Незалік? На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна арганізавана работа 14 добраахвотных дружын

Адзенне не форменнае, на рукаве — чырвоная павязка… Гэта пра дружынніка — чалавека, які выходзіць на дзяжурства і ў кампаніі такіх жа неабыякавых сочыць за парадкам на вячэрніх і начных вуліцах гарадоў і вёсак. Абавязкова разам з супрацоўнікамі міліцыі. Дарэчы ўспомніць гераіню Ірыны Мураўёвай з любімага многімі фільма “Самая абаяльная і прывабная”, якая менавіта падчас дзяжурства ў складзе народнай дружыны абясшкодзіла злачынцу і нават была за такі смелы ўчынак адзначана падзякай міліцыі…

Гавораць, што новае – добра забытае старое. Тое самае можна сказаць і пра добраахвотныя дружыны. Яшчэ ў чэрвені 2003 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку”, які рэгламентуе ў тым ліку правы і абавязкі добраахвотных дружын. Гэтыя фарміраванні быццам і не спынялі сваю дзейнасць, але ў асноўным існавалі фармальна, былі ”папяровымі”. Ці змянілася што ў лепшы бок?

…Субота, 1 лістапада, 21 гадзіна, цэнтр Ляхавіч – вуліца Леніна. Даволі людна. З кафэ “Алеся” даносіцца музыка — дыскатэка, з боку рэстарана чуецца вясельнае “горка!”, а пакупнікі не пакідаюць без увагі магазін “Родны кут”, каля кінатэатра кампанія моладзі. Вячэрняе жыццё кіпіць, у парку і ля фантана таксама. Некалькі груп маладых людзей, у асноўным падлеткі-школьнікі ці каляджане, бавілі час каля прыступак гарадскога Дома культуры, за вокнамі якога цёмна, дзверы зачынены. На пытанне, чаму мерзнуць, а не танцуюць на дыскатэцы, пачуўся звыклы адказ: “А што рабіць там, дзе не цікава?…”

На стадыёне “Колас” супрацоўнікі міліцыі Дзмітрый Дыдышка і Мікалай Смаршчок тлумачылі кампаніі, што піва ў грамадскіх месцах піць забаронена. Праз 2 гадзіны мы вярнуліся сюды: на лавачках нікога не было. Як, дарэчы, і ў цэнтры горада, толькі дзе-нідзе можна было сустрэць выпадковага прахожага. А вось міліцыянераў, дакладней, патрульных нарадаў, было два. Як адзначыў адказны дзяжурны па РАУС Аляксандр Чурылаў, сітуацыя на гарадскіх вуліцах спакойная.

А вось аб’ект чаканай увагі газетчыкаў – народныя дружыннікі — у гэты вечар на вочы не трапілі – іх не было, што і пацвердзілі супрацоўнікі міліцыі. Наступным вечарам гісторыя паўтарылася – гэта засведчылі ў РАУС.

Не толькі ахова грамадскага парадку падчас правядзення спартыўных і культурных мерапрыемстваў у месцах масавага адпачынку грамадзян у коле абавязкаў дружыннікаў. Яны займаюцца прафілактычна-выхаваўчай работай з цяжкімі падлеткамі, неўладкаванымі сем’ямі, асобамі, якія мелі праблемы з законам. Дарэчы, з іх удзелам з пачатку года выяўлена і спынена 49 адміністрацыйных правапарушэнняў, пераважная большасць з якіх – парушэнне грамадскага парадку і правілаў дарожнага руху. Зразумела, што ў склад такіх дружын могуць уваходзіць людзі, якія самі не парушаюць закон, неабыякавыя, адказныя, добрасумленныя, гатовыя пры любым раскладзе прыйсці на дапамогу.

На тэрыторыі раёна арганізавана работа 14 добраахвотных дружын (задзейнічаны 94 чалавекі), 8 з якіх – у сельскай мясцовасці (у кожным сельсавеце, а камандзірамі большасці з’яўляюцца старшыні сельвыканкамаў). Яны павінны выходзіць на дзяжурствы згодна графіка, па пятніцах, суботах, нядзелях.

Па словах старшага інспектара па дазваляльнай сістэме РАУС Аляксандра Жывіцкага, ў райцэнтры фарміраванні створаны ў лясгасе, ПМК-13, райбальніцы, райаграсэрвісе, на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, арганізавана і маладзёжная добраахвотная дружына райвыканкама. Гэта на паперы, а на практыцы дзяжурствы “па-сапраўднаму” нясуць добраахвотнікі з райаграсэрвісу і райбальніцы, удакладніў Аляксандр Валер’евіч.

Што датычыць вясковых дружыннікаў, то яны спраўляюцца са сваімі абавязкамі значна лепш — дзяжурствы не прапускаюць. Актыўнасці не займаць камандзе з Навасёлкаўскага сельсавета. У яе складзе трое: камандзір — інжынер СВК “Шлях новы” Віталій Панфіла, механізатары гаспадаркі Вадзім Якубовіч і Аляксандр Свірыдовіч. Яны разам з участковым Аляксандрам Машэем не пакідаюць без увагі ўстановы культуры, месцы масавага адпачынку землякоў, праводзяць прафілактычныя гутаркі ў школах, наведваюць неўладкаваныя сем’і.

Дружына – справа добраахвотная. Для таго, каб зацікавіць працаўнікоў уступаць у яе, некаторыя прадпрыемствы распрацавалі меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання дружыннікаў. Ім — дадатковыя дні да водпуску, грашовыя прэміі. Напрыклад, у калектыўным дагаворы ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” прадугледжаны для членаў добраахвотнай дружыны выплаты ў памеры базавай велічыні за кожны выхад на дзяжурства, плюс дадатковы дзень да водпуску. Аляксандр Жывіцкі прывёў і супрацьлеглы прыклад: у ПМС і ПМК-13 такога стымулявання не прадугледжана. Дружыны гэтых арганізацый, як і лясгаса, не выходзяць на сумесныя з міліцыяй дзяжурствы. Каму патрэбна такое віртуальнае існаванне? РАУС накіраваў хадайніцтва ў райвыканкам аб спыненні дзейнасці добраахвотных дружын ПМС, ПМК-13, лясгаса.

Не вырашана пытанне страхавання членаў добраахвотных дружын.

Некалькі гадоў назад у горадзе лепшым фарміраваннем па ахове правапарадку была дружына кансервавага завода, у сельскай мясцовасці —Конькаўскага сельсавета. Цяпер на кансервавым дружыны няма. Інфармацыя для роздуму.

Хутка чарговыя выхадныя. Ці выйдуць на вуліцы горада і вёсак памочнікі па ахове правапарадку?

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *