Трывожная ноч

Маланка заварожвае і адначасова палохае. А яшчэ можа быць небяспечнай для людзей і іх маёмасці. З пачатку года ў раёне з-за навальнічных разрадаў маланкі адбылося 5 пажараў, прычым 3 з іх – у ноч з 4 на 5 жніўня.
У 23.44 на тэлефон 101 паступіла паведамленне аб пажары ў вёсцы Конькі. Ад разраду маланкі на адным з падворкаў на вуліцы Лугавой загарэлася гаспадарчая пабудова. Агнём знішчаны шыферны дах, пашкоджаны сцены і маёмасць.
Літаральна праз 20 мінут стала вядома пра пажар у Русінавічах. Там маланка падпаліла хлеў, сярод іншай маёмасці гаспадары пазбавіліся і 2 тон сена.
Прыкладна а палове першай гадзіны ночы па той жа прычыне загарэўся дом па вуліцы Першамайскай у вёсцы Падлессе. Будынак застаўся без даху, пашкоджаны драўляныя перакрыцці і маёмасць у доме.
Акрамя ляхавіцкіх выратавальнікаў на ліквідацыі пажараў былі задзейнічаны падраздзяленні Баранавіцкага ГАНС і Клецкага РАНС. Змагацца з агнём дапамагалі таксама добраахвотныя пажарныя дружыны СВК “Жарабковічы” і “Ляхавіцкі”, прыцягвалася да работ тэхніка СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Наогул, па па-трабаваннях пажарнай бяспекі ў кожнай гаспадарцы ў гэты час павінна быць арганізавана кругласутачнае дзяжурства тэхнікі, прыстасаванай для пажаратушэння. На жаль, гэтыя па-трабаванні захоўваюцца далёка не ўсюды. Акрамя таго, на аператыўнасці прыезду выратавальнікаў негатыўна адбіваюцца адсутнасць на дамах нумароў і назваў вуліц, а ў выпадку з пажарам у Коньках падраздзяленні РАНС сутыкнуліся з практычна поўнай адсутнасцю дарог…
На шчасце, ні ў адным са згаданых выпадкаў не пацярпелі людзі. Але не выключана, што ў бліжэйшы час навальніцы зноў завітаюць на тэрыторыю раёна. Таму РАНС чарговы раз нагадвае: перш за ўсё, перад навальніцай зачыніце вокны, дзверы, дымаходы; дастаньце з разетак вілкі электрапрыбораў, адключыце ад тэлевізараў антэны, не лішнім будзе праверыць працаздольнасць устаноўленых раней пажарных апавяшчальнікаў. У навальніцу не размаўляйце па тэлефоне і не трымайце металічныя рэчы; не хавайцеся пад адзіночнымі дрэвамі, стагамі і г.д. Памятайце, што маланка часта б’е ў ваду, таму падчас навальніцы нельга купацца і наогул знаходзіцца на беразе вадаёма.
Валерый РАВІНСКІ, начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *