ліку і цэнтральная, на якой у дынаміцы адлюстравана кінематыка ўсяго вытворчага ланцуга. На абслугоўванні лініі заняты ўсяго 6 чалавек – супраць 14, занятых на старой вытворчасці зменных работнікаў.

Завод сам сябе забяспечвае сыравінай на 70 працэнтаў ад патрэбнасці.

Прадукцыйнасць, глыбіня перапрацоўкі трасты, якасныя паказчыкі атрыманага валакна там і тут, канешне ж, істотна адрозніваюцца. Напрыклад, новая лінія забяспечвае на выхадзе 70 — 80 працэнтаў доўгага валакна ў аб’ёме перапрацаванай трасты, старая – добра калі 30. А гэта і ёсць галоўны паказчык эфектыўнасці работы льнозавода.

Адпрацавана тут і тэхналогія збору ўзважаных рэчываў. Пыл у памяшканні абсалютна адсутнічае, аднак, выдзяляецца у ходзе перапрацоўкі трасты ў немалой колькасці. Працуе складаная сістэма сепарацыі пылу, ажыццяўляецца яго акумуляцыя ў спецыяльных ёмістасцях. З запаўненнем апошніх адбываецца іх выгрузка, і пыл адпраўляецца туды, адкуль і прыехаў — на сельскагаспадарчыя льнопалеткі. Тым самым мінімізуецца “вымыванне” з палёў каштоўнага верхняга слою глебы.

На рэканструкцыю ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” зрасходавана каля 196 мільярдаў рублёў. У асноўным – сродкі рэспубліканскага, часткова абласнога, у нязначнай колькасці раённага бюджэтаў і ўласныя сродкі прадпрыемства. “Дзяржава дапамагла, але яна ж і спытае”, – адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. У першую чаргу, адказ будзе “прымацца” колькасцю і якасцю вырабленага і прададзенага льновалакна. У тым ліку, аршанскім перапрацоўшчыкам, пастаўкамі на экспарт. Як прагучала ў ходзе семінара, яшчэ да моманту афіцыйнага пуску завода – а канкрэтная дата стане вядома ў бліжэйшы час – інтарэс да будучай прадукцыі паспелі праявіць ужо многія патэнцыяльныя імпарцёры.

Рамонт адміністрацыйнага будынка стаў магчымым дзякуючы ашчаднай рацыянальнасці.

Не застаюцца па-за ўвагай і “гістарычныя” фонды ААТ. Ашчаднасць з расходаваннем інвестыцый падчас новага будаўніцтва, спрошчанасць выканання некаторых неасноўных відаў работ дазволілі сэканоміць. Вызваленыя такім чынам сродкі перанакіраваны на аднаўленне і абнаўлення старых фондаў. Рамантуюцца 40-гадовай даўнасці сыравінныя склады, адміністрацыйны будынак, вытворчы корпус, выконваецца добраўпарадкаванне ўнутрызавадской тэрыторыі, іншае.

У пленарным пасяджэнні семінара-нарады кіраўнікоў і галоўных эканамістаў прампрадпрыемстваў раёна быў прааналізаваны стан работы прамысловасці за апошні месяц і з пачатку года – у параўнанні з леташнім і з верагоднасцю выхаду на прынятыя прагнозныя паказчыкі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *