Заслаўская грамата /фота/

Беларускі саюз жанчын і Міністэрства інфармацыі запрасілі ў Заслаўе шматдзетных мам, актывістак Саюза і журналістаў напярэдадні пяшчотных святаў – Дня маці і Пакрова  Прасвятой Багародзіцы

Букет сонечных промняў шчодра рассыпаўся па Заслаўі, пераблытаўся з казачных колераў лісцем, апошнімі восеньскімі кветкамі. У гэтым старажытным, непаўторнай прыгажосці горадзе аўра святла і светласці, мудрасці і мужнасці, высакароднай кніжнасці і слаўнай гісторыі – такая вось Заслаўская грамата, зразумелая і годная. Надзвычай душэўнай і цёплай была і сустрэча, якую Беларускі саюз жанчын і Міністэрства інфармацыі арганізавалі менавіта тут, дзе яркасць сучаснасці падкрэсліваецца выразнымі фрагментамі даўніны; дзе і стары, і малы ведае гістарычныя імёны Ізяслава, Рагнеды, дагэтуль мае магчымасць прыйсці да старадаўняга гарадзішча “Вал”, спусціцца да Спаса-Праабражэнскай царквы, пабудаванай у ХVІ-ХVІІ стагоддзях… У гэтым намоленым храме літургіяй і пачалося дзейства ў гонар мам, якое невыпадкова супала – супала па сэнсе і па часе – з днём, калі праваслаўныя вернікі рыхтаваліся ўшаноўваць свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

Галоўнымі гераінямі суботняй падзеі былі шматдзетныя мамы з розных куткоў Беларусі – 25 удзельніц сумеснага праекта Беларускага Саюза жанчын і Міністэрства інфармацыі «Матуля родная – выток жыцця, калыска дабрыні». У многіх з іх ёсць дзіця-інвалід. Як жа патрэбна гэтым моцным слабым жанчынам боская падтрымка, дзяржаўны клопат, сямейная ўзаемадапамога.

Сустаршыня ГА “Беларускі саюз жанчын” Антаніна Морава трапна ўзгадала жартаўлівае: у жанчын усяго два недахопы – толькі дзве рукі… Але як многа яны паспяваюць, якія пяшчотныя, якія напрацаваныя, якія незаменныя гэтыя рукі…

Помнік слаўнаму князю Ізяславу- візітоўка Заслаўя

Вамі па праву можна ганарыцца, дарагія сяброўкі. Вамі ганарыцца, на вас спадзяецца і краіна, і сям’я. Старшыня Беларускага саюза жанчын Надзея Ермакова звярнулася да ўдзельніц свята, як да блізкіх і любімых людзей.

Моцная сям’я – моцная дзяржава. І для жаночай арганізацыі, і для Міністэрства інфармацыі гэты напрамак дзейнасці сярод галоўных. Не выпадкова з году ў год яны арганізоўваюць творчы конкурс сярод сродкаў масавай інфармацыі, які так і называецца “Моцная сям’я – моцная дзяржава”. Падвядзенне яго вынікаў сёлета адбылося таксама ў Заслаўі. Міністр інфармацыі Лілія Ананіч і старшыня Беларускага саюза жанчын Надзея Ермакова ўручылі дыпломы пераможцам. Радасна і прыемна, што пераможцам рэспубліканскага творчага конкурсу ў намінацыі “Лепшыя матэрыялы ў друкаваных рэгіянальных СМІ” стала газета “Ляхавіцкі веснік”.

Лілія Станіславаўна падкрэсліла, як многа робіць дзяржава для ўмацавання сям’і, адзначыла, што маленькіх беларусаў нараджаецца ўсё больш, што трэба ў прэсе падтрымліваць гэты настрой на жыццё, фарміраваць культ сям’і.

Як глыток гаючага паветра – светлыя ўражанні ад сустрэчы ў Заслаўі, ад стасункаў з цудоўнымі людзьмі. Гэта стымул жыццёвы і творчы, момант ісціны, духоўнасці, душэўнасці.

Кветкі, падарункі, канцэрт у гонар сціплых гераінь – для іх, самых лепшых.

…А Тыдзень, прысвечаны мамам, працягваецца. І не трэба шукаць падставы, каб сказаць самаму блізкаму чалавеку пра сваю любоў да яго. Ці ўспомніць мамін голас, рукі, вочы.

Ды свяціцца імя тваё, мамачка…

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота аўтара.

Вакол Спаса-Праабражэнскага храма абрысы старадаўняга гарадзішча.

strong

One thought on “Заслаўская грамата /фота/

  • 16/10/2014 в 05:17
    Permalink

    Как всегда «ЛВ» на высоте! Вдвойне горд, что из области вы- единственные победители

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *