Хлебная прафесія. У Ляхавіцкім раёне захаваўся млын 1903 года пабудовы

Ганаровай некалі лічылася прафесія млынара. У вёсцы ён быў ледзь не галоўным чалавекам, ад якога залежала якасць мукі, а значыць і смак спечанага хлеба.

Да сённяшняга дня захаваўся ў вёсцы Мядзведзічы млын, пабудаваны 111 гадоў назад. Па звестках музея мясцовай школы, млын быў аснашчаны паравой машынай магутнасцю 15 конскіх сіл, і працавалі на ім шасцёра чалавек. Гадавая вытворчасць складала 30 тысяч пудоў мукі.

Пазней застаўся толькі вадзяны млын. Калі перайшоў у калгасную ўласнасць, быў падключаны да электрычнасці. 82-гадовы Міхаіл Масель працаваў на млыне племзавода “Ганчароўскі” і быў тут перадапошнім млынаром. Расказвае, што электраматор, які рухаў жорны, дазваляў кожны месяц намалоць пад 100 тон мукі. Ішла яна не толькі на корм жывёле. Пасля жніва, людзі вязлі малоць зерне – кожны прыезд быў вялікім святам. Муку пасля прасейвалі і пяклі смачны хлеб, духмяныя караваі.

Працаваў млын аж да расфарміравання гаспадаркі, а цяпер гэта своеасаблівы помнік гісторыі, гісторыі шляху хлеба да стала чалавека.

Некалі ў беларускай вёсцы 25 кастрычніка адзначалі свята млынара. Вось і ўзгадаўся мядзведзіцкі млын.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва Мядзведзіцкай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *