З «Трансэлектракамплекта» – у энцыклапедыю. Дырэктар таварыства – чалавек вядомы не толькі ў Ляхавіцкім раёне.

Дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Трансэлектракамплект” Генадзій Сакуць – чалавек вядомы не толькі ў нашым раёне. Прадпрыемства — адно з нямногіх у Беларусі, што спецыялізуецца на вытворчасці высакаякасных кабельных тэрмаўсаджваемых муфтаў для злучэння і аканцоўкі сілавых кабельных ліній электраперадач. Без такой архіважнай прадукцыі (зараз выпускаецца яе больш за 100 найменняў), надзвычай запатрабаванай і на ўнутраным, і на знешнім рынках (пастаўляецца ў Расію, Украіну, Узбекістан), не абыходзіцца будаўніцтва нават самых кароткіх кабельных ліній электраперадач. Штогод таварыства радуе чарговымі вытворчымі навінамі: тэхнічнае пераўзбраенне, павелічэнне выпуску прадукцыі, новыя кантакты і кантракты. Усе 11 гадоў (менавіта ў такім “юным” узросце зараз “Трансэлектракамплект”) яго кіраўнік дакладна ўпэўнены ў тым, што без каманды высакакласных прафесіяналаў атрыманыя вынікі былі б недасягальнымі. Сёлета прадпрыемства занесена на раённую Дошку гонару. Генадзій Сакуць неаднаразова выходзіў пераможцам абласнога конкурсу “Лепшы прадпрымальнік”, прызнаваўся “Чалавекам года” ў Брэсцкай вобласці і Ляхавіцкім раёне. Яго прозвішча — на старонках міжнароднай энцыклапедыі “Лепшыя людзі краіны”, а днямі чарговы нумар часопіса “Директор” выйшаў з партрэтам Сакуця на вокладцы.

— Быць дырэктарам не тое, што не марыў – нават і не думаў. Дакладна ведаў адно: прафесія будзе абавязкова звязана з вытворчасцю. Адпаведна свайму інтарэсу падаў дакументы ў навучальную ўстанову — інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, — расказвае Генадзій Станіслававіч.

Але мара, здавалася, сама выбрала яго. Юнак з Перахрэсця, выпускнік Начаўскай СШ з лёгкасцю стаў студэнтам. Вучыўся, рыхтаваўся да сесій, здаваў залікі, экзамены. З земляком, аднакурснікам Сяргеем Мацкевічам адразу знайшлі агульныя інтарэсы і захапленні. Студэнцкае сяброўства з гадамі толькі мацнела, а сябар стаў партнёрам у бізнесе. Але гэта было потым.

А тады, пасля заканчэння ВНУ, малады інжынер-энергетык у вайсковай часці ў Ленінградзе будаваў і электрыфікаваў ваенныя аб’екты, нават адзначыўся на касмадромах “Байканур” і “Плясецкі”, спецаб’ектах Ленінграда, Украіны, Урала, Архангельска.

—Неяк сустрэўся з Сяргеем Мацкевічам. Пагаварылі, успомнілі студэнцкі час. І вырашылі стварыць вытворчасць неабходных для электрамантажных работ элементаў, — узгадвае Генадзій Станіслававіч.

Камерцыйная жылка, арганізатарскія здольнасці, ініцыятыўнасць, прадбачлівасць Сакуця, настойлівасць і сталі асновай для заснавання ў снежні 2003 года “Трансэлектракамплекта”. Не ў адно імгненне, але паступова справы пайшлі ў гору. Сёння, па-ранейшаму, у аснове калектыву тыя першыя аднадумцы-першапраходцы ў вытворчасці кабельных муфтаў і камплектуючых да іх: Генадзій Казакевіч, Віталій Татарыновіч, Уладзімір Максіменка, Валерый Гнідзін, Аляксандр Ксёнжык, Леанід Юнік і многія іншыя. Тыя, хто не падвядзе, на каго можна спадзявацца.

Сябры і калегі ведаюць, што Генадзій Станіслававіч да ўсяго іншага яшчэ надзвычай цікавая асоба з рознапланавымі інтарэсамі. У кругаверці дырэктарскіх спраў знаходзіць «акенца» для сваёй любімай рыбалкі, для сустрэчы з сябрамі. Але заўсёды нумар адзін у яго — сям’я, дакладней, яе прыгожая палова: жонка Святлана, дочкі Ксенія і Таццяна.

Расказваючы пра Генадзія Сакуця, нельга не адзначыць яшчэ адзін, надзвычай важны ў наш прагматычны час аспект, —дабрачынны. Цяжка назваць усе адрасы, па якіх прыходзіць дапамога ад “Трансэлектракамплекта” і асабіста яго дырэктара. Установы культуры і адукацыі, аховы здароўя і спорту атрымліваюць ад таварыства істотную падтрымку. Выдаткоўваюцца сродкі на будаўніцтва і рамонт храмаў, лячэнне хворых дзяцей, дапамогу інвалідам. Брыгада электрамантажнікаў бясплатна мяняе электраправодку адзінокім пажылым людзям. Нядаўна купілі новыя лаўкі, якія ўстаноўлены ля тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва…

Генадзію Сакуцю землякі давяраюць – гэта адназначна. Ён абраны дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Такі давер да многага абавязвае. Але і тут ён спраўляецца – інакш не можа, не мае права, не дазваляе выхаванне і школа жыцця.

7 лістапада ў нашай краіне святочны дзень. Асаблівы ён і для Генадзія Сакуця — дзень яго нараджэння, а сёлета — юбілейны. Моцнага здароўя, натхнення, аптымізму, поспехаў у справах зычыць “ЛВ” “нашаму чалавеку з энцыклапедыі”.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *