Дзень з выратавальнікамі. Журналіст “ЛВ” «змяніў» прафесію

Журналісты  “ЛВ” часам “мяняюць” прафесію. Каб глыбей даведацца аб рабоце розных службаў,  пішуць рэпартажы з розных кропак раёна і аб’ектаў. На гэты раз  вырашыла пазнаёміцца з асаблівасцямі работы РАНС –якраз праводзілася пажарна-прафілактычная акцыя па папярэджанні пажараў і гібелі людзей.

– Дзяжурная служба МНС, чым можам дапамагчы? – чуем у тэлефоннай трубцы, набраўшы 101.

Дзяжурны дыспетчар скурпулёзна высвятляе адрас здарэння і іншыя дэталі, адначасова націскае на кнопку трывогі, і машына выратавальнікаў  імчыць на дапамогу…

Начальнік РАНС Валерый Равінскі раскрывае  схему дзеянняў пры ўзнікненні неадкладных сітуацый. Усе дыспетчарскія аператыўных службаў райцэнтра злучаны паміж сабой “прамымі лініямі” і ўтвараюць адзіную дыспетчарскую службу.  Бывае, чалавек тэлефануе па нумары 101, а яму неабходна “хуткая”, тады дыспетчар  званок перанакіроўвае  на медыкаў. Усе тэлефонныя размовы паміж службамі запісваюцца.  З мінулага года кароткі  нумар 112 (набраць  яго  можна з гарадскога або мабільнага) з’яўляецца адзіным тэлефонам экстранных службаў.

За абмеркаваннем зводак у цэнтры аператыўнага кіравання РАНС начальнік аддзела Валерый Равінскі і дыспетчар Алег Літвінчук.

Серада ў РАНС – дзень прафілактыкі. На гэты ён раз пачаўся сумесна з ДАІ – з прыцягнення ўвагі гараджан да спецаўтамабіляў. З праблісковымі маячкамі  і гукавым суправаджэннем прамчаліся па горадзе пажарныя. Аляксандр Беляновіч  машыну вядзе прафесійна, упэўнена і спакойна – яго вадзіцельскі стаж у аддзеле надзвычайных сітуацый больш за 7 гадоў.  Ад хуткасці рэакцыі і ўмення вадзіцеля часта залежыць чыёсьці жыццё і захаванне маёмасці.

Пачуўшы гук сірэны, аўтамабілісты адразу прымаюць управа – у адпаведнасці з патрабаваннямі.

Дзень прафілактыкі працягваўся рэйдам, падчас якога  ў цэнтры  ўвагі былі сем’і, што выхоўваюць дзяцей.  З начальнікам інспекцыі па наглядзе і прафілактыцы РАНС Сяргеем Гатоўчыцам  і педагогам  сацыяльна-педагагічнага цэнтра Марынай  Яраш  завіталі на  вуліцу Будаўнікоў. Сюды ў адзін са шматпавярховікаў  неаднойчы выязджалі падраздзяленні РАНС:  гаспадар адной з кватэр – аматар пакурыць, дастаўляе суседзям нямала клопатаў. У апошні раз, каб засцерагчы ад бяды,  пажарныя ўстанавілі яму аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Дарэчы, дома непаслухмянага ”падапечнага” не аказалася.

Наступны адрас – вуліца Леніна. Наведваем кватэру, у якой пражывае сям’я, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дома толькі бабуля, двое яе ўнукаў у школе. Інспектар аглядвае цэласнасць праводкі, наяўнасць і спраўнасць АПА.

Супрацоўнікі інспекцыі па наглядзе і прафілактыцы РАНС імкнуцца, выступаючы ў працоўных калектывах і навучальных установах,  у першую чаргу не проста навучыць, як засцерагчыся ад бяды, але паказаць, да чаго прыводзіць лёгкадумнасць і неасцярожнасць.

Асаблівая ўвага — дзецям і падлеткам. Іх вучаць карыстаццам вогнетушыцелем, праводзяць трэнінгі,  клеюць  макеты папяровых домікаў і паказваюць, як  умомант агонь знішчае нажытую людзьмі маёмасць.

Наступны прыпынак – вёска Конькі. Накіроўваемся ў дом шматдзетнай сям’і. Схема наведвання адпрацаваная – праверка праводкі, наяўных электрапрыбораў, АПА, абавязковая прафілактычная гутарка.  У ходзе праверкі спецыялісты далі адпаведныя рэкамендацыі, зрабілі  заўвагі па захоўванні запалак і якасці злучэння праводкі.

Начальнік інспекцыі па наглядзе і прафілактыцы РАНС Сяргей Гатоўчыц падчас рэйда

На адной з вуліц бачым кінуты дом.  Дзверы наросхрыст, паўсюль сляды запусцення, праз дзірку ў падлозе праглядвае пажухлая трава…  Гаспадыня памерла, родных у яе няма, з таго часу дом і пустуе. Такія будынкі ўяўляюць вялікую пажарную небяспеку. Кінуты кімсьці недакурак ці запалка – і бяды не пазбегнуць. Пасля начальнік інспекцыі паведаміць пра “знаходку” ў сельвыканкам (няўжо там не ведаюць?) для прыняцця мер.

Не  заўсёды гаспадары з ахвотай пускаюць у дом інспектараў РАНС. Але, як гавораць самі выратавальнікі, ідуць яны да людзей з дабром – лепш праверыць стан пажарнай бяспекі, чым жыць ў небяспецы і не падазраваць пра яе.

– Пажарная інспекцыя, – вітаемся з гаспадыняй дома, вакол якога чысціня і парадак. Такі ж парадак і ўнутры. Член камісіі адразу правярае электралічыльнік, печку, комін,  наяўнасць топачнага ліста. Грубых парушэнняў не выяўлена, гучаць рэкамендацыі і  выдаецца ліст праверкі.

Дарэчы, супрацьпажарныя патрабававанні прад’яўляюцца не толькі да старых дамоў, але і  пры засяленні ў новыя: наяўнасць сістэмы ўнутрыкватэрнага пажарнага тушэння ці пажарны рукаў, які ўстанаўліваецца на водаправод,  АПА у кожным жылым пакоі і акты, што  падцвярджаюць апрацоўку даху супрацьпажарным саставам.  Тлумачыць Сяргей Гатоўчыц і асаблівасці прымацавання АПА пры наяўнасці  папулярных зараз  нацяжных столяў – прыбор замацоўваецца на сцяне на ўзроўні столі.

У гэты ж дзень інспекцыя нагляду і прафілактыкі РАНС сумесна з начальнікамі пажарных пастоў і работнікамі Брэсцкага абласнога УМНС абследавалі домаўладанні Крывошынскага, Альхоўскага і Жарабковіцкага   сельсаветаў, за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі складзены   пратаколы.

А прычыны пажараў і гібелі людзей ад іх, парушэнні правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячае свавольства з агнём – гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас сустрэчы з насельніцтвам Крывошынскага сельсавета. Сёлета ў раёне здарылася 36 пажараў (за адпаведны перыяд летась — 32), на якіх загінулі 6 чалавек (у 2013 – 3).

Дарэчы, кожны выезд падраздзяленняў РАНС на пажар абыходзіцца бюджэту ў суму ад 4 да 6 мільёнаў рублёў.

…Каля 16 гадзін на цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне, што ў вёсцы Сваятычы загарэлася сажа ў коміне, а у 19 гадзін гарэлі рэшткі саломы ў Лабузах. Прычыны ўзгаранняў высвятляюцца.

Рэйд завяршыўся, але не спынілася работа па супрацьпажарнай бяспецы. Па сутнасці, кожны павінен для сябе ўсвядоміць адзіна правільныя каштоўнасці жыцця і памятаць, што пажар пакідае толькі попел. Калі хоць некалькі чалавек з пачутага ў гэты дзень зробяць адпаведны вынік ­– мэта дасягнула сваёй цэлі.

P.S. У ноч з 27 па 28 кастрычніка загарэлася сухая расліннасць на тарфяніках каля вёскі Свяціца (урочышча Дражны і Крывыя Лозы). Дзякуючы зладжаным дзеянням  супрацоўнікаў лясной гаспадаркі і РАНС, удалося не дапусціць распаўсюджвання агню на лес. Аднак плошча пажару перавысіла больш за 100 гектараў. Для барацьбы з агнём выкарыстоўвалася і тэхніка мясцовых  сельгаспрадпрыемстваў, арганізацый, у тым ліку з іншых раёнаў і Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС. Па стане на 30 кастрычніка вогнеборцы працягваюць ліквідацыю гарэння тарфянікаў. Чыясьці нядбайнасць прывяла да вялікіх страт — ліквідацыя пажару каштуе не танна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *