На работу- на сцэну. 12 кастрычніка Дзень работнікаў культуры адзначалі на Ляхавіччыне

У мінулую сераду прадстаўнікі “культурных” арганізацый Брэстчыны сабраліся са святочнай нагоды. На гэты раз, каб прыняць віншаванні з прафесійным святам – Днём работнікаў культуры. Гасцей з усіх раёнаў вобласці шчыра вітала Маларыта. Дэлегацыю Ляхавіччыны ўзначаліў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Дабрыянец.

З прафесійным святам культработнікаў віншавалі старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў.

Лепшым з лепшых былі ўручаны граматы, падзячныя пісьмы і падарункі, а самадзейныя калектывы Маларыты падрыхтавалі для калег канцэрт.

Перад пачаткам канцэртна-ўшанавальнай праграмы ляхавічане наведалі мясцовы Дом рамёстваў і пабывалі ў рэканструяванай бібліятэцы.

Праз дзень свята мела працяг і на Ляхавіччыне. 10 кастрычніка ў ГДК ушаноўвалі калектывы гарадскіх і сельскіх устаноў культуры, бібліятэк, школ мастацтваў, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Са словамі віншаванняў да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Ён уручыў Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы ад раённай улады шэрагу культработнікаў. Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама атрымалі акампаніятар Навасёлкаўскага СДК Іван Пішч і намеснік дырэктара па рабоце з дзецьмі Ляхавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Арлоўская. Дыплом Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры за лепшую арганізацыю і правядзенне культурных мерапрыемстваў для ўдзельнікаў жніва-2014 уручаны вакальнай групе Падлескага народнага хора (мастацкі кіраўнік Галіна Мазюк).

Песнямі, танцамі, гумарэскамі віншавалі ляхавіцкіх калег самадзейныя артысты з Ганцавіч. У адказ народная эстрадная студыя “Экспрэс” у гэты дзень адправілася з візітам у Ганцавічы, народны ансамбль народнай песні “Крыніца” – у Івацэвічы.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *