Ідзіце ў лазню! І сярод ляхавічан знойдзецца не адзін дзясятак чалавек, для якіх традыцыйнае “З лёгкай парай!” сталі своеасаблівым рытуалам

Калі спытаць жыхароў нашага райцэнтра, дзе часцей за ўсё яны мыюцца, пераважная большасць адкажа: дома ў ванне. Сапраўды, цяпер у кожнай кватэры ці доме ёсць свой мыйны пакой: у кагосьці вялікая ванна, у іншых – душавая кабіна і г.д.

Але па-ранейшаму, асабліва сярод прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, не губляе сваёй актуальнасці і запатрабаванасці лазня. І сярод ляхавічан знойдзецца не адзін дзясятак чалавек, для якіх штотыднёвы паход у гарадскую лазню па вуліцы Мінскай і традыцыйнае “З лёгкай парай!” сталі своеасаблівым рытуалам. Прыходзяць самі, сям’ёй ці з сябрамі папарыцца з венічкам. Жанчыны, напрыклад, клапоцяцца не толькі пра чысціню цела, але і пра яго прывабнасць: накладваюць маскі, робяць іншыя касметычныя працэдуры. А яшчэ паспяваюць з сяброўкамі – такімі ж аматаркамі лазні — абмеркаваць апошнія навіны з уласнага жыцця і жыцця сваіх знаёмых.

Асноўны гаспадар лазняў у раёне жылкамунгас, на яго балансе знаходзіцца 20 аб’ектаў такога кшталту: 2 гарадскія (адзін не працуе), 18 — у сельскай мясцовасці. Яшчэ ў 2 лазняў іншыя ўласнікі: у Жарабковічах – СВК “Жарабковічы”, у Тухавічах – торфабрыкетны завод “Ляхавіцкі”. Начальнік участка “Жылфонд” камунгаса Дзмітрый Матчэня праінфармаваў, што сёлета за 8 месяцаў паслугамі камунальных лазняў раёна скарысталіся 14300 чалавек, з якіх амаль 7000 – у сельскай мясцовасці. Кошт аднаго візіту (а гэта 2 гадзіны мыцця-парылкі) – 14700 рублёў. А вось сабекошт значна вышэйшы: у горадзе – 101000 рублёў, у вёсцы 135000 рублёў. Атрымліваецца, што, у пераважнай большасці, наведванне лазні для аматараў папарыцца фінансуецца з дзяржаўнага кашалька.

Журналісты “ЛВ” неаднойчы выконвалі рэдакцыйнае заданне – станавіліся наведвальнікамі гарадской лазні. Уражанні заставаліся, у асноўным, прыемныя. Канешне, хацелася б іншы раз пары памацней і вады пагарачэй, большага камфорту і прапаноў накшталт травянога чаю і г. д.

Што ж змянілася ў гарадской лазні за некалькі гадоў?

Апошняя субота верасня. Стрэлкі на гадзінніку набліжаюцца да 19 гадзін. З трубы гарадской лазні — дым каромыслам. Каля будынка больш за 10 аўтамабіляў, шмат наколатых дроваў, трава на газонах падкошана, вакол падмецена. Нават калі не ведаеш, што гэта за памяшканне, лёгка здагадацца пра яго прызначэнне па наведвальніках, “узброеных” венікамі і вялікімі сумкамі. Чысціня і парадак унутры памяшкання. Летам тут зрабілі рамонт — столь, сцены, падлогі абноўлены, пафарбаваны. Штогод робіцца касметычны рамонт.

Наведвальнікаў касір Тамара Пятроўская, якая працуе тут амаль 10 гадоў, сустракае ветліва. Сцвярджае:

— У твар ведаю кожнага з аматараў папарыцца, яны, у асноўным, пастаянныя кліенты.

Расказвае, што калі нехта прапускае “свой” дзень, то, напэўна, у ад’ездзе ці вельмі заняты. Для многіх лазня – добрая традыцыя, якой не здраджваюць без уважлівых прычын на працягу многіх гадоў.

У сярэднім за суботу і нядзелю (па гэтых днях працуе гарадская лазня) сюды прыходзяць больш за 200 чалавек летам і да 300 зімой.

— Знаўцы і аматары сцвярджаюць, што ў нас вельмі добрая пара, і ўсё дзякуючы качагару Аляксандру Лук’янаву. Ужо з раніцы ў парылцы 100-110 градусаў, — расказвае Тамара Пятроўская.

У пацвярджэнне гэтых слоў румяны мужчына сярэдніх гадоў, які выйшаў з лазневага адсека, ад душы падзякаваў:

— Пара ў вас адменная. Нават памаладзеў і паздаравеў.

Не паспелі за ім зачыніцца дзверы, білеты пажадалі купіць двое маладых людзей – таксама пастаянныя кліенты — Аляксандр з Вялікай Лотвы і ляхавічанін Ігар. І ў іх толькі самыя лепшыя ўражанні: задавальняюць і кошт, і ветлівае абслугоўванне, асартымент і, самае галоўнае, — якасць паслуг. Да іх далучаецца яшчэ адзін прыхільнік пару:

— Лазня што трэба! Прыязджаю сюды з Навасёлак. На жаль, у нашым аграгарадку лазні няма ўвогуле.

Наведвальнікам прапануюць набыць безалкагольныя напіткі і піва, чай, каву, а таксама мыла, мачалкі, шампунь, расчоскі, адэкалон, узяць напракат ручнікі і прасціны. А вось венічкі для парылкі, на жаль, не прадаюцца…

А Тамара Фёдараўна паміж продажам білетаў наведвальнікам расказвае пра цікавае тутэйшае жыццё. Па яе словах, самыя маладыя аматары лазні – 5-6-гадовыя дзеці, старэйшыя – 80- і 86-гадовыя ляхавічанкі. Звычайна па суботах з раніцы сюды прыязджаюць кампаніі жанчын даволі шаноўнага ўзросту, якія любяць папарыцца, калі людзей не надта многа. У ляхавіцкай лазні нямала наведвальнікаў з суседніх Баранавічаў. Не першы год сюды прыязджае, напрыклад, сямейная пара Аляксандр і Жанна.

— Нас усё задавальняе, — гаворыць Аляксандр.

Персанал – размова асобная. Усяго тут працуе 4 чалавекі. Акрамя згаданых вышэй Тамары Пятроўскай і Аляксандра Лук’янава, яшчэ прыбіральшчыцы Ганна Маслава і Надзея Болтуць. Надзея у лазневай справе 27 гадоў, выконвае сваю работу бездакорна. А яшчэ гэта добразычлівы і сумленны чалавек, яна клапоціцца пра чысціню і парадак у жаночым аддзяленні, а колькі рэчаў, у тым ліку і каштоўных, якія забывалі наведвальніцы, яна вярнула гаспадыням. Добра спраўляецца са сваімі абавязкамі і Ганна Маслава.

Адна з пастаянных наведвальніц ляхавічанка Валянціна – прыхільніца здаровага ладу жыцця і лічыць лазню неад’емным яго атрыбутам, а таксама гарантам цудоўнага настрою:

— Парыцца тут задавальненне. А яшчэ вельмі важна , што адносіны да наведвальнікаў добразычлівыя.

Так што ў лазню прыходзяць не толькі (і не столькі) за чысцінёй і лёгкай парай, але і за здароўем, настроем, энергіяй і добрым суразмоўцам. Таму не дзіўна, што наступны раз захацелася прыйсці сюды не з журналісцкім заданнем, а з венічкам — папарыцца. І параіць ўсім: ідзіце ў лазню.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *