Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

На чужой “Аўдзі”

Не па-людску завяршыў адзін з дзён у верасні 18-гадовы ляхавічанін. Скарыстаўся тым, што ў салоне аўтамабіля, які стаяў каля яго дому па вуліцы Кастрычніцкай, знаёмы пакінуў ключы, хлопец ноччу завалодаў машынай. Пры руху па палявой дарозе паблізу ад райцэнтра не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перакуліўся.

Уладальнік “Аўдзі” напісаў заяву аб крадзяжы, і ў апошні дзень верасня раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па ч.1 арт.214 ККРБ.

Абышлося

9 кастрычніка каля 16 гадзін жыхар Светлагорска на аўтамабіле “Ніссан” з сям’ёй рухаўся па аўтадарозе Бабруйск – Івацэвічы. Ля вёскі Марынова не справіўся з кіраваннем і перакуліўся ў кювет. Сям’я звярнулася за меддапамогай, але ад шпіталізацыі адмовілася. Дзеці, якія знаходзіліся ў машыне, не пацярпелі.

Жывы-здаровы

На наступны дзень у 9.30 у “дзяжурку” РАУС патэлефанавала жыхарка вёскі Карані. Яна непакоілася, што яшчэ 5 кастрычніка каля 18 гадзін пайшоў з дому яе муж і дагэтуль пра яго нічога не вядома. Прынятымі мерамі вышуку яго месцазнаходжанне ўстаноўлена.

64-гадовы мужчына, як удакладніў сітуацыю першы намеснік начальніка РАУС Аляксандр Бурбіцкі, знайшоўся ў Баранавічах на Палескім чыгуначным вакзале. У “падарожжа”, нікога не папярэдзіўшы, адпраўляўся не першы раз. Родныя вымушаны былі звярнуцца ў міліцыю, таму што адсутнічаў пенсіянер больш як 5 дзён.

Жыццё даецца адзін раз…

Раніцай 11 кастрычніка ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС патэлефанавала жыхарка вёскі Конькі, якая ўбачыла ў двары ў пятлі цела суседа 1982 года нараджэння. Праверку па факце смерці праводзіць РАСК.

На дзень пазней у РАУС паведамілі з прыёмнага пакою аб тым, што ў бальніцу паступіў на лячэнне жыхар райцэнтра 1981 года нара-джэння з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і іншымі цялеснымі пашкоджаннямі.

У панядзелак,13 кастрычніка, з цялеснымі пашкоджаннямі дастаўлена на лячэнне ў райбальніцу пасля суіцыдальнай спробы і прыкметамі алкагольнага ап’янення, з іншародным целам у страўніку вяскоўка 1978 года нараджэння.

У гэты ж дзень спіс хворых стацыянара папоўніў ляхавічанін 1951 года нара-джэння з дыягназам ”атручванне невядомым ядам”.

Па ўсіх гэтых фактах праверку праводзіць РАУС.

Са зводкамі РАУС знаёмілася

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *