Каб не прагадаць

Гучыць амаль сенсацыяй: СВК “Востраў-Агра” мае на сёння запас кармоў роўны 25 цэнтнерам кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, у “Ліпнянцы” нарыхтавана 22 цэнтнеры кармавых адзінак, у СВК “Тальмінавічы” – прыкладна столькі ж. Гэта пры тым, што кармавыя запасы некаторых моцных сельгаспрадпрыемстваў раёна у разы меншыя: у СВК “Жарабковічы” – 6,6 цэнтнера кармавых адзінак. А ўсяго па раёне ў сярэднім — 15,65 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Перад пачаткам корманарыхтовак райвыканкам зацвердзіў план работы. Стаўка рабілася на дзейнасць міжгаспадарчага мехатрада, аснову якога складала кормаўборачная тэхніка райаграсэрвіса. Спачатку працавалі ў СВК “Востраў-Агра”, пасля ў “Ліпнянцы”, дапамагалі “Тальмінавічам”, для сябе — у апошнюю чаргу. Наслаілася “работ восем”, у тым ліку і ўборка кукурузы. Не лішняй была б дапамога “ў адказ”, але яна так і не прыйшла… Як адзначыў галоўны спецыяліст па кормавытворчасці райсельгасхарчу Ігар Яварчук, атрымліваецца, не ўсе працуюць у аднолькавых умовах, і гэта сельгаспрадпрыемствы павінны ўлічыць.

Сёння райагасэрвіс мае амаль 20 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы і, дарэчы, завяршае ўборку кукурузы. Кормаўборачную тэхніку плануе накіраваць на дапамогу СВК “Шлях новы”: з сур’ёзнымі партнёрамі прыемна мець справу. Ні на каго не разлічваюць, па меры сіл і магчымасцей, але настойліва вядуць нарыхтоўку кармоў у ДП “Нача”. Убралі ўсё, што планавалі на сілас, з захаваннем тэхналогіі заклалі яго 7593 тоны. Сельгаспрадпрыемства мае амаль 22 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, столькі ж і ў аграрным каледжы.

Што датычыць СВК “Шлях новы”, то тут ацанілі сітуацыю з сёлетнім ураджаем кукурузы, перагледзелі ранейшыя планы і большую частку плошчаў з гэтай культурай вырашылі ўбраць на сілас. Толькі 150 гектараў, з пасеяных 1460 пакінулі на зерне. І ў гэтай гаспадарцы, і ў СВК “Ляхавіцкі” на круг выходзіць па 60 цэнтнераў кукурузнага зерня (у мінулыя гады ўраджайнасць была большай). Акрамя таго, вялікія затраты ідуць на даводку зерня да патрэбнага стандарту па вільготнасці.

Застаецца пакуль неразгаданай тактыка СВК “Жарабковічы”, дзе пасеяна 1132 гектары кукурузы, з якіх прыкладна 420 гектараў плануюць убраць на зерне. Планы не пераглядаюцца, уборка не вядзецца. Пасля таго, як была закладзена сіласная траншэя на 2780 тон, уборачныя работы прыпыніліся. Па словах старшыні СВК “Жарабковічы” Віталія Бусько, “яшчэ не пара, кукуруза не дасягнула поўнай спеласці”. Спецыялісты райсельгасхарчу не выключаюць, што СВК “Жарабковічы” спатрэбіцца дапамога міжгаспадарчага мехатрада: першыя начныя замаразкі на глебе ўжо напамінаюць пра блізкія халады. Сельгаскааператыў мае на сёння мізэрныя запасы кармоў. Такія паказчыкі гэтага СВК цягнуць уніз і агульнараённы вынік. Каб забяспечыць зімоўку жывёлы, гаспадаркам раёна неабходна нарыхтаваць яшчэ больш як 100 тысяч тон сіласу.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *