Людзі на зямлі. 40 працэнтаў агародніны Ляхавіцкага раёна збіраецца з фермерскіх надзелаў

Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Машэй М. В.» Мікалай Машэй з сынам Паўлам – на адным з восеньскіх кірмашоў у Ляхавічах.

Праца на зямлі, нават калі пад гэтым разумець аматарскія клопаты на 4-6 дачных сотках, – справа няпростая. Каб спадзявацца на ўраджайны вынік, неабходна спачатку атрымаць пэўныя веды, выпрацаваць навыкі, мець час і ўмець яго рацыянальна выкарыстоўваць. Гэта бы першасны, на ўзроўні хобі мінімум, які шматразова саступае неабходным базавым пазнанням і дзелавым якасцям, асаблівасцям характару прафесіяналаў аграрнай справы.

Буйныя, накшталт сельгаскааператываў, вытворчыя адзінкі маюць свае перавагі. У тым, напрыклад, што могуць дазволіць сабе штат вузка-галіновых спецыялістаў: у агранома, эканаміста, бухгалтара, механізатара,

вадзіцеля і іншых кола звыклых абавязкаў, глыбокі вопыт. Шырокі спецыяліст у вузкай галіне пры любых умовах дасць фору спецыялісту ўніверсалу: у прадукцыйнасці працы, выканальніцкай якасці, большым каэфіцыенце карыснага дзеяння. З іншага боку, універсалу не выпадае і дзяліцца з некім прыбыткамі. Што зрабіў-зарабіў, тое тваё.

З вобразам такіх вось рукаста-галавастых універсалаў – і швец, і жнец, і далей па тэксце – хочацца параўнаць і прадставіць фермераў. Людзей, якія не толькі самі жывуць з кавалка зямлі, але і даволі часта даюць працу і заробак іншым людзям.

Дык які ж выгляд, канфігурацыю, спецыялізацыю ўяўляе сабой фермерскае поле Ляхавіцкага раёна, наколькі яно вялікае? Па падліку на пачатак года, у нас зарэгістравана 19 фермерскіх гаспадарак. У распараджэнні фермераў знаходзіцца 830 гектараў зямельных угоддзяў, у тым ліку 804 гектары зямель сельскагаспадарчага прызначэння, з якіх 559 – ворыва. Не надта ўжо і шмат: фермерскі “клінок” складае ўсяго 2 працэнты ад раённага сельскагаспадарчага кліна. Найбольшымі надзеламі – у каго 100, а ў каго і амаль 190 гектараў – валодаюць 4 фермерскія гаспадаркі: “Уладзімір плюс”, “Вялікае Падлессе-Агра”, “ЖарСк” і “Даманскае”. На фоне сказанага, зусім не радавой здаецца акалічнасць, што кожны з кіраўнікоў квартэта найбольш магутных фермерскіх гаспадарак мае вышэйшую адукацыю, вопыт работы на розных адказных пасадах, у тым ліку і ў дзяржаўным сектары аграрнай вытворчасці. Канешне, адукацыя, спецыяльны і ўпраўленчы вопыт не служаць гарантыяй паспяховасці вядзення фермерскай гаспадаркі. Але гэта глыбокая тэорыя і спецыяльная практыка – катэгорыі, без чаго разлічваць на поспех увогуле не даводзіцца. Надзелам у 5 і менш гектараў зямлі валодаюць 2 фермерскія гаспадаркі раёна, адна — 5-10 і яшчэ адна — 10-20 гектараў. Іншыя гаспадараць на 26, 31, 42 і г. д. гектарах, а ёсць і такія, каму для вядзення справы дастаткова і “сотак”. Напрыклад, гаспадаркам жывёлагадоўчага профілю.

Дарэчы аб профілі, аб вытворчай спецыялізацыі нашых фермераў. Абсалютны прыярытэт – за раслінаводствам. Вырошчваннем і рэалізацыяй прадукцыі палёў займаюцца 17 з 19 зарэгістраваных на пачатак года “ферм” раёна. І, як лёгка падлічыць, толькі 2 з’яўляюцца фермамі без двухкосся, у звыклым для нас сэнсе. Адзін фермер-жывёлавод спецыялізуецца на гадоўлі трусоў.

У гэтым адметнасць, а надвор’е ў прыватным аграрным сектары раёна робяць раслінаводы. Поўная вытворча-эканамічная карціна года бягучага пакуль канчаткова не сфарміравана. Таму для ілюстрацыі ўдзелу фермераў у фарміраванні агульнараённых аб’ёмаў вытворчасці раслінаводчай прадукцыі адштурхнёмся ад сельгассезона-2013. Тады пры ўраджайнасці 32,6 цэнтнера з гектара аграрыі-прыватнікі сабралі 703 тоны зерня, ці 1,2 працэнта ад агульнараённага збору. Вышэй сярэднераённай ураджайнасці хлеба – 35,9 цэнтнера на круг – атрымалі ФГ “Шавялі”, “Вялікае Падлессе-Агра”, “Улазавічы”. 9936 тон цукровых буракоў (11 працэнтаў у агульным аб’ёме) атрымана з фермерскіх палеткаў. Пры тым, што іх ураджайнасць – 578 цэнтнераў з гектара – на 46 цэнтнераў перавысіла сярэднераённы паказчык. Асабліва вызначыліся “Даманскае” – 709, “Вялікае Падлессе-Агра” – 583 цэнтнеры на круг. 1400 тон “фермерскай” бульбы – гэта 11 працэнтаў раённага ўраджаю.

Але найбольш важка на фоне ўсіх агравытворцаў раёна паказалі сябе фермеры-агароднінаводы. Вырошчвалі і вырошчваюць агароднінную “класіку” – капусту, моркву, сталовыя буракі, патрабуючыя асаблівай увагі і клопату памідоры і салодкі перац, цыбулю. А па прыватнай інфармацыі, у адной з гаспадарак атрымалі невялічкую – як для сябе, сяброў, знаёмых – пробную партыю кавуноў і дынь. Кажуць, вялікая салодкая ягада атрымалася сапраўды спелай і сакавітай. Але гэта, хутчэй, экзотыка, занятак для душы, магчыма, напрацоўка на перспектыву, а не камерцыйнае агародніцтва. У мінулым годзе з фермерскіх палеткаў атрымана амаль паўтары тысячы тон агародніны розных відаў, што раўняецца 38-працэнтнай долі ў агульнараённым зборы. Па некаторых пазіцыях (напрыклад, па вырошчванні памідораў, перцаў) фермеры з’яўляюцца ў раёне манапольнымі вытворцамі. Нейкую канкурэнцыю ім могуць скласці хіба агароднінаводы-аматары, уладальнікі прысядзібных участкаў.

З агарода перамясцімся ў сады-ягаднікі. Сярод фермераў Ляхавіччыны гэты падгаліна гаспадарання асаблівай папулярнасці не набыла. Узгадаўся амаль класічны выраз-вобраз: “Бедны сад не пасадзіць, але, пасадзіўшы сад, бедным ужо не будзе”. Закладка сада, яго догляд – справа зусім не танная, нават, на фоне напружанасці фермерскай працы, — вельмі клапатлівая. Як засведчыў адзін апантаны садавод-аматар, каб атрымаць добры ўраджай якасных яблык, на працягу сезона дрэвы спатрэбіцца апрацаваць больш за дзесяць разоў. Па сутнасці, у маштабах, вартых узгадвання, фермерскае садаводства прадстаўлена ў раёне ФГ “Уладзімір-плюс”. Прыярытэтным плодам там, безумоўна, з’яўляецца яблык. Але растуць і выспяваюць слівы, частка плошчаў адведзена пад чорныя парэчкі, магчыма, нешта іншае. Што да аб’ёмаў, то ў мінулым годзе фермерскія сады-ягаднікі раёна расшчодрыліся амаль на 640 тон яблык, 10 тон – сліў і 74 тоны пладоў ягадных культур.

Пры дапамозе чаго мясцовыя фермеры працуюць, чым апрацоўваюць свае гектары? На пачатак года парк аграрыяў-прыватнікаў налічваў 25 трактароў, 15 грузавых аўтамабіляў, шлейф з дзясяткаў адзінак прычапной і навясной сельгастэхнікі і ўсяго толькі адзін зернеўборачны камбайн. На камбайны бульбаўборачныя, буракаўборачныя, кормаўборачныя ляхавіцкія фермеры яшчэ не “ўзбіліся”. Ды, мабыць, і мэты такой пакуль не ставяць.

І апошнія лічбы: у 2013 годзе фермерскімі гаспадаркамі раёна выпушчана прадукцыі на 10,56 мільярда рублёў. Што раўняецца 2 працэнтам раённага валу прадукцыі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *