Пад сузор’ем “Эдэльвейса”. Ляхавіцкая гасцініца набыла зорны статус /фота/

Яшчэ зусім нядаўна гэта была проста “Гасцініца”. Без назвы, якая б выгадна адрознівала яе ў шэрагу іншых “аднакласнікаў”, будынак ніяк не прэтэндаваў на асаблівую выразнасць. Пры тым, што са сваёй функцыяй аб’ект спраўляўся – без вытанчанасці, але спраўна.

Новы віток гісторыі ляхавіцкай гасцініцы закладваўся ў пераддажыначныя часы. Тая агульнагарадская будоўля істотна і выгадна змяніла і знешні выгляд, і функцыянальную напоўненасць цэнтра горада. У тым ліку і гасцініцы.

Па словах адміністратара ўстановы Жанны Мядзвецкай, нумарны фонд гасцініцы, большасць інтэр’ерных рашэнняў і да таго знаходзіліся ў нядрэнным стане. Пераддажыначныя клопаты каштавалі ўласніку аб’екта намаганняў і грошай, аднак вынік пераўзышоў чаканні. Хуткая і, што важней, якасная работа будаўнікоў непазнавальна змянілі фасад будынка. Замянілі дах, расквецілі фасадную тэрыторыю, адбылося добраўпарадкаванне, палепшана функцыянальнасць гасцінічнага двара. У выніку рэканструкцыі з’явіўся нумар, адмыслова прыстасаваны для пражывання людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Гасцініца набыла назву – не зусім ардынарную, але зоркавую, як паказалі наступныя падзеі.

Месяц таму – 29 верасня – ляхавіцкі “Эдэльвейс” быў сертыфікаваны як двухзоркавая гасцініца. Падзея зусім не радавая: двюма зоркамі на фасадзе могуць пахваліцца вельмі і вельмі нямногія камунальныя гасцініцы Брэстчыны. Чым не дасягненне, шлях да якога быў зусім не простым, не без бар’ераў.

Старт да зорак быў дадзены ў сакавіку гэтага года – з афармлення і падачы ў адпаведныя рэспубліканскія інстанцыі заявы з пакетам неабходных, у тым ліку і прэзентацыйных, дакументаў. Адказам стаў прыезд у Ляхавічы на пачатку лета спецыялістаў Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі на прадмет папярэдняй ацэнкі магчымасцяў гасцініцы. Наколькі рэальны стан рэчаў адпавядае прадэклараванаму, ці ўсе заяўленае мае практычнае ўкараненне. Як аказалася, не ўсё, былі выяўлены некаторыя неадпаведнасці стандартам “дзвюх зорак”, зроблены рэкамендацыі і заўвагі, дадзены час на выпраўленне апошніх.

Наступнага прыезду камісіі персанал гасцініцы, кіраўніцтва камунгаса ўвогуле чакалі з хваляваннем, але і з надзеяй. Работа над памылкамі была выканана не проста ў адпаведнасці з заўвагамі, а з некаторым нават запасам надзейнасці і трываласці сваіх “зорных” прэтэнзій. Прыехалі, не пакінулі без увагі ні адной “дзіркі”, як і павінна быць у адпаведнасці з працэдурай, па 10-бальнай шкале ацанілі кожны пункт патрабаванняў.

Калектыў гасцініцы на чале з адміністратарам Жаннай Мядзвецкай.

— Ацэнка “35” з’яўляецца прахадным балам у двухзорную гасцінічную кампанію. Па выніках ашчадна-прыдзірлівага маніторынгу “Эдэльвейс” атрымаў вельмі высокія агульныя 59,93 бала. Максімальна магчымую “дзясятку” нам паставілі па выніках абследавання нумара,

прызначанага для пражывання людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, – дзеліцца прыемным Жанна Мядзвецкая.

Як ужо гаварылася, права аздобіць фасад “Эдэльвейса” парай зорак было атрымана 29 верасня. Зорак, якія зусім не з неба зваліліся: каб трапіць у рамкі стандартаў, вялікі камунгас і невялікі – усяго 7 супрацоўнікаў – калектыў гасцініцы правялі на працягу нязначнага часу значны комплекс работ. Патрабаванняў дзясяткі: ад вонкавага выгляду гасцініцы, яе інтэр’еру, функцыянавання сістэм бяспекі – агульнай, санітарнай, пажарнай, прадстаўлення шэрагу сэрвісаў, убранства і ўпарадкавання тэрыторыі і самога цэнтральнага ўваходу, прыстасаванасці ўнутранага дворыка, двухмоўнасці ў падачы інфармацыі і іншае. Напрыклад, кветкі на ўваходзе – абавязковы атрыбут двухзоркавага атэля. Як і дзесяць, устаноўленых у розных месцах гасцініцы відэакамер. Дзве пераносныя трывожныя кнопкі – у дзяжурнага касіра і пакаёўкі – на выпадак максімальна хуткага рэагавання пры ўзнікненні канфліктаў і гэтак далей.

— Адным з патрабаванняў з’яўляецца і наяўнасць у гасцініцы механічнага прыстасавання для чысткі абутку. Прыйшлося патраціцца на машынку нямецкай вытворчасці, – гаворыць адміністратар Жанна Мікалаеўна.

Асобная гаворка і асаблівы спіс патрабаванняў да персаналу гасцініцы, якая прэтэндуе на дзве зоркі. Напрыклад, усе работніцы “Эдэльвейса” прайшлі курс навучання або данавучання англійскай мове. У якасці выкладчыка быў запрошаны настаўнік адной з гарадскіх школ, урокі праходзілі не адзін тыдзень і доўжыліся, здаралася, па некалькі гадзін у вольны ад работы час. Канешне, пра глыбокае валоданне мовай размова не вядзецца, але просьбу кліента-замежніка, напрыклад, з заказам у нумар сняданку, работнікі, па словах адміністратара, зразумеюць без перакладчыка. У меню, дарэчы, 6 варыянтаў комплексных сняданкаў, ад лёгкіх з ухілам на дыетычны склад прадуктаў да грунтоўна-каларыйных, цаной ад 25 да 60 тысяч рублёў. Любы іх варыянт гатовы прыгатаваць і даставіць работнікі райпо. Гэта таксама адно з патрабаванняў стандарту “дзве зоркі”.

На завяршэнне – эканамічная проза: з пачатку года гасцініца выручыла больш за 850 мільёнаў рублёў. Сярэдні каэфіцыент загрузкі за гэты перыяд аказаўся роўным 0,5.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *