Без чатырох сто. Споўнілася 96 гадоў з дня ўтварэння службы крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС

5 кастрычніка спаўняецца 96 гадоў з дня ўтварэння службы крымінальнага вышуку.

За гэты час адбылося шмат змяненняў і пераўтварэнняў. Нязменнай засталася галоўная функцыя падраздзялення – раскрыццё злачынстваў і абарона маёмаснай бяспекі грамадзян, вышук без вестак прапаўшых людзей.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку не любяць выстаўляць напаказ прафесійныя поспехі. Проста выконваюць сваю работу – якасна, адказна, нераўнадушна. Ніколі тут не было выпадковых, заўсёды толькі адданыя сваёй справе людзі.

Пацвярджэнне – у нашым раёне раскрываецца 75 працэнтаў учыненых злачынстваў. За гэтымі паказчыкамі вынік зладжанай работы аператыўнікаў і адказных адносін кожнага да абавязкаў. Сёння ў штаце крымінальнага вышуку РАУС 7 кваліфікаваных супрацоўнікаў, сплаў маладосці і вопыту. Сярод іх майстры сваёй справы Віталій Давідоўскі, Сяргей Сахвон, Дзмітрый Прыхач і маладыя перспектыўныя спецыялісты Аляксандр Лабар, Андрэй Чаранкевіч і Генадзій Лойка.

Прыкладам для калег з’яўляюцца ветэраны. Не адзін дзясятак гадоў прысвяцілі службе ў крымінальным вышуку былыя начальнікі падраздзялення Сяргей Занько, Генадзій Савасцюк, Віталій Андрушкевіч. Дзеляцца прафесійным вопытам ветэраны вышуку Анатолій Ушко, Вадзім Зубік. З хваляваннем успамінаюць міліцэйскія будні, калі ў аддзяленні працавалі 2 чалавекі, не было спецмашын, а на раскрыццё злачынства па гарачых слядах адпраўляліся на рэйсавым аўтобусе.

У знакавы для службы дзень супрацоўнікі падраздзялення ўшануюць памяць аператыўнікаў Івана Шпака, Яўгенія Булатага, Алега Сакалоўскага.

Аляксандр БУРБІЦКІ,

першы намеснік начальніка РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *