Дзе рой, там рай. Жыве ў Сваятычах Ляхавіцкага раёна патомны пчаляр

Патомны пчаляр Уладзімір Палівода

Такое выказванне – дзе рой, там рай – чуць даводзілася неаднойчы, у розных месцах і ад розных людзей. Якой бы прыгожай ні была мясцовасць, наколькі б утульным для жыцця, прывольным не здавалася месца, у любым выпадку з’яўленне там пчальніка надасць яму асаблівы каларыт, узнёсласць.

Усё жыццё жыхара вёскі Сваятычы Уладзіміра Паліводы звязана з пчоламі. Падпарадкавана гэтым дзівосным стварэнням прыроды. “Патомны пчаляр”, — як ён сам сябе характарызуе. Жылі ў Клецкім раёне. Колькі Уладзімір Мікалаевіч сябе памятае, – бацька трымаў пчальнік. А гэта, як мінімум,

7 дзясяткаў гадоў з 77 ім пражытых. Спачатку хутчэй замінаў у штодзённых клопатах бацькі вакол пчолак: сваімі пытаннямі не заўсёды ўпапад і пад руку, цікаўнасцю, спробамі праявіць ініцыятыву. Але тым самым і вучыўся, асвойваў нялёгкае мастацтва “хадзіць” за пчолкамі. Іменна да мастацтва можна аднесці бортніцтва, а не, напрыклад, да рамяства.

Кажуць, калі знайсці сабе справу па душы, працаваць не давядзецца ні дня. Каля паўтара дзясятка гадоў захапленне Уладзіміра Паліводы з’яўлялася і яго работай. Быў штатным пчаляром, адказваў за пчальнік у СВК “Жарабковічы”. Меў цудоўны “салодкі” вынік, карыстаўся і карыстаецца павагай, засталіся ўдзячныя вучні па тонкай справе бортніцтва.

І вось новы паварот, новая прыступка ў біяграфіі вопытнага пчаляра, неабыякавага і актыўнага чалавека. Месяц ці некалькі больш часу таму ў Сваятычах пад магутным, у тры абхваты дубам з’явіўся самадзейны “апітэрапеўтычны пункт”. Ідэя была “запатэнтавана” ў адной з публікацый, а пытанні арганізацыі Уладзімір Мікалаевіч раздзяліў з суседам. У чым сутнасць? Некалькі вулляў з адкрытым верхам, па-над імі – ложак. Пчолкі жывуць сваім жыццём, сваімі спрадвечнымі клопатамі. Трансфармацыя сабранага нектару ў мёд суправаджаецца складанымі працэсамі. У тым ліку маюць месца выпарэнні, цэлы букет гаючых водараў. Уладзімір Мікалаевіч сцвярджае, што выпарэнні праполісу, кветкавага пылку, многіх іншых сабраных у вуллі інгрэдыентаў-рэчываў прыносяць аздараўленчы эфект. Не верыце? Маеце права, але ж факт, што шкоды ад падобных кантактаў з пчолкамі і ўсім, што вакол іх, – відавочна няма.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *