Гісторыя здароўя. Для соцень ляхавічан яна звязана з медыцынскай дынастыяй Васілевічаў

Той выпадак, калі дзяжурства ў Ігара Аляксандравіча і Марыны Іванаўны супалі.

“Красив избравший участь врачевать. Я знаю без апломба – это свято: величью белоснежного халата и помыслом, и делом отвечать”.

Месца працы Ігара і Марыны Васілевічаў – аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі райбальніцы. Ігар Аляксандравіч – урач-рэаніматолаг-анестэзіёлаг, Марына Іванаўна – медыцынская сястра. Рабочы тыдзень з выхаднымі ў суботу і нядзелю – гэта не пра іх. У іх, як і ў калег з аддзялення, свой метраном – па графіку дзяжурства і выхадныя. Бывае, супадаюць – тады Васілевічы разам на рабоце ці на адпачынку. Калі адзін з трох урачоў аддзялення ў водпуску, двое працуюць “суткі праз суткі”. У мінулым ліпені бачыла на ўласныя вочы, як гэта: урач Васілевіч – урач Саланенка… Не скардзіліся. Абсалютная ступень разумення і ўсведамлення прафесійных акалічнасцяў. У гэтым аддзяленні кругласутачны ўрачэбны пост.

Дык вось, калі Васілевічы абодва (ці разам?) на начным дзяжурстве, іх дочкі застаюцца пад наглядам бабулі Соф’і Тарасаўны. Удакладненне: так было да мінулага верасня. Цяпер з бабуляй застаецца толькі малодшая Ксюша. Саша стала першакурсніцай мінскага ўніверсітэта. Медыцынскага – хто б сумняваўся! Праўда, у адрозненне ад усіх Васілевічаў-”лячэбнікаў”, Аляксандра выбрала фармацэўтычны факультэт, дарэчы, вельмі запатрабаваны і папулярны сярод абітурыентаў-студэнтаў і высокабальны пры паступленні і залічэнні (паступаюць, як правіла, самыя падрыхтаваныя).

Мяркую, выбар на карысць белага халата ў дзяўчыны невыпадковы. Яна стане медыкам у трэцім пакаленні. Першымі ж былі яе бабуля Соф’я Тарасаўна і дзядуля Аляксандр Пятровіч – у Ляхавічах пра іх урачэбную практыку ўспамінаюць выключна з павагай.

— Я і цяпер, мусіць, каб вярнуць час, нікім іншым стаць бы не захацела. Здаецца нават, што і не змагла б — ва ўсякім разе рабіць нейкую другую справу і атрымліваць задавальненне, што менавіта ёю ты займаешся, – слухаю Соф’ю Тарасаўну і бачу яе той – з пачатку 60-х гадоў ужо мінулага стагоддзя.

…Першакласніца, “трасуся” перад кабінетам дзіцячага ўрача, заглядаю маме ў вочы: а ўкол рабіць не будуць, не хочу да доктара…І літаральна праз некалькі хвілін без страху адказваю на пытанні ўрача Соф’і Тарасаўны, і горла паказваю, і нават у голас смяюся ад казытлівага датыкнення фанендаскопа, і абяцаю піць усе таблеткі-мікстуры, каб хутчэй ачуняць. А яшчэ памятаю, што і тады голас доктара быў вельмі ўпэўненым. Такім як сёння. Ён ні кропелькі не змяніўся.

Соф’я Тарасаўна з унучкамі Аляксандрай і Ксеніяй.

Соф’я Тарасаўна паказвае фотаздымкі – іх у яе многа. Хаця і не было ў часы маладосці наварочаных фотаапаратаў, затое сябравалі Васілевічы з Гурыновічамі, а Уладзімір Іванавіч Гурыновіч, фотакар раёнкі, са сваім “Зенітам” не раставаўся ніколі. Адсюль і адлюстраваныя ў кадры моманты жыцця, якія так падштурхоўваюць да ўспамінаў.

…1961 год. Выпускнікі мінскага меда муж і жонка Аляксандр і Соф’я Васілевічы прыехалі па размеркаванні ў Ляхавічы, як сёння ўжо вядома, каб застацца тут на ўсё жыццё. Ажаніліся на шостым курсе. Аляксандр Пятровіч да інстытута закончыў медвучылішча і 3 гады фельчарстваваў. Маладзейшая за яго на 6 гадоў Соф’я Тарасаўна паступіла адразу пасля школы, якую скончыла з залатым медалём. Ён з Калпеніцы, яна з-пад Старобіна. Але маглі б у Мінску застацца: у час вучобы студэнт Васілевіч паспяваў працаваць у адной з медыцынскіх устаноў, дзе яму прапаноўвалі пастаяннае месца. Ды хацелася бліжэй да дому…

Педыятрычнага факультэта ў сталічным інстытуце тады не было, затое на апошнім курсе стварылі педыятрычную групу, якую пакінулі праходзіць практыку ў Мінску. Студэнтка Соня Васілевіч у гэту групу запісалася па ўласным жаданні. І нібы паставіла кропку ў ваганнях наконт спецыялізацыі – выбар зроблены. У Ляхавічах адразу была прызначана ўчастковым педыятрам. Дзіцячая кансультацыя мясцілася ў будынку па вуліцы Мінскай, потым пераехалі ў новую паліклініку. Соф’я Тарасаўна загадвала дзіцячым аддзяленнем і ў стацыянары, і на амбулаторным прыёме.

Выдатным чалавекам і ўрачом быў Аляксандр Пятровіч.

Аляксандра Пятровіча землякі старэйшага пакалення памятаюць як уважлівага, выдатнага лор-урача, і дагэтуль карыстаюцца калісьці пачутымі ад яго парадамі. Дарэчы, перад пачаткам практыкі оталарынголага ён пэўны час займаўся фтызіятрыяй. Поплеч працавалі ўрачы Папроцкія, Новікі (з Новікамі аднакурснікамі былі), іншыя цудоўныя калегі. Работы было надзвычай многа, пацыентаў — таксама. Насельніцтва раёна па колькасці ці не ўдвая перавышала сённяшняе. І дыягназы ставіліся складаныя, і хваробы выяўляліся нечаканыя, і ўмовы жыцця былі далёкімі ад сённяшніх. Але спраўляліся. Але атрымлівалася. Але было цікава і дачыняльна да ўсяго.

Маладым спецыялістам Васілевічам у першы год іх работы ўручылі ключы ад кватэры, а атрымалася, вобразна кажучы, што гэта былі ключы да іх шчодрых сэрцаў. І шчодрасцю сваёй прафесійнай, высокакласнай яны дзяліліся з землякамі без ваганняў, па сумленні. Аляксандр Пятровіч пайшоў на пенсію ў 1998-м, Соф’я Тарасаўна – праз год. Ён і цяпер нібы побач з ёю, вельмі надзейны, прыстойны, добры і ўважлівы…

Дарэчы, у старэйшым пакаленні Васілевічаў ёсць яшчэ адзін таленавіты ўрач – сястра Аляксандра Пятровіча Ірына Пятроўна. Яе добра ведаюць у Баранавічах, ды і многія ляхавічане звярталіся: практыкавала ў баранавіцкай дзіцячай бальніцы і першай з урачоў асвоіла УЗІ-дыягностыку сэрца.

Дзеці старэйшых Васілевічаў — Ларыса і Ігар – закончылі школу з медалямі. Працягвае сямейную медыцынскую дынастыю сын. Ігар Аляксандравіч закончыў той жа інстытут, што і ягоныя бацькі, дарэчы, педыятрычны факультэт. Але ў заяўцы на маладога спецыяліста значылася, што на работу патрабуецца дзіцячы рэаніматолаг. Гэта, так бы мовіць, “вышэйшы пілатаж” спецыялізацыі. Згадзіўся, прайшоў курсы. У нашай райбальніцы Ігар Аляксандравіч нязменна працуе ў самым экстрэмальным аддзяленні – інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі. Немітуслівы, упэўнены і спакойны, да ўсяго іншага выдатны псіхолаг, а галоўнае – высокакваліфікаваны профі, урач першай катэгорыі. Ён з тых, хто ўмее чуць пацыента ў любой сітуацыі – нават тады, калі той не ў стане гаварыць. Ён з тых, хто не толькі з дапамогай ведаў, лекаў, сучаснейшай апаратуры, але і ў прамым сэнсе рукамі сваімі, якія так бясконца многа могуць, змагаецца за здароўе і жыццё пацыентаў. Незалежна ад узросту хворага, незалежна ад любых іншых акалічнасцяў, робіць усё, што ў яго сілах, каб дапамагчы. Нешматслоўны і вельмі надзейны доктар Васілевіч радуецца, калі ўсё атрымліваецца добра і чалавек ідзе на папраўку. І, канешне, не праходзіць бясследна ні адзін выпадак, пра які гавораць “медыцына тут бяссільная”…

Калектыў аддзялення нешматлікі, але гэта калегі, паплечнікі, сябры. Марына Васілевіч – медсястра – добрая, міласэрная, спагадлівая. Здаецца, яна, як і яе сяброўкі з рэанімацыі, ведае сакрэты суцішэння болю. Выратавальныя кропельніцы, уколы, таблеткі, ненавязлівая ўвага і бясконцая ўважлівасць – як без іх?! Яна робіць адну агульную з мужам справу. Які выразны штрых у журналісцкі блакнот, і як жа няпроста гэта ў жыцці, асабліва калі гаворка пра медыкаў. Гэта на рабоце яна ў адной іпастасі – медсястра, а дома – мама, жонка, нявестка, гаспадыня. Дасціпная, умелая, нястомная, незаменная. І надзвычай абаяльная жанчына – яе дзяўчынкі хочуць быць ва ўсім на маму падобнымі.

…Чамусьці менавіта медыцына, такая складаная, такая турботная, хаця і заўсёды патрэбная, пераходзіць даволі часта “ў спадчыну”: дзецям ад бацькоў, унукам ад дзядуль-бабуль. Вось і ў Васілевічаў-”сярэдніх” дачка Саша пацвердзіла гэта сваім выбарам. Яна не крок у крок паўтарае іх шлях – ідзе па сваім, але таксама медыцынскім. І гэта так прыгожа, так многа расказвае пра ўсіх Васілевічаў і іх павагу да сваёй работы. Кім стане меншанькая Ксюша, пакажа час: не так важна, медыцына гэта будзе ці не, — галоўнае, каб вырас і адбыўся добры чалавек.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

і з сямейнага архіва Васілевічаў.

2 thoughts on “Гісторыя здароўя. Для соцень ляхавічан яна звязана з медыцынскай дынастыяй Васілевічаў

  • 29/10/2014 в 10:18
    Permalink

    Спасибо за статью. Очень важно, что на страницах газеты рассказывают про такие замечательные династии. Василевичам многие могут сказать спасибо за возвращённые здоровье, веру и вселение надежды на то, что и в дальнейшем будет всё хорошо. Навсегда и в моей памяти останется то, с какой теплотой и вниманием Софья Тарасовна отнеслась к моему сыну, когда он заболел. А про всех, кто сейчас работает в отделении интенсивной терапии и реанимации райбольницы можно без преувеличения сказать: суперпрофессионалы и доброй души люди.

  • 30/10/2014 в 19:18
    Permalink

    Александр Петрович мне гланды в 7 классе удалил))) Об ангине с тех пор забыла. Во время и правильно моей маме диагноз поставил, 38 лет после онкологии живет. Спасибо.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *