Прапанова ад ляхавіцкіх валанцёраў

Самым актыўным ўдзельнікам гульні «Арыенцір» першы сакратар РК БРСМ Тамара Пракап’юк уручыла падарункі.

Прыемным сюрпрызам для пажылых людзей, якія на восеньскі кірмаш прыйшлі назапасіць на зіму агародніну і садавіну, стала прапанова ад валанцёраў. Вучні гарадскіх школ і гімназіі, бээрэсэмаўцы, дапамагалі данесці мяшкі, сумкі з таварам да машыны, аўтобуснага прыпынку, а некаторыя нават і да дома, пагрузіць на веласіпед. Ініцыятыва прыйшлася даспадобы і да месца не толькі сталым людзям, але і…самім валанцёрам. Пра гэта яны і расказалі “ЛВ”.

Улад Куніцкі, гімназіст:

— Спачатку было проста цікава паўдзельнічаць разам з сябрамі ў акцыі, потым захапіла – спадабалася. Класнае адчуванне — прыносіць карысць тым, хто менш абаронены і больш бездапаможны. Прыемна было бачыць радасць на тварах нашых падапечных ад таго, што пра іх клапоцяцца з жаданнем дапамагчы.

Ілья Кавальчук, вучань СШ № 1:

— На ўласным вопыце ўпэўніўся: калі дапамагаеш іншым, на сэрцы становіцца цяплей. Быць камусьці патрэбным — гэта здорава. Радасна ўсвядоміць, што пажылым людзям спатрэбілася падтрымка, клопат, дапамога.

Антон Чарапавіцкі, вучань СШ № 2:

— Яшчэ калі хадзіў у дзіцячы сад, бацькі вучылі, што неабходна дапамагаць і малодшым, і старым. У нашай сям’і выхоўваюцца паважлівыя адносіны адзін да аднаго. Увогуле, у валанцёрскай справе я не навічок. Калі пачуў пра акцыю, адгукнуўся на яе адразу. Перакананы, што такія неабходныя справы робяць свет дабрэйшым.

Каля 30 тысяч удзельнікаў сабрала сёлета рэспубліканская экалагічная акцыя “Чысты лес”, якая праводзілася ў краіне шосты раз. Прыняць удзел у ёй маглі ўсе жадаючыя. Што і зрабілі ляхавіцкія бээрэсэмаўскія актывісты — вучні СШ № 1, гімназіі, Тальмінавіцкай і Свяціцкай СШ, Конькаўскага ДС-СШ, агракаляджане.

На жаль, сёння яшчэ не ўсе разумеюць, што лес — наша багацце, якое патрабуе да сябе беражлівых адносін. Таму вельмі прыемна, што ініцыятыву Міністэрства лясной гаспадаркі і сёлета падтрымалі юныя ляхавічане, зазначаюць работнікі лясгаса.

Свой уклад у навядзенне парадку ў лесе ўнеслі і ляхавіцкія школьнікі.

Першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк абрадавалася таму, з якой гатоўнасцю рабяты далучыліся да “генеральнай” уборкі на прыбярэжнай паласе вадасховішча “Мінічы” каля вёсак Наберажная і Мыслабаж, а таксама паабапал аўтамабільных дарог. Ачышчалі ад смецця месцы, дзе любяць адпачываць землякі, на жаль, і смеціць.

Дарэчы, адначасова рабяты прынялі ўдзел і ў месячніку па зборы другаснай сыравіны. Яны паасобна збіралі шкло, паліэтылен (больш за 5 кубічных метраў), якія потым здалі ў нарыхтоўчыя пункты.

Але не толькі адным тыднем абмяжоўваецца ўдзел моладзі ў навядзенні парадку , працягваецца бээрэсэмаўская акцыя “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак”. Нашы юныя землякі з нецярпеннем чакаюць, калі будуць вызначаны ўчасткі для закладкі міні-сквераў, алей.

Не паспеў у краіне стартаваць адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”, як лідары БРСМ зафантанавалі ідэямі і прапановамі па фарміраванні актыўнай жыццёвай пазіцыі і светапогляду маладога пакалення, умацаванні ў грамадстве іміджу моладзі як актыўнай часткі насельніцтва, актывізацыі дзейнасці бээрэсэмаўскіх пярвічак. Спраў і напрамкаў дзейнасці не пералічыць. Можна і трэба разнастаіць адпачынак юнакоў і дзяўчат, захапіць іх гісторыяй свайго краю, выхоўваць пачуццё патрыятызму і гонару за Радзіму, яе гісторыю і зрабіць заўтрашні дзень больш насычаным, багатым і змястоўным на падзеі і добрыя ўчынкі.

У кастрычніку райкам ГА БРСМ сумесна з сакратарамі пярвічак арганізаваў для першакурснікаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа пазнавальную гульню “Арыенцір”. Яе мэта – пазнаёміць каляджан з гістарычнымі мясцінамі горада, славутымі землякамі. А яшчэ рабяты адказвалі на пытанні віктарыны “БРСМ: лічбы, факты, ідэі”.

Галіна КАНЬКО.

Фота з архіва райкама БРСМ.

Дапамога – у радасць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *