Нядрэмнае «вока». У школах Ляхавіцкага раёна ўстаноўлены камеры відэаназірання

Ва ўсіх 18 школах раёна напрыканцы верасня былі ўстаноўлены камеры відэаназірання. Гэта зроблена дзеля забеспячэння яшчэ большай бяспекі школьнікаў. З мясцовага бюджэту выдаткавана для азначаных мэт 62 мільёны рублёў.

Эфектыўнасць работы новага абсталявання адзначылі кіраўнікі школ, якія атрымалі магчымасць бачыць на экране “карцінку” таго, што адбываецца ў фае і на вуліцы.

– Новаўвядзенне ў нейкай ступені дысцыплінуе рабят, менш стала спазненняў на заняткі, — падкрэслівае дырэктар

СШ № 1 Наталля Кулак. З’яўленне камер рабяты спачатку ўспрынялі па-рознаму: нехта паводзіў сябе каля іх тэатральна, нехта доўга стаяў і разглядваў “вока”, а зараз ужо прывыклі. Усе разумеюць, што ўстаноўлена апаратура дзеля агульнай бяспекі. У сваёй школе за кошт спонсарскай дапамогі, устанавілі “зоркага вартаўніка” і ў гардэробе.

У ДЮСШ з’явіліся 3 падобныя прыстасаванні. Адна камера ў фае, 2 “глядзяць” на стадыён. Пры неабходнасці, любы дзень можна праглядзець у архіўных запісах.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *