Санітарны бок пакупкі. Карэспандэнт «ЛВ» адправілася ў рэйд па ляхавіцкіх магазінах

Добрыя спажывецкія якасці, прымальны кошт, зручная расфасоўка і ўпакоўка, удалая выкладка, ветлівае абслугоўванне – тое, што прыцягвае пакупнікоў у магазінах. Але бадай самае галоўнае — каб тавар быў якасны, з належным тэрмінам прыгоднасці. Каб не нашкодзіць за свае грошы ўласнаму здароўю, як, напрыклад, у анекдоце: “купіў сёння каўбасу “Доктарскую”, з’еў… і сапраўды вечарам стаў пацыентам”.

Дарэчы, яшчэ ў верасні Міністэрства гандлю Беларусі папярэдзіла, што магазіны гандлёвых сетак і крокавай даступнасці будуць закрывацца ў выпадку, калі там выявяць пратэрмінаваныя прадукты. Якая прадукцыя на ляхавіцкіх прылаўках – вывучалася падчас сумеснага рэйду райЦГіЭ і “ЛВ”, цікавіліся адпаведнасцю гандлёвых кропак патрабаванням санітарных нормаў і правілаў. ершы аб’ект – “Дабраном”. Па плошчы магазін не супермаркет, па асартыменце – багаты. Выбарачна праверылі літаральна ўсе віды : малочныя, рыбныя прадукты, мясныя паўфабрыкаты, кансервы, бакалею, напіткі, муку, крупы і г.д. Тавараў з зышоўшым тэрмінам годнасці на паліцах “Дабранома”не было. Датычылася гэта і разрэзаных кавалкаў каўбасы. Дарэчы, пасля разразання прадукт захоўваецца не больш за трое сутак. У абавязковым парадку на поліэтылен, у які абгортваецца, клеіцца паперка з указаннем даты і часу калі рэзалі прадукт (гэта інфармацыя для агульнай спажывецкай граматнасці). Вытрымліваецца цяпер і суседства прадукцыі (хаця яшчэ напачатку лета ў адным халадзільніку ляжалі марожанае і рыба), захоўваюцца тэмпературныя рэжымы.

Выкладка прадуктаў зручная для пакупніка. Парадак не толькі ў гандлёвай зале, але і ў падсобных памяшканнях, на вуліцы. Яшчэ адна, спадзяемся, — прыемная навіна: у бліжэйшы час у нашым райцэнтры з’явіцца другі “Дабраном” – у будынку на пачатку вуліцы Матросава .

Наступным адрасам рэйду стаў фірменны магазін “Птушка” птушкафабрыкі “Русіно”.

Назва прадугледжвае, што асноўны тавар – мяса птушкі, паўфабрыкаты з яго, яйкі. Усё гэта ў наяўнасці, па запэўніванні прадаўцоў, — свежае. Надпісы на этыкетках, з указанннем даты выпуску і канчатковага тэрміну рэалізацыі, тэмпературны рэжым аптымальны. Канешне, да асартыменту таго ж “Дабранома” тут далёка, але ў “Птушкі” свая спецыфіка і свой пакупнік. Каўбасныя вырабы (не толькі “русіноўскія”, але і ад слуцкіх, бярозаўскіх, брэсцкіх вытворцаў) абнаўляюцца тройчы на тыдзень, захоўваюцца ў асобнай халадзільнай вітрыне. Што датычыцца ранейшых парушэнняў, то прадаўцам “плюс” – усё выпраўлена.

Райпоўскі прадмаг № 2 размешчаны па двайным адрасе: Пушкіна, 2 ці Камсамольская, 60. Няма мэты кагосьці крыўдзіць, але ўнутры гандлёвая кропка нагадвае магазіны пераходнага перыяду, часу таварнага дэфіцыту. Падчас рэйду ўбачылі: у халадзільнай вітрыне два невялікія кавалкі варанай і вэнджанай каўбас, побач – некалькі пакетаў смятаны, маянезу, масла… З гатовай мяса-малочнай прадукцыі – гэта ўсё. Як зазначыла загадчыца магазіна, яна ж і прадавец (толькі днямі прыступіла да выканання сваіх абавязкаў), заўтра павінен быць прывоз. Аб’ява на вітрыне паведамляе, што завоз каўбасных вырабаў ляхавіцкага каапрама адбываецца па заяўках — значыць, іх не было. Невялікі выбар пячэння, цукерак, сокаў, чаго не скажаш пра алкаголь. За час нашага знаходжання ў краме сюды наведалася 5 чалавек, і ўсе яны куплялі менавіта віно ці гарэлку.

Далей шлях ляжаў у магазін “Кірмаш” ПГУП “Стрыгельскі”. Нарэшце тут зроблены рамонт. Амаль поўнасцю заменена халадзільнае абсталяванне, дзе ў адпаведнасці з таварным суседствам ”кватаруюць” замарожаныя вырабы з птушкі, агародніна, цеста, мясныя паўфабрыкаты, пельмені. Прадукцыя свежая. Усё добра, за выключэннем асобных парушэнняў: на рэалізацыю выстаўлены курыная грудка і каўбаскі з парушэннем цэласнасці ўпакоўкі. На этыкетках адсутнічае дата разрэзу і часу пры раскрыцці ўпакоўкі каўбасных і мясных вырабаў.

Яшчэ адзін райпоўскі магазін “Мясная лаўка” вядомы асартыментам, у якім павінна быць свежая мясная прадукцыя. Вось і ў дзень маніторынгу тут у продажы былі ялавічына, свініна, фарш, каўбасы, замарожаныя паўфабрыкаты. Дарэчы, гэта адзіны магазін у горадзе, дзе можна купіць , праўда замарожанае, мяса страуса: філе па 262 тысячы рублёў за кілаграм, фарш – 126 тысяч рублёў.

Але на мясным прылаўку для мяса адсутнічаў тэрмометр для кантролю тэмпературнага рэжыму. Неабходна замяніць шкло ў маразільнай вітрыне для мясных паўфабрыкатаў.

Магазін № 81 (райпо) па вуліцы Вакзальнай, недалёка ад чыгуначнага вакзала, не парадаваў парадкам. Прадукты харчавання знаходзяцца побач з таварамі прамысловай групы, адсутнічае гарачае водазабеспячэнне, не абсталявана кантэйнерная пляцоўка, патрабуе рамонту фасад будынка, гадлёвая зала.

Аляксандра МІХЕЙ, урач-гігіеніст райЦГіЭ.

Галіна КАНЬКО, карэспандэнт “ЛВ”.

ПАСТФАКТУМ

Парадак у гандлёвых аб’ектах у цэнтры пастаяннай увагі санітарнай службы раёна. Аналіз праведзеных праверак сведчыць, што парушэнні выяўляюцца незалежна ад формы ўласнасці гэтых кропак. Адзначу тэндэнцыю да зніжэння колькасці парушэнняў санітарнага заканадаўства, звязаных з захаваннем і рэалізацыяй харчовых прадуктаў. Аднак застаюцца пытанні санітарна-тэхнічнага стану аб’ектаў і абсталявання гандлёвых кропак.

Сёлета за 10 месяцаў праведзена 189 праверак аб’ектаў прадуктовага гандлю і грамадскага харчавання (у тым ліку 109 – райпоўскіх). Парушэнні санітарных нормаў і правілаў выяўлены ў 160 (у 133 аб’ектах гандлю і 23 – грамадскага харчавання). 95 з гэтага пераліку маюць райпоўскую прыналежнасць.

Найбольш тыповымі з’яўляюцца парушэнні ўмоў рэалізацыі харчовых прадуктаў (на 84,7 працэнта правераных аб’ектаў). Недастаткова спецыялізаванага прамысловага інвентару для мыцця і ўборкі; пры адкрыцці ўпакоўкі харчовай прадукцыі на этыкетцы не ўказваецца дата і час адкрыцця; фасоўка кандытарскіх вырабаў ажыццяўляецца пры адсутнасці ўмоў, на фасаваных прадуктах адсутнічаюць даныя аб якасці і бяспецы прадукта, маркіроўка. Даволі часта парушаюцца нормы складзіравання, таварнае суседства, умовы захоўвання садавіны, харчовая прадукцыя выкладаецца без латкоў; адсутнічаюць тэрмометры і псіхрометры ў памяшканнях і ў халадзільным абсталяванні для кантролю тэмпературнага рэжыму і інш.

Тыповая акалічнасць – нездавальняючы санітарны стан тэрыторыі, памяшканняў, гандлёвага абсталявання (18,1 працэнта); невыкананне праграм вытворчага кантролю, рэалізацыя харчовай прадукцыі з тэрмінам годнасці, які сышоў, (выяўлена 9 такіх выпадкаў); адсутнасць дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку прадукцыі на рэалізацыі (5 выпадкаў). Двойчы парушалася і такое абавязковае патрабаванне, як своечасовае праходжанне медаглядаў і гігіенічнага навучання работнікамі прылаўка.

Санітарная служба раёна выкарыстоўвае ўсе паўнамоцтвы, якія дае заканадаўства, да тых, хто дапускае парушэнні санітарных нормаў і правілаў гандлю. Вінаватыя прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці, па выніках праверак выдаюцца прадпісанні аб забароне рэалізацыі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў і аб пры спыненні эксплуатацыі аб’ектаў, а таксама прадпісанні і рэкамендацыі аб ухіленні выяўленых парушэнняў. Накіроўваюцца матэрыялы для прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці вінаватых службовых асоб, пісьмы кіраўнікам арганізацый аб правядзенні пазачарговай атэстацыі работнікаў.

А парушэнні выяўляем па-ранейшаму: на працягу года, напрыклад, неаднойчы на аб’ектах райпо – у магазінах “Мясная лаўка”, “Радуга”, прадмагах № 1, № 2, “Шчара”, “Надзея”, “Ласунак”, “Родны кут”, кафэ “Алеся”, “Піцэрыя”, буфетах райбальніцы і Дома Саветаў, кафетэрыі “Радуга”, рэстаране “Ластаўка”, бары “Мара”. Трапілі ў гэты пералік і аб’екты прыватнай формы ўласнасці: магазіны “Фартуна”, “Кірмаш”, “Івушка”, “Стаціца”, “Дабраном”, “Юлія”, “Леон”, “Усходні”, “ЖыЛеН”, кафэ “Калі-ласка”. На кантролі трымаем усе адрасы да выпраўлення сітуацыі і потым яны ўсе застаюцца ў цэнтры ўвагі санслужбы.

Віталій ЦІХАНАЎ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *