Шчаслівая пяцёрка

Няма большага шчасця для жанчыны, чым выхоўваць дзяцей, радавацца іх поспехам. Ляхавічанка Аксана Гатоўчыц надзвычай шчаслівая. Ласкавых слоў і шчырых дзіцячых прызнанняў, пяшчотных абдымкаў яна атрымлівае ўтрая больш. Міхаліна, Аліна, Улад – ­ вось галоўны скарб яе жыцця і крынічка душэўнага цяпла. А яшчэ муж Валянцін – моцнае плячо і надзейная апора.

Стаўшы настаўнікам біялогіі, Аксана ажыццявіла сваю яшчэ дзіцячую мару. Амаль 7 гадоў яна сумяшчае настаўніцтва з адміністрацыйнай дзейнасцю: Аксана Віктараўна намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце. Адказная пасада патрабуе шмат часу і ўвагі, але родныя ва ўсім яе падтрымліваюць і разумеюць.

Спраўдзіліся і іншыя запаветныя мары. Калісьці маладой пары падарылі альбом, каб занатоўвалі летапіс сям’і. Калі праз дзясятак гадоў адкрылі яго, прачыталі “хочам свой дом, сад і трое дзяцей” – убачылі, што жаданні ўвасобіліся ў рэальнасць.

Галава сям’і Валянцін працуе слесарам у аўтацэнтры “Вікторыя”. Гаспадарлівы, майстар на ўсе рукі. Каваныя элементы ганка, ложак і іншыя металічныя шэдэўры – яго аўтарства. Сам сабраў трактар і прычапное да яго. Дзесяцігадовы сын Улад, як і бацька, любіць што-небудзь майстраваць. Займаецца разьбой па дрэве, захапляецца вырабам сувеніраў з прыроднага матэрыялу, любіць паганяць у футбол і наведвае секцыю па гандболе.

У Гатоўчыцаў не дзеляць абавязкі, а ўсё робяць разам. Разам і сад пасадзілі, які вясной апранаецца ў белую квецень, а восенню частуе багатым ураджаем.

Прыгожая палова сям’і – таксама натуры творчыя і таленавітыя.

– Мама ў нас выдатны кулінар, а як вяжа! – з гонарам апавядае старэйшая Міхаліна.

Будзь гатовы! Заўсёды Гатоўчыц!

Яна, дарэчы, сёлета атрымала дыплом Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа і працуе ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі акампаніятарам, віртуозна іграе на скрыпцы, спявае – заслухаешся. У Аліны саксафон у руках, без перабольшвання, “крылаты інструмент”. Яна вучыцца ў 8 класе і марыць стаць ветэрынарам. Дома ў дзяўчынкі цэлая кампанія падапечных: чатыры сабакі і кот. А якія выпякае тарты – не горшыя за маміны.

Дзяўчынкі, як і мама, ствараюць з дапамогай пруткоў і нітак сапраўдную прыгажосць. У Аліны з лямца атрымліваюцца арыгінальныя ўпрыгожанні і іншыя цікавыя дробязі.

Усё ў гэтай сям’і падпарадкавана інтарэсам дзяцей. Яны – завадатары многіх спраў, ініцыятары шматлікіх паходаў і падарожжаў. Наогул, здаровы і актыўны лад жыцця тут у пашане. Кожную пятніцу Гатоўчыцаў можна ўбачыць у басейне ў Клецку.

Шануюць у сям’і традыцыі, закладзеныя бабулямі і дзядулямі, вельмі моцныя сямейныя сувязі. Летам у вялікім гасцінным доме збіраюцца родныя, якія прыязджаюць з Расіі. Падчас такіх сямейных “справаздач” кожны спяшаецца падзяліцца сваімі дасягненнямі і поспехамі. Міхаліна з Алінай спяваюць, а Уладзік прэзентуе ўласныя вырабы.

– Радуе і адначасова засмучае, што дзеці так хутка выраслі. Затое мне адначасова і 19 , і 13, і 10 гадоў. І з кожным з рабят я на адной хвалі, – дзеліцца Аксана. І сціпла маўчыць пра тое, што менавіта яна – сэрца і няспынны рухавік вялікай сям’і, дзе шчырасць і любоў ствараюць атмасферу дабрыні, узаемаразумення і ўзаемападтрымкі.

Улад заўсёды з радасцю віншуе любімую маму.

Ім уласціва ўменне бачыць усё добрае і не звяртаць увагі на нейкія дробязі, радавацца кожнаму пражытаму дню і імгненням, праведзеным разам.

Некалькі месяцаў назад у раённым конкурсе “Сям’я года” шчаслівая пяцёрка стала пераможцай.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара

і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *