Быць патрыётам. Патрыётам – быць!

Хаця б аднойчы кожны беларускі грамадзянін, пажадана і госць нашай краіны, павінен пабываць па адрасе: Мінск, праспект Пераможцаў, 8. Каб датыкнуцца сэрцам да подзвігу, адчуць яго велічнасць і вечнасць, каб пасталець душою ад усведамлення, якой цаною заплачана за мір, – ідзіце ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Здавалася, раней пабачыла мноства тэматычных экспазіцый, у тым ліку і ў старым будынку музея, у Брэсцкай крэпасці не аднойчы стаяла ля Вечнага агню, ля заросшых партызанскіх зямлянак у Машукоўскім лесе,  прачытала безліч дакументальных і мастацкіх твораў пра вайну, паглядзела ці не ўсю кінаэпапею вогненных саракавых, занатавала ў памяці мноства ўспамінаў франтавікоў, партызан, работнікаў тылу, вязняў фашысцкіх канцлагераў… А вось жа ўразілася настолькі, што дагэтуль перад вачыма – фрагменты экспазіцый новага музея. Лепшага з тых, што прысвечаны гераічнай тэме. Будавалі ўсёй краінай, працавалі на суботніках у імя гэтага знакавага месца, дзе паняцце “патрыятызм” увасоблена матэрыялізаванымі сведчаннямі шляху-подзвігу  да Перамогі.

Менавіта тут у мінулы чацвер адбылася канферэнцыя “Патрыятызм: гісторыя і сучаснасць” для кіраўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў гаварыў, як важна для беларусаў падтрымліваць і ўмацоўваць адзінства народа:

— Мы цяпер асабліва адчулі, наколькі важна быць адзінымі, разумець сваю Радзіму, гістарычнае мінулае, берагчы гэта, падтрымліваць і ўмацоўваць сваё адзінства. Важна разумець, што пры раз’яднанасці адразу пачынаюцца праблемы, прычым не толькі эканамічныя і палітычныя, але і ваенныя, падобных прыкладаў цяпер шмат.

Аляксандр Радзькоў гаварыў, што шмат у чым людзей аб’ядноўвае гістарычнае мінулае і традыцыі; што новы музей стаў вельмі важным месцам для грамадзян Беларусі; што вельмі важкае друкаванае слова павінна пераконваць людзей у галоўных каштоўнасцях жыцця, якімі з’яўляюцца мір і адзінства; што мы не дапусцім супярэчнасцяў і ваенных канфліктаў унутры краіны.

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч сённяшнюю Беларусь назвала прыкладам маральных адносін грамадства і дзяржавы да праблем сучаснасці. Што датычыць беларускага нацыянальнага інфармацыйнага поля, то яно “павінна ўмацоўваць нашы маральныя прыярытэты і арыенціры, выхоўваць грамадзянскую адказнасць, патрыятызм, гістарычную і сучасную перспектыву”. Лілія Станіславаўна падкрэсліла:

— Неабходна сур’ёзна і асцярожна ставіцца да слова і да таго, што дэманструецца на экранах тэлевізараў і гучыць па радыё.

Асобная размова пра інтэрнэт і яго ўплыў на развіццё працэсаў фарміравання інфармацыйных плыняў. Аднак лідарам у фарміраванні грамадскай думкі, лічыць міністр, у краіне павінна заставацца нацыянальная інфармацыйная прастора. Дарэчы, што датычыць інтэрнэту, то на канферэнцыі ўзнімалі пытанне аб наспеўшай неабходнасці ўдасканалення заканадаўчай базы – яна павінна рэгуляваць адказнасць за кожнае слова ў сетцы.

Журналіст абавязаны служыць сваёй краіне, беларуская журналістыка – працаваць на кансалідацыю беларускага грамадства, дапамагаць людзям разбірацца ў складаных з’явах, ствараць, раздумваць, разам будаваць нашу квітнеючую Беларусь.

З агучанай думкі пра тое, што памяць аб Вялікай Айчыннай вайне нас, грамадзян Беларусі, аб’ядноўвае, пачаў сваё выступленне на канферэнцыі намеснік дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Беларусі Станіслаў Зась, які гаварыў пра супрацьстаянне ў сферы сэнсаў, пра тое, што гэта “супрацьстаянне розных ідэалогій, маральных каштоўнасцей, культур і рэлігій”, пра ролю сродкаў масавай інфармацыі ў стварэнні сэнсавага кантэксту ўсіх падзей.

Уразілі словы  доктара гістарычных навук прафесара Аляксандра Кавалені: ваенная трагедыя не азлобіла беларускі народ. Міралюбівыя людзі нашай міралюбівай краіны разумеюць, што сіла – у адзінстве, што грамадства сацыяльнай гармоніі – гэта не міф, а рэальнасць, якую мы будуем.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Скобелеў назваў сярод галоўных задач музея неабходнасць данесці да моладзі асэнсаванне таго, якую трагедыю перажыў народ, якой цаной заваявана Перамога:

— Маючы магутную доказную базу, нясём праўду аб вайне і нашай Перамозе.

І мы, журналісты, маем гонар таксама рабіць гэта. Мала засталося ўдзельнікаў і сведак ваенных падзей. Зусім хутка гістарычную адказнасць за гэту памяць будзе несці выключна пакаленне, чые дзядулі-бабулі нарадзіліся пасля Вялікай Айчыннай. Як жа важна асэнсаванне, што ўсе яны, усе мы – нашчадкі  пераможцаў.

І яшчэ. Патрыятызм – гэта не толькі Вялікая Айчынная і яе героі, не толькі гістарычная годнасць. Патрыятызм уключае ў сябе любоў да нацыянальнай культуры, мастацтва, любоў да сваёй маленькай радзімы, да сваёй прафесіі, да справы, якой служыш з жаданнем, натхненнем, творча… Давайце памятаць пра гэта.

Акрамя падрыхтаванай Міністэрствам інфармацыі экспазіцыі новых кніг, выпушчаных у Беларусі і прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, музейнымі экспанатамі сталі альбомы з усіх абласцей з ксеракопіямі газетных публікацый на гэту тэму. У альбоме з Брэсцкай вобласці  ёсць старонкі ад “ЛВ”.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *