Залатая рыбка Ніны Юрчык. Размова пра нашу зямлячку і з нашай зямлячкай, ляхавічанкай, настаўніцай пачатковых класаў СШ №2

Калі крыху перафразаваць адносна гераіні гэтай публікацыі словы з вядомага фільма “Каўказская палонніца”, то атрымаецца наступнае: “Знаёмцеся, Ніна – актывістка, спартсменка, прыгажуня”. А яшчэ таленавіты і творчы чалавек,  абаяльная жанчына,  класная дама – таму што настаўніца,  супер-мама (так называюць дзеці), а “мне пашанцавала з жонкай” – цытуем яе мужа.  Размова пра  нашу зямлячку і з нашай зямлячкай, настаўніцай пачатковых класаў СШ №2 Нінай Юрчык.

“Я шчаслівая”, – шчыра прызналася падчас самапрэзентацыі ў конкурсе “Настаўнік года” Ніна Юрчык. Так можа сказаць толькі той, хто адчувае сябе ў такім стане і на рабоце, і ў сям’і, і сярод блізкіх і сяброў. “Тыл” у нашай гераіні супернадзейны.

З першых мінут  знаходжання на сцэне  актавай залы СШ№1 (там 3 гады назад праходзіў раённы конкурс  прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”) канкурсантка Ніна Канстанцінаўна Юрчык пакарыла журы і шматлікіх гледачоў сваёй адкрытасцю, шчырасцю, мілагучным голасам і толькі ёй уласцівай манерай завалодаць увагай аўдыторыі.

— Увогуле, што адчувала педагог Ніна Юрчык, калі дала згоду на ўдзел у адказных іспытах на прафесіяналізм?

— Дакладна, не страх. А вось адказнасць была вельмі вялікая.  Выступала  не толькі за сабе, а за ўвесь педагагічны калектыў маёй любімай СШ № 2. Не магла, не мела права падвясці сваіх калег.  Хвалявалася – не тое слова, але пастаянна адчувала падтрымку шчырых балельшчыкаў.

Ніна Юрчык не падвяла, выступіла паспяхова, стала ўладальніцай тытула “Натхненне і захопленасць”.  Конкурс  быў не  першым у яе “паслужным” спісу. Да  гэтага – другое месца ў  раённым конкурсе сярод настаўнікаў пачатковых класаў. Напэўна многія, у тым ліку і чытачы “ЛВ”, памятаюць назву работы-пераможцы   навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню” – “Што такое калёня?”.  Разам з вучнямі яе рыхтавала Ніна Юрчык.  Размова  ішла пра  калонію, пасяленне, дакладней, месца, на якім калісьці быў будынак старой школы ў Малым Гарадзішчы.  Менавіта туды, на сваё першае  самастойнае месца працы, прыйшла  маладая настаўніца пачатковых класаў пасля заканчэння з чырвоным дыпломам Баранавіцкага педагагічнага каледжа. Да гэтага дзяўчына з  Вадзяціна  атрымала пасведчанне з адзнакай аб базавай адукацыі.

– І ўсё ж, чаму выбар папаў на прафесію педагога?

—У мяне іншых варыянтаў проста і быць не магло. Вырасла ў шматдзетнай сям’і,  дзе выхоўваліся яшчэ чацвёра дзяцей. Разам з сёстрамі, братам і сябрамі гулялі найчасцей  “у школу”. Мне ў абавязковым парадку даставалася галоўная роля – настаўніцы.  І потым усе ведалі: я пайду ў педагагічны. За 23 гады настаўніцкага стажу ні разу не пашкадавала пра выбар. Ганаруся і даражу сваім бясконцым раманам са школай.

Дарэчы, я не адзіны педагог у сям’і. Цётка і дзве стрыечныя сястры –  таксама  настаўніцы і таксама носяць імя Ніна (у перакладзе з чэшскага азначае Богам мілаваная). Дзядзька Мікалай Плескацэвіч – вядомы педагог, прафесар, выкладчык  Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Так што Ніна Юрчык – з дынастыі настаўнікаў.

Дружная сям’я Юрчыкаў: Віктар, Ніна, Дзіяна і Аляксандр

Вучыць і выхоўваць дзяцей – справа нялёгкая.  А калі адказнасць узрастае ў 22 разы? Менавіта столькі хлопчыкаў і дзяўчынак  спяшаюцца кожную раніцу ў  свой 1 “Б” клас  на сустрэчу з любімай Нінай Канстанцінаўнай, якую неаднойчы паспелі назваць мамай. Карціна – залюбуешся: прасторны клас, першачкі з усіх бакоў абляпілі настаўніцу. Адзін аднаго перабіваюць, расказваюць пра тое, як правялі выхадныя. Яна паспявае выслухаць кожнага, усміхнуцца, падбадзёрыць.  У іх любоў узаемная. Дзеці  ўмеюць  дакладна адрозніваць праўду ад падману, шчырасць  ад хітрасці. Ніне Канстанцінаўне яны вераць.

— Што самае няпростае ў адносінах вучань-настаўнік?

— Для мяне  надзвычай цяжка  развітвацца з рабятамі, разам з якім  з  1 па 4 клас пазнавалі свет, вучылі правілы, рашалі задачы, малявалі, спявалі… Здаецца,  ведаю  ўсё пра кожнага з іх: звычкі, захапленні.  Вучу іх. Вучуся ў іх.  Як і ў кожнага чалавека, у мяне  таксама бываюць сумныя хвіліны, але заходзіш у клас, убачыш сваіх маленькіх гарэз і  дрэнны настрой знікае сам па сабе, а на душы становіца  светла і сонечна.  Мае першыя выпускнікі-пачаткоўцы  ў
СШ № 2 цяпер ужо дзевяцікласнікі.  Сачу за іх поспехамі і яны не забываюць пра мяне. А  пяцікласнікі, з якім развіталіся ў мінулым маі, увогуле амаль на кожным перапынку прыбягаюць у свой былы клас.  Яны ўсе цудоўныя. Шанцуе мне на дзяцей. Як пашанцавала і на калектыў, дзе  працую  15 гадоў. Важна любіць і шанаваць не толькі прафесію, але і месца работы, дзе сябе адчуваеш патрэбным.

Ніна Канстанцінаўна з павагай і захапленнем расказвае пра  калег. Адзначае, што школа – вялікая і дружная сям’я, дзе падкажуць, падтрымаюць і дапамогуць.  Вось і сакрэт поспеху гэтай навучальнай установы, якая неаднойчы прызнавалася лепшай у раёне. А сёлета Ніна Юрчык была запрошана на прыём, які традыцыйна праводзіць старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар у гонар Дня маці.

Не стаіць жанчына ў баку ад грамадскага жыцця: актыўны член раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.

– Я шчаслівая – шчыра прызналася падчас  самапрэзентацыі ў конкурсе “Настаўнік года” Ніна Юрчык. Так можа  сказаць толькі той, хто адчувае сябе ў такім стане і на рабоце, і ў сям’і, і сярод блізкіх і сяброў.  “Тыл” у нашай гераіні супернадзейны:

— Не зусім падабаецца выраз “як за каменнай сцяной”, неяк грубавата.  Пра свайго мужа Віктара  гавару: я за ім, як за пяшчотнай каменнай сцяной. Ён – першы і лепшы дарадчык,  памочнік, любімы чалавек. Разумее, што быць добрым настаўнікам – значыць пастаянна ўдасканальвацца, каб дзецям было цікава на ўроках і пазакласных мерапрыемствах. На гэта, вядома, патрабуецца шмат часу. Таму і ўзяў муж большасць хатніх  абавязкаў на сябе.  Дом, у якім жыве наша сям’я, – поўнасцю справа яго рук. І ўсё ў свабодны ад асноўнай работы  час: Віктар працуе ў  будаўнічай арганізацыі. Яшчэ ён – справядлівы і прамалінейны чалавек, у яго навучылася гаварыць толькі праўду,  не пераношу падману.

Свой “клас”  Юрчыкі пацвердзілі падчас сёлетняга раённага конкурсу “Сям’я года”, дзе выступілі дастойна.

– Прапанавалі ўдзельнічаць, – значыць, трэба, –  зазначыў галава сям’і.  Жонка і дзеці сказалі: “Ёсць”. Калі Ніна і Віктар спявалі песню “Толькі мой”, на вачах у многіх былі слёзы замілавання – наколькі душэўна і лірычна гучалі словы прызнання ў каханні.

А яшчэ муж і жонка – заўзятыя рыбакі.  Вядома, калі жанчына бярэцца за вуду, то трымайцеся, мужыкі! Усякіх рыбацкіх прыналежнасцяў у сямейных запасах – не пералічыць. І лодка ёсць.

— Якім самым вялікім уловам можаце пахваліцца?

— На рыбалку мы ездзім не толькі ў сваім раёне. Бываем і ў Ганцавіцкім. Прычым маем дазвол на лоўлю рыбы.  Віця, напрыклад, нядаўна злавіў шчупака. Узважылі – 4,5 кілаграма. Мне  сёлета трапіў на кручок паўтаракілаграмовы лінь. Рыбныя стравы  ў нашай сям’і – адны з самых папулярных. Частуем родных, сяброў. Але ўлоў – не самае галоўнае. Пасядзець у цішы з вудачкай, палюбавацца  воднай гладдзю – лепшы адпачынак і для душы, і для цела. Ніякія заморскія пляжы ці супердарагая псіхатэрапія  гэтага не вартыя.

Яшчэ нядаўна трэцім на рыбалцы быў сын  Аляксандр. Цяпер у яго  часу зусім няма, стаў студэнтам-першакурснікам  Брэсцкага дзяржаўнага  ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, вучыцца на спартыўным факультэце. Выпускнік СШ № 2 і выхаванец  трэнера па гандболе Ляхавіцкай ДЮСШ Аляксандра Гатоўчыца,  Аляксандр Юрчык  падае спартыўныя надзеі: ён варатар другога саставу  Брэсцкага гандбольнага клуба імя Мяшкова.  Бацькі і сястра  падтрымліваюць,  уважліва сочаць за матчамі з яго ўдзелам – яны самыя адданыя балельшчыкі.

— Ніна Канстанцінаўна, вы з мужам далі дабро сыну на заняткі гандболам. Ці бачылі яго ў іншым відзе спорту альбо ўвогуле ў другім занятку?

— Адношуся да тых людзей, якія хацелі б рэалізаваць у  дзецях  сваю мару.  Таму спачатку  Сашу, а потым і дачку Дзіяну завяла ў школу мастацтваў вучыцца іграць на фартэпіяна.  Іх гэта не зацікавіла. Чаго не скажаш пра гандбол: у сына хобі перарасло ў любімую справу. Дачка, якой цяпер 12 гадоў, таксама другі год займаецца гандболам.  Поспехі брата яе ўражваюць. Паспявае яна і для танцаў час знайсці – наведвае гурток у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Увогуле, Дзіяна – натура творчая, удзельнічае ў многіх конкурсах.

Ёсць у каго!  Мама, напрыклад,  трапіла ў фінал абласнога тура “Ёлка-фэст” як адна з лепшых Снягурачак Брэстчыны.

Але ўсё ж не  перамогі і тытулы галоўныя для Ніны Юрчык і яе сям’і. Непахісныя каштоўнасці: вернасць, узаемаразуменне, узаемапавага, любоў і надзейнасць – вось што, на іх думку, робіць жыццё па-сапраўднаму шчаслівым.

— Лепшага  жадаць і не варта. Разам мы здолеем усё. Гэта і ёсць просты сакрэт нашай сям’і, якім гатовы дзяліцца з іншымі, – гаворыць Ніна Канстанцінаўна.

Галіна КАНЬКО.

Фота з сямейнага архіва Юрчыкаў.

Сямейны “Апетытны”

У кожнай гаспадыні ёсць свой фірменны рэцэпт стравы, якая падабаецца  не толькі ўсёй сям’і, але і гасцям. І гатуецца яна не толькі ў святы, а  проста калі хочацца пачаставаць сваіх родных любімым ласункам. У Юрчыкаў  гэта пірог пад смачнай назвай “Апетытны”.

Спатрэбяцца: па адной шклянцы кефіру, манных круп, мукі, цукру, 2-3 яйкі, пачак тварагу, 1-2 яблыкі, 0,5 чайнай лыжкі пітной соды, ванілін. Плюс у абавязковым парадку — добры настрой. У кефір засыпаем манку, даём пастаяць гэтай сумесі 5 мінут. Потым дадаём муку, цукар, узбітыя яйкі, тварог, пітную соду, ванілін, усё перамешваем. У гатовае цеста  кладзём парэзаныя на невялікія долькі яблыкі. Усе выліваем у форму, змазаную алеем і злёгку прысыпаную мукой, выпякаем у духоўцы  20-30 мінут. Прыемнага апетыту! Не пашкадуйце часу,  прыгатуйце “Апетытны”. Вашы блізкія абавязкова яшчэ папросяць дабаўкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *