Надзвычай небяспечна. У Ляхавіцкім раёне гараць тарфянікі

Вось ужо больш як тыдзень гараць дзясяткі гектараў сухой расліннасці і тарфяных масіваў ля вёскі Свяціца. У ліквідацыі ўзгарання задзейнічаны работнікі і тэхніка Ляхавіцкага РАНС, Брэсцкага абласнога УМНС, лясной гаспадаркі, якая ажыццяўляе агляд лясных масіваў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна (СВК “Шлях новы” і “Жарабковічы”), ПМС. Не засталіся ў баку і мясцовыя жыхары.

Асноўным спосабам тушэння тарфянікаў на даны момант з’яўляецца іх затапленне. З гэтай мэтай была адкрыта дамба для падняцця ў меліярацыйных каналах узроўню вады, якой ад помпавых установак заліваюць месцы гарэння торфу. Тушэнне тарфяных падземных пажараў, асабліва вялікіх, калі гарыць слой значнай таўшчыні, — надзвычай складаная задача. Торф можа гарэць ва ўсіх накірунках незалежна ад таго, куды і з якой сілай дзьме вецер. А пад глебавым гарызонтам ён гарыць і ў час невялікага дажджу і снегападу.

З мэтай папярэджання пажараў у экасістэмах работнікі Ляхавіцкага РАНС сумесна з прадстаўнікамі Брэсцкага абласнога УМНС праводзяць прафілактычную работу ў гаспадарках раёна, тлумачаць асноўныя меры пажарнай бяспекі.

Пра гэта гаварылі ў працоўных калектывах СВК “Ліпнянка”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, торфабрыкетнага завода ”Ляхавіцкі”, СВК “Востраў-Агра”, ПМС, з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў.

Выратавальнікі нагадалі прысутным меры пажарнай бяспекі ў экасістэмах, расказалі, як паводзіць сябе ў лесе, на полі, як правільна разводзіць кастры, пра адказнасць за неналежнае выкананне дзеючага заканадаўства. Трэба памятаць, што, згодна Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, іржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі ўзгаранняў на зямельных участках прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 40 базавых велічынь.

Ірына ТУКАЙ,

спецыяліст РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *