Што для вас 7 лістапада? «ЛВ» правёў чарговае апытанне

«День седьмого ноября – красный день календаря” словы з верша Маршака добра знаёмыя многім пакаленням тых, хто  нарадзіўся і вырас у СССР. Няшмат часу застаецца да 100-годдзя  Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сёння  па-рознаму  мяркуюць пра тыя падзеі, але не выклікае сумнення – гэта дата адна з самых значных ва  ўсёй сусветнай гісторыі.

“ЛВ”  спытаўся ў землякоў: што для вас  7 лістапада?

Андрэй КУРКАЧ, першы сакратар райкама

Камуністычнай партыі Беларусі :

– У маім жыцці гэта дата знакавая. Без яе  не быў  бы тым, кім стаў. Я з простай сям’і. Мой бацька загінуў на фронце, у маці засталося нас пяцёра. Дзякуючы  Кастрычніку, я атрымаў бясплатную адукацыю, дабіўся ў сваім жыцці, лічу, значных дасягненняў. Сярод іх і ганаровае званне «Заслужаны трэнер СССР». 30 гадоў маёй працы ў райвыканкаме звязаны з арганізацыяй і развіццём фізкультуры і спорту. Пабудавалі гаспадарчым спосабам 5 спартыўных залаў і стадыён, выхавалі-вырасцілі шмат улюбёных у спорт людзей, нават чэмпіёнаў еўрапейскага і сусветнага ўзроўню.

Нядаўна адбыўся юбілейны XXXV  з’езд Саюза камуністычных партый. Сімвалічна, што менавіта  Мінск прымаў яго дэлегатаў з усіх  рэспублік былога Савецкага Саюза. Менавіта ў нашай сталіцы  прайшоў некалі і I першы з’езд РСДРП. Усіх удзельнікаў сёлетняга форуму  ўразілі   дасягненні Беларусі. Вельмі ганарова тое, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне дэлегатам і гасцям XXXV  з’езда Саюза кампартый.

Анатолій ЖАБІК, начальнік інспекцыі МПЗ па Ляхавіцкім раёне:

– Для майго пакалення дзень 7 лістапада сваю значнасць і сёння не страціў. Гэта наша гісторыя. Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі  на працягу ўсяго жыцця застаецца для мяне святочным. У школьныя  гады мы, вучні і настаўнікі,  хадзілі на дэманстрацыю і крочылі ў калоне з кветкамі і транспарантамі. Усё  стварала ўрачыстую атмасферу. Часам мне давяралі несці чырвоны сцяг (нават фотаздымак захаваўся!). І на камсамольскай будоўлі Байкала-Амурскай магістралі, у якой я ўдзельнічаў, дзень гэты адзначалі па-святочнаму. Мы, камсамольцы, бралі прыклад адносін да працы, вучыліся патрыятызму ў камуністаў.

Таццяна КАПЫТОК, сакратар вучэбнай часці ЛДАКа:

– Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў мяне сёння асацыіруецца перш за ўсё з СССР, калі па ўсёй краіне праходзілі дэманстрацыі і ваенныя парады. Да таго ж я жыву на вуліцы, якая ў сваёй назве захавала  юбілей свята – 60 гадоў Кастрычніка. А чвэрць стагоддзя назад  напярэдадні 7 лістапада нарадзілася наша сям’я. Сёлета 4 лістапада мы з мужам адзначылі сярэбранае вяселле.

Алена КАМКО, настаўніца гісторыі СШ №1:

– Гэта адна з самых значных датаў ў гісторыі  СССР, якая адкрыла новую эпоху, дала штуршок для ўсебаковага развіцця вялікай краіны. У савецкі час дата  адзначалася ўрачыста. Яшчэ  школьніцай  я прымала  ўдзел у мітынгах, прысвечаных Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі. Заўсёды ўражвалі маштаб і відовішчнасць гэтага свята. Падзеі 97-гадовай даўнасці, што  адкрылі шматлікія магчымасці для рабочых, сялян,  сёння модна аналізаваць. Але відавочна і бясспрэчна: электрыфікацыя, калектывізацыя, ліквідацыя непісьменнасці, развіццё вялікай краіны, хуткія  дасягненні навукоўцаў, вытворцаў – гэта факт, як і тое, што ваенная моц СССР была непераможнай. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне – лепшы доказ гэтага.

Таццяна АРЛОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па рабоце з дзецьмі

цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы:

– Гэта адгалоскі падзей, з якімі знаёмілася на ўроках гісторыі. У школе кожны вучань імкнуўся быць добрым акцябронкам, стаць піянерам, з гонарам насіць чырвоны гальштук. А яшчэ ў савецкі час можна было без візаў ездзіць у госці ў іншыя рэспублікі.

Кацярына САЛОДКАЯ, студэнтка БДУІР:

– Мая сям’я доўгі час жыла  на вуліцы Леніна. Ведаю, што ў Падлессі стаіць  яму помнік. Не разумею тыя краіны і народы, якія помнікі разбураюць. Гісторыю нельга перакрэсліваць – на ёй трэба вучыцца. Моладзь па-іншаму, у адрозненне ад ветэранаў, успрымае   дзень  7 лістапада. Для таго пакалення   ён стаў лёсам, я ж з павагай стаўлюся да падзей і людзей, якія  імкнуліся змяніць да лепшага жыццё.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *