Уся ўвага каралеве

Нібы сама прырода прыйшла на дапамогу селяніну: надвор’е сонечнае і цёплае. Але разлічваць восенню на гэтую бясконцую шчодрасць нельга: сёння сонца, заўтра – замаразкі. Большасць гаспадарак раёна спланавала сваю работу так, каб за іншымі клопатамі не заставалася без увагі і кукуруза, што складае аснову кармавой базы. Дзякуючы своечасовай уборцы гэтай культуры і закладцы сіласу, адчувальна папоўнілі свае кармавыя запасы СВК “Ляхавіцкі”, які атрымаў 8283 тоны кукурузнай масы і намалаціў 952 тоны зерня, ДП “Нача”, дзе назапасілі 7820 тону корму з 265 гектараў, а цяпер убіраюць кукурузу на зерне. ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” наогул усе 815 гектараў скасіў на сілас і зялёны корм жывёле, нарыхтаваўшы 15709 тон кукурузнай масы. Дзякуючы эфектыўнай рабоце мехатрада райаграсэрвіса, істотна папоўнілі свае кармавыя запасы СВК”Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, “Тальмінавічы”. Завяршылі ўборку кукурузы на сілас 7 сельгаспрадпрыемстваў раёна, СВК “Ляхавіцкі”абмалаціў і зерне.

Сёлета кукуруза адчувае сябе сапраўднай “каралевай палёў” у СВК “Шлях новы” і “Жарабковічы”, дзе пасевы складаюць адпаведна 1460 і 1132 гектары. І калі ў Навасёлках ужо ўбралі 930 гектараў на сілас і на 68 – абмалацілі зерне (нарыхтавана 18,5 цэнтнера кармавых адзінак), то ў Жарабковічах уборка зацягнута. Усяго некалькі дзён, як і там закіпела работа: задзейнічаны 2 кормаўборачныя комплексы сельгаскааператыва, на дапамогу прыйшоў “Ягуар” з райаграсэрвісу і мехатрад з Лунінецкага раёна. Адначасова ідзе нарыхтоўка і закладка сіласнай масы, якую ўтрамбоўваюць 3 адзінкі цяжкай тэхнікі. На вызначаных участках кукуруза ўбіраецца на зерне. За дзень накошваюць больш як 1000 тон масы. Убрана 29,7 працэнта ад запланаванага і на 23 гектарах кукуруза абмалочана на зерне. Ураджайнасць гэтай культуры ў СВК “Жарабковічы” самая высокая ў раёне: кукурузная маса дае па 323 цэнтнеры з гектара, а намалоты зерня складаюць 110,9 цэнтнера з гектара. Толькі б не страціць вырашчанае з-за запозненага пачатку работ. Дарэчы, прамаруджванне “Жарабковічаў” адмоўна паўплывала і на агульнараённы паказчык: па раёне скошана 73,7 працэнта кукурузы на сілас і 30,7 працэнта – на зерне.

Марудна ідуць работы і ў ЗАТ “Белпрампрыбор”, дзе вядуць закладку сіласнай масы, а да ўборкі кукурузы на зерне не прыступалі, хоць належыць абмалаціць яе з 60 гектараў палеткаў.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *