Усё на продаж, ці Кірмаш у Ляхавічах атрымаўся

Могуць, калі захочуць! Гэтыя словы ў дачыненні і арганізатараў, і тых, хто выставіў на продаж разнастайны тавар, неаднойчы гучалі ў мінулую суботу падчас восеньскага кірмашу ў Ляхавічах. Як і паабяцаў аргкамітэт са старонак “ЛВ”, на кірмашы 11 кастрычніка ўсяго было шмат.

Была прадумана схема размяшчэння машын з таварам, павільёнаў і г.д. Для аўтатранспарту, на якім прыехалі за пакупкамі, адвялі стаянку каля рыначнай плошчы і ў пачатку вуліцы Цітовіча. Да гандлёвых радоў дазваляўся ўезд толькі на веласіпедах.

Парадаваў асартымент — хапала ўсяго. Не было пакупніцкага ажыятажу, як на папярэднім, напрыклад, на пшаніцу. Каля 10 гадзін раніцы з машын СВК “Жарабковічы” і “Ляхавіцкі” яшчэ прадавалі зерне. Парадаваў гараджан сваёй агароднінай СВК “Востраў-Агра”. “Вам цыбульку меншую ці вялікую”, — ветліва прапаноўвалі прадаўцы пакупнікам гэту гародніну па 3 тысячы рублёў за кілаграм. Карысталася попытам і морква, вырашчаная ў той жа гаспадарцы. Свой фірменны прадукт — мёд — вывез на кірмаш ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”. У мясным павільёне хапала жадаючых купіць свежую бараніну з “Жарабковічаў”.

Фермерскія гаспадаркі былі на ўзроўні, між іншым, як і заўсёды. Морква, капуста, буракі, перац, памідоры, яблыкі – выбірай на любы густ і кошт. Куплялі кілаграмамі, сеткамі, некаторыя заносілі тавар дадому, каштавалі і вярталіся за чарговай порцыяй. Давялося стаць сведкай размовы жанчыны па тэлефоне: “Прыехалі ў Баранавічы? Вяртайцеся назад. На кірмашы ўсяго хапае і цэны ніжэйшыя, чым там”.

Як гаворыцца, да месца прыйшліся і заезжыя гандляры, якія па прымальных цэнах прапаноўвалі вязаныя шарсцяныя рэчы, а таксама самаробныя ўпрыгожванні, карціны, іншы спадарожны тавар. Але чамусьці зноў не парадаваў гараджан ураджаем яблыкаў з уласнага саду ЛДАК, не прадавалі і саджанцаў.

І ўсё ж па меркаванні многіх, лідарам па папулярнасці сярод тых, хто гандляваў на кірмашы, было ляхавіцкае райпо (выручка склала больш за 27 мільёнаў рублёў): садавіна і агародніна прадавалася ў некалькіх месцах, прапаноўваўся багаты асартымент мясных вырабаў і паўфабрыкатаў, прычым і ў мясным павільёне, і з халадзільных вітрын на рыначнай плошчы. Сваіх пакупнікоў знайшла кулінарная прадукцыя ад ляхавіцкіх кандытараў і хлебапёкаў. Нялішнім было і музычнае аздабленне. На гэты раз задаволена кірмашом была абсалютная большасць пакупнікоў.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *