У засені садоў. Значная частка жыхароў вёскі Мазуркі Ляхавіцкага раёна – пажылыя людзі. Як ім жывецца?

У баку  ад дарогі Брэст-Масква, акружаная зялёным колам лесу, раскінулася вёска Мазуркі. Тут дамы не “сядзяць” адзін  на адным. Яны  вольна месцяцца  на вуліцы  з назвай, сугучнай нашай вобласці, ­ – Брэсцкай, на гістарычнай Партызанскай, а некаторыя наогул нібы ”вырашылі” жыць паасобку – на хутары. Людзі тут гасцінныя, шчырыя, працавітыя. Засталіся  з цягам часу ў вёсцы ў  асноўным пенсіянеры, ды яшчэ дачнікі аблюбавалі мясціны з непаўторнай прыродай.

Але так было не заўсёды. Памятаюць мясцовыя жыхары сваю вёску маладой, вясёлай і мнагалюднай. У 60-я гады тут у дзве змены  працаваў маслазавод, на які  малако звозілі з усёй акругі. Завод вырабляў, акрамя малочнай прадукцыі, смачныя сыры, якія адпраўляліся ў далёкія і блізкія гарады СССР, у тым ліку ў Маскву і Ленінград.

­– Нават на ВДНГ з імі ездзілі і заўсёды вярталіся з  дыпломамі. Уся прадукцыя была смачная і , галоўнае, натуральная, – апавядае  мясцовая жыхарка Алена Пішч, якая ведае пра поспехі не па чутках – сама працавала на заводзе. І дадае: – А як цікава мы жылі! Хоць і працавалі ад цямна да цямна, але пасадзілі заводскі сад, пабудавалі клуб, у якім  ладзіліся танцы. Дарэчы, тут жыццёвая сцяжынка і звяла мяне з мужам Сцяпанам, з якім разам ужо  53 гады.

У любві і згодзе крочаць па жыцці Сцяпан і Алена Пішчы.

Алена Іванаўна і Сцяпан Іванавіч, нягледзячы на тое, што ім на дваіх 148 гадоў, трымаюць карову, ёсць у іх і  надзейны памочнік ­– конь.

– Дапамогі ні ад каго не чакаем, саджаем агарод, трымаем гаспадарку, самі кармы нарыхтоўваем. СВК “Ляхавіцкі” заўсёды дае  выбраць месца сенакосу. Пакуль ёсць сілы — робім, прыязджаюць  сыны. А іх у нас трое, а яшчэ шасцёра унукаў і тры праўнукі. Яны наша радасць і гонар.

Алена Іванаўна паказвае кветку, якую ёй падарыла на 72-гі дзень нараджэння адна з нявестак:

­– Ведаюць, што я захапляюся раслінамі (сапраўды, у доме цэлая аранжарэя, упрыгожваюць яны і двор). Вось так і жывём. Удзячны лёсу за дзяцей, за жыццё ў пары, за  шчасліва пражытыя гады.

Марыю і Івана Плескацэвічаў сустрэлі за нарыхтоўкай запасаў на зіму.

– Ураджай яблыкаў выдатны. Запасаемся вітамінамі, будзем частаваць унукаў, – расказвае гаспадыня.

Іх домік прытуліўся каля лесу. У двары чысціня і парадак, яркімі   фарбамі  вабяць кветкі ля хаты.  Усё зроблена з густам і з веданнем справы: “капітальная” цяпліца, летняя кухня. Дагледжана вінаградная лаза…

Марыя Плескацэвіч вышывае з дзяцінства.

Марыя Іванаўна з мужам Іванам Канстанцінавічам пражылі нялёгкае, але дастойнае жыццё. Шчыра працавалі, трымалі гаспадарку, гадавалі  дзяцей. А якая майстрыха гэта прывабная жанчына! Яе вышыванкамі ўвесь дом упрыгожаны. Расказвае, што вышыўкай захапілася з дзяцінства. Доўгімі зімовымі вечарамі  з-пад яе рукі выходзіла сапраўдная прыгажосць: карціны, іконы, рушнікі з мудрагелістымі ўзорамі.

Нягледзячы на тое, што Марыі Іванаўне 72, а Івану Канстанцінавічу 80, завіхаюцца па гаспадарцы: трымаюць коз, курэй, садзяць агарод. Па магчымасці робяць усю работу самі, а калі не спраўляюцца – сын з дачкой, унукі  заўсёды дапамагаюць. Праўда, кажуць, пару гадоў  соткі ў калгасе не бяруць.

5 мая сям’я  адзначыла залатое вяселле. Сакрэтам  паўвекавога жыцця лічаць уменне ўступаць і выслухаць адзін аднаго.

Воляю лёсу год назад  аказаўся ў Мазурках Мікалай Бародзіч. Сталярнічае, калі просяць, дапамагае суседзям.

– Уладкоўваюся паступова. Зрабіў агароджу, завёў пчолы. Работы хапае. Сумаваць няма калі.

Недалёка ад былога будынка пачатковай школы, у якую некалі беглі хлопчыкі і дзяўчынкі, жыве разам з сынам Сяргеем 71-гадовая  Ірына Плескацэвіч. Яна з настальгіяй успамінае мінулыя гады, калі працавала на маслазаводзе аператарам, а племзавод “Ганчароўскі” быў у перадавіках…

– Зараз, канешне, цяжкавата. І здароўе падводзіць, і каб заараць агарод, трэба наймаць прыватніка, – дзеліцца Ірына Іванаўна. – Але, галоўнае, каб не было вайны. Запасаў на зіму поўны склеп. Гэтым летам многа грыбоў было. Перазімуем! Будзем мачанку варыць  з блінамі. Я кожную нядзелю пяку бліны.

У доме Ірыны Плескацэвіч усё зроблена рукамі гаспадароў.

Дарэчы, сваім «фірменным» рэцэптам жанчына з задавальненнем падзялілася: – У сыроватку дадаю  соль, сыплю муку. Перамешваю  і кладу соду, тады  зноў даліваю сыроватку. Бліны атрымліваюцца пышнымі і смачнымі.

Калі маслазавод далучыўся да ляхавіцкага, Ірына Іванаўна  пайшла працаваць у гаспадарку. Даводзілася паспяваць шчыраваць і на рабоце, і ўпраўляцца дома. А раней, успамінае, бульбы саджалі па 40-50 сотак.

Яна з гонарам расказвае пра трох сыноў і дачку, пра тое, якая яна багатая бабуля: лёс падарыў ёй дзвюх ўнучак і чатырох унукаў,  дзвюх праўнучак. Дом, які Ірына Іванаўна  будавала разам з мужам,  напаўняецца галасамі родных  не толькі падчас вялікіх святаў.

Карэнная жыхарка Мазурак ­ 85-гадовая Сабіна Паўлоўская. Калі карэспандэнты завіталі, займалася швейнымі справамі. Прычым, без акуляраў. ­

Заўважае жанчына: 26 гадоў як на пенсіі, а кіраўніцтва малочнага завода не забывае пра іх, сваіх пенсіянераў. Штогод да
1 кастрычніка запрашаюць на завод, перадаюць грошы. За ўвагу вельмі ўдзячная “малочцы”. А яшчэ паштальёну Ядвізе Каральчук, якая і газету прынясе, і навіны раскажа, і квітанцыі аплаціць. 85-гадовая вяскоўка не скардзіцца на гады, сама і агарод пасадзіць, і ўраджай збярэ, і курэй трымае.

Што яшчэ трэба людзям, у якіх іх гады – іх багацце? Увага і клопат блізкіх, каб спраўна аўталаўка прыязджала, каб фельчар цікавіўся пра здароўе, каб у час быў пасеяны і ўбраны ўраджай.

І хоць вёска ўжо не тая, і большасць дамоў пустыя, і пасаджаны  некалі сад зліўся з лесам, усё ж  жывуць Мазуркі,  і  не забываюць пра іх тыя, для каго яны сталі бацькаўшчынай. А  дзівосная прырода ўражвае і прыцягвае турыстаў. Вясной цікавіўся ў мясцовых жыхароў  гісторыяй іх краю нават амерыканец. Перадаюць мазурчане ўнукам і праўнукам расказы пра тутэйшага пана Крыгельскага, што пабудаваў “млячарню”, на месцы якой пазней стаў працаваць маслазавод. Пахаваны пан на мясцовых могілках. Летам сюды прыязджала з Польшчы  яго ўнучка.

Цячэ жыццё ў Мазурках. Няхай як мага даўжэй не мяльчэе гэта рака жыцця.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара і Уладзіміра ЛЕШЫКА.

Стаў мазурчанінам Мікалай Бародзіч

На наступны год шпакоўні прымуць новых навасельцаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *