Бяда на дарозе. 26 кастрычніка ў Ляхавіцкім раёне ўчынены наезд на веласіпедыста

26 кастрычніка ў 19.35 на аўтадарозе Клецк – Ляхавічы каля вёскі Жарабковічы вадзіцель філіяла “Кааптранс” на ўласным “Пежо-306” учыніў наезд на веласіпедыста, які рухаўся па краю праезнай часткі дарогі ў спадарожным накірунку. Палявод СВК “Жарабковічы” – жыхар в. Канюхі 1983 года нараджэння – ад атрыманых траўмаў памёр на месцы. Вадзіцель цвярозы. Участак дарогі не асвятляецца. Веласіпедыст быў абсталяваны святлоадбівальнымі элементамі. Усе акалічнасці правяраюцца і ўдакладняюцца.

Чалавек за рулём ні на хвіліну не павінен расслабляцца, а думаць і пралічваць свае дзеянні, тым больш у складаных умовах надвор’я: галаледзіца, туман і г. д.

З прыходам зімы неабходна змяніць на аўтамабілі шчоткі, заліць у бачок амывальніка незамярзаючую вадкасць, а таксама ўстанавіць зімовую рызіну. Не эканомце на гэтых дробязях, таму што ў непагадзь дробязяў не бывае!

На 31 кастрычніка запланаваны адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: “Хутка зіма – рыхтуемся разам!”, а 30 кастрычніка на тэрыторыі раёна будуць праводзіцца мерапрыемствы пад назвай “Вучэбны аўтамабіль”.

Дзяржаўтаінспекцыя просіць пра ўсе факты парушэнняў правілаў дарожнага руху вадзіцелямі і пешаходамі, у тым ліку аб знаходжанні апошніх на праезнай частцы ў нецвярозым стане, паведамляць па тэлефоне 102.

Мікалай ДЫЛЕЎСКІ,

старшы дзяржаўтаінспектар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *