Сябры па перапісцы. 9 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты.

Здавалася б, паштоўка ў стагоддзе інфармацыйных тэхналогій, блогаў, сацыяльных сетак стане незваротна адышоўшым рарытэтам. Але як прыемна атрымаць з рук паштальёна не толькі газеты і часопісы, а і прывітанне ад зусім незнаёмага чалавека. Такую магчымасць вось ужо 9 гадоў дае сусветны праект па абмене паштоўкамі паміж людзьмі з усяго свету – пасткросінг. Захапленне, якому ў Беларусі 6 гадоў, аб’яднала паміж сабой больш за 20 тысяч чалавек.

8 кастрычніка ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі Брэстчыны пройдзе “Дзень пасткросера”, у які прадугледжаны скідкі на паштовыя адпраўленні. Не застануцца ў баку і Ляхавічы. Тым больш, што кожны дзень праз РВПС праходзіць ад 10 да 20 паштовак з розных краін свету.

Пасткросінгам захапляюцца не толькі дзеці, але і дарослыя.

153 паштоўкі за паўтара гады атрымала з Азіі, Афрыкі, Еўропы ляхавічанка Яна Мароз. Самаму старэйшаму пасткросеру, які даслаў ёй паштоўку, было 53 гады, малодшаму – 6.

У сваіх пасланнях сябры па перапісцы апісваюць краіну, у якой жывуць, традыцыі і ўласныя захапленні. Перапіска вядзецца на той мове, якую ўказваюць пры рэгістрацыі на афіцыйным сайце анлайн-праекта (як правіла, гэта англійская). Таму, акрамя цікавых знаёмстваў і далучэння да розных культур, удасканальваюцца і развіваюцца камунікатыўныя навыкі, з’яўляецца дадатковы стымул для вывучэння мовы.

Сваю першую паштоўку месяц назад атрымала ад дзяўчынкі са Швецыі і 16- гадовая Анастасія Мацкевіч з Ляхавіч.

Кожны з удзельнікаў праекта стараецца адправіць часцінку сваёй краіны – паштоўкі з краявідамі і славутасцямі. Многія аддаюць перавагу паштоўкам, зробленым сваімі рукамі, – ёсць у райцэнтры і такія ўмельцы.

Пасткросінг аб’ядноўвае людзей і культуры, сцірае межы і адлегласці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта http://www.open.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *