Падарунак для настаўнікаў Ляхавіччыны

З восеньскай парой у педагогаў звязана шмат радасных і светлых падзей. Адна з іх – прафесійнае свята, што адзначаецца ў суправаджэнні шыкоўнага золата лісця і яркіх букетаў. Урачыстасці, прысвечаныя Дню настаўніка, прайшлі ў мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры.

З прафесійным святам педагогаў Ляхавіччыны павіншаваў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.

Да юбіляраў-ветэранаў — заўсёдная ўвага і пашана. Ад кіраўніка раёна яны атрымалі падарункі і кветкі. Шчыра і цёпла віталі педагогаў розных пакаленняў рабяты з СШ №1.

Адметнымі атрымаліся святочныя кампазіцыі-пажаданні, створаныя для сваіх калег калектывамі школ і дзіцячых садоў.

Са словамі прывітання да прысутных звярнулася начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская.

Святочная праграма (па аналогіі з тэлеперадачай “Жыць здорава!”) стала для ўсіх сапраўдным сюрпрызам, а выдатным дапаўненнем да яе – выступленне-віншаванне гімназістаў. Музычныя падарункі ў выкананні школьнікаў і настаўнікаў раёна чаргаваліся з уручэннем заслужаных узнагарод лепшым у прафесіі. Сярод больш як 40 адзначаных у гэты дзень – сапраўдныя майстры сваёй справы, творчыя і таленавітыя людзі. Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджана настаўніца біялогіі гімназіі Таццяна Галабокава.

У гонар усіх, хто звязаў жыццё з адукацыяй, гучалі добрыя словы павагі і ўдзячнасці за мудрасць, цярплівасць і адданасць прафесіі.

Педагагічная паэма тых, хто кожны дзень часцінку сваёй душы аддае дзецям, працягваеццца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *