Ляхавічы: першая пра першую

Зінаіда Мікалаеўна Кашуба і яе чацвёртакласнікі, 1952 г.

Мая першая настаўніца – Зінаіда Мікалаеўна Кашуба. Менавіта ёй я абавязана тым, што стала педагогам. Зараз яна жыве ў Баранавічах.

19 снежня Зінаіда Мікалаеўна будзе адзначаць свой юбілей – 90-годдзе.

…А тады быў далёкі 1948 год. У Ляхавіцкую рускую школу ў наш клас прыйшла маладзенькая прыгажуня-настаўніца з добрымі вачыма і ласкавай усмешкай. Яна навучыла нас чытаць, пісаць, маляваць, спяваць, ганарыцца сваім краем, сваёй Радзімай, сябраваць, дапамагаць людзям.

Зінаіда Мікалаеўна нас любіла, часам запрашала да сябе ў госці. А мы стараліся аддзячыць ёй добрымі справамі, нават лічылі за гонар, калі навыперадкі дапамагалі паднесці партфель, поўны сшыткаў і кніг. У пятым класе яна выкладала беларускую мову, на якой прыгожа размаўляла. Любіла сваю родную старонку, і гэта перадавалася нам, вучням.

Настаўніца была для нас другой маці, яна ўмела дапамагчы, патрабаваць, суцешыць, запаліць у сэрцы надзею на лепшае. І зараз прыемна чуць у тэлефоннай трубцы ўсё той жа мілы знаёмы голас. Зінаіда Мікалаеўна ніколі не скардзіцца, хоць гады і бяруць сваё. Аптымістка, яна мае час паразважаць, успомніць сваю першую школу і вучняў, настаўнікаў, якія працавалі побач, павіншаваць сяброў. Вось і сёння, напярэдадні свята настаўнікаў, Зінаіда Мікалаеўна перадае калегам віншаванне з прафесійным святам.

А мы, яе вучні, жадаем любімай першай настаўніцы добрага здароўя, натхнення, радасных дзён жыцця.

Ад імя аднакласнікаў – Марыя МАХНАВЕЦ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *