“Міні” з прыбыткам. Сёлета ад кожнай з 1083 уласных кароў у Ляхавіцкім раёне закуплена малака на 85 кілаграмаў больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года

Пакуль што гэтых гаспадароў можна пералічыць на пальцах. Але ўсё ж ёсць падстава гаварыць пра тое, што ў малочнай жывёлагадоўлі прабівае шлях новая форма гаспадарання – уласныя міні-фермы. Таццяна Барташэвіч з Ляхавіч, Тамара Дарахлевіч з Зубелевіч, Дзмітрый Блашэнка са Сваятыч  аднымі з першых завялі ўласныя малочныя міні-фермы і сталі прадаваць малако дзяржаве. Спытай, напрыклад, у Тамары Дарахлевіч, ці прыбытковая гэта справа – малочная жывёлагадоўля. Адкажа адназначна: гэта так, і толькі пашкадуе, чаму раней не занялася ўласнай справай. За кілаграм малака з базіснай тлустасцю 3,6 працэнта дзяржава плаціць 3638 рублёў, плюс надбаўка 190 рублёў на кожны літр. Калі ў гаспадарцы 10-13 кароў, штодня  атрымліваецца здаць да 200 літраў малака – прыбытак адчувальны.

Свет чуткамі поўніцца, і сёння ўжо з’явіліся новыя жадаючыя паспрабаваць зарабіць грошы “на малацэ”. Нядаўна ў Ганчароўскі сельвыканкам звярнуліся адразу два жыхары раёна з просьбай даць ім магчымасць арганізаваць на тэрыторыі сельсавета асабістыя падсобныя гаспадаркі – малочныя міні-фермы. Пасля правядзення ўсіх неабходных юрыдычных працэдур Дзмітрый Калгушкін стаў уладальнікам міні-фермы, якую размясціў на прыватным падвор’і. А Віктар Лагун заключыў з СВК “Тальмінавічы” дагавор арэнды жывёлагадоўчага памяшкання з наступным яго выкупам. Справы ладзяцца ў абодвух гаспадароў. 3 фермы Калгушкіна, дзе ўтрымліваецца пакуль 7 кароў, штодзень паступае на малаказавод у сярэднім па 80 літраў малака, а Лагун прадае па 160 літраў малака ад 13 рагуляў. Дарэчы, з заробленых грошай ён ужо ўнёс першы ўзнос за памяшканне, якое мае намер выкупіць. Гэтыя 2 міні-фермы вывелі Ганчароўскі сельсавет у лідары па тэмпах росту закупу малака на кожную карову, што ўтрымліваецца на падвор’ях насельніцтва (прыбаўка склала 359 кілаграмаў малака). Сельвыканкам аказвае гаспадарам дапамогу: пад кантролем перыядычнасць правядзення аналізаў якасці прадукцыі, своечасовая рэалізацыя малака, па меры магчымасці вырашаюцца пытанні забеспячэння жывёлы кармамі.

Штодзень да сядзібы Сяргея Расохі з Начы пад’язджае малакавоз: сям’я прадае малако дзяржаве ад 4 кароў. Ёсць жаданне павялічыць іх колькасць. Аляксандр Малевіч з Ліпска трымае 3 каровы. Продаж малака лічыць справай выгаднай, хоць і працаёмкай. Па 2-3 каровы на прыватных падвор’ях Сяргея Баўтрукевіча з вёскі Набярэжная, Уладзіміра Туціна з Жарабковіч і некаторых іншых жыхароў раёна.

Развіццё асабістых падсобных гаспадарак падтрымлівае дзяржава. У раёне гэтыя пытанні ў кампетэнцыі сельвыканкамаў, мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, райсельгасхарчу. Спецыялісты сустракаюцца з малаказдатчыкамі, рэагуюць на іх скаргі і прапановы. Галоўны спецыяліст па закупках і якасці сельгаспрадукцыі райсельгасхарчу Наталля Біза тлумачыць, што малаказборшчыкі абавязаны 2-3 разы ў 10 дзён адбіраць пробы малака на вызначэнне тлушчу, шчыльнасці, кіслотнасці. Гэтыя параметры бяруцца за аснову пры аплаце за прадукцыю, таму найбольш цікавяць малаказдатчыкаў. Іх прэтэнзіі, дарэчы, заўсёды вывучаюцца, хоць не ўсе абгрунтаваныя. Нядаўна малаказдатчыца з Ліпска палічыла, што працэнт тлустасці малака, прададзенага з яе гаспадаркі, заніжаны. Прадстаўнікі райсельгасхарчу і малаказавода ў прысутнасці гаспадыні адабралі паўторныя пробы, якія пацвердзілі ранейшыя лічбы. Бываюць, між іншым, і справядлівыя нараканні, якія вырашаюцца неадкладна.

Усіх, хто трымае на падвор’і кароў, клапоціць забеспячэнне жывёлы кармамі на зімова-стойлавы перыяд. У сельвыканкамах распрацаваны мерапрыемствы, якія ўзгоднены з мясцовымі гаспадаркамі: выдзяляюцца сена, салома, можна па сабекошце закупіць канцэнтраты. Зразумела, 10-13 кароў з аднаго падвор’я сельгаспрадпрыемства не бярэцца забяспечыць кармамі поўнасцю, аднак і часткова – добрая падмога прыватніку. А калі заключаюцца дагаворы з сельгаспрадпрыемствамі на продаж ім нованароджаных цялят з падвор’я, то пытанняў з забеспячэннем кармамі наогул  не ўзнікае.

І ўсё ж прыватны раённы статак змяншаецца. У параўнанні з мінулым годам сёлета недалічыліся 147 кароў. Прыкметна змяншаецца колькасць рагуляў на падвор’ях Крывошынскага сельсавета – на 52 каровы, на 42 стала менш у Жарабковіцкім сельсавеце, на 10 – у Востраўскім, на 13 – у Навасёлкаўскім сельсаветах. Але ёсць і станоўчая тэндэнцыя: на адну карову закуплена малака больш на 85 кілаграмаў, тэмп росту ў параўнанні з мінулым годам плюсуе на  3,7 працэнта. У многім дзякуючы прыватным малочным міні-фермам.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *