Спрадвечная справа ў мадэрнізаваным выкананні. У практыцы аграрыяў і перапрацоўшчыкаў сельгаспрадукцыі Ляхавіцкага раёна новыя тэхналогіі

Ляхавіцкі раён – сельскагаспадарчы. Ёсць у яго аграпрамысловым комплексе шмат агульнага з іншымі рэгіёнамі. Але і адметнасцяў, уласцівых толькі Ляхавіччыне, хапае. Аграрыі і перапрацоўшчыкі іх прадукцыі ніколі не сядзяць без справы. Працы хапае круглы год.

Па выніках работы за 9 месяцаў 2014 года ў раёне няма стратных прадпрыемстваў. Высокі ўзровень рэнтабельнасці продажу дасягнуты ў СВК “Ляхавіцкі”, ДП “Нача”. Сёлета мы сабралі адзін з лепшых ураджаяў збожжавых, перавысілі ўзровень мінулага года і нават 2012 – самага багатага на зерне ў гісторыі раёна. Уборачная 2014 года прайшла на дастаткова высокім арганізацыйна-тэхнічным узроўні. Тэхнічная аснашчанасць (у жніве было задзейнічана 78 збожжаўборачных камбайнаў, больш за 100 грузавых аўтамабіляў, 36 зернесушылак), напружаная праца хлебаробаў дазволілі ўбраць ураджай якасна і ў тэрмін. Валавы збор збожжа па раёне склаў 80,3 тысячы тон пры ўраджайнасці 49,7 цэнтнера з гектара, што вышэй мінулагодняга ўзроўню на 12,2 цэнтнера з гектара.

Сёлета раён сярод лідараў Брэстчыны па вытворчасці цукровых буракоў і піваварнага ячменю. СВК “Ляхавіцкі” ў абласным спаборніцтве па вытворчасці піваварнага ячменю на 2 месцы.

З гонарам называем імёны лепшых работнікаў хлебнай уборачнай кампаніі. Перадавікі абласных спаборніцтваў: Васілій Шадура (СВК “Шлях новы”), Максім Горбік (ЗТАА “БелДан), Андрэй Юруць (ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”), Сяргей Салагуб (СВК “Жарабковічы”), Андрэй Жэрка (СВК “Ляхавіцкі”), Пётр Слабкевіч (ЗАТ “Белпрампрыбор”), Тадэвуш Смычкоўскі і Сяргей Таранда (СВК “Жарабковічы”).

У вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2014 годзе аператар машыннага даення СВК “Жарабковічы” Лідзія Чаркас прызнана пераможцам абласнога спаборніцтва (па гаспадарках з надоем малака на карову за 2013 год — 4001-5000 кілаграмаў). А механізатар СВК «Шлях новы» Уладзімір Мацюшка заняў 3 месца ў спаборніцтве на адвозцы кармоў.

Далёка не ў кожным раёне ёсць такое сучаснае жывёлагадоўчае прадпрыемства, як свінакомплекс ЗТАА “БелДан”. Ён уведзены ў эксплуатацыю ў 2009 годзе. Вытворчая магутнасць комплексу складае 35 тысяч галоў у год. На ім прымяняецца новая дацкая тэхналогія. За 9 месяцаў 2014 года прадпрыемства “БелДан” рэалізавала больш за 47 працэнтаў жывёлы ад раённага паказчыка.

СВК “Жарабковічы” – адно з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны. З далучэннем да яго СВК «Канюхі» тут дабавілася новая вытворчасць – авечкагадоўля. Некалі такія былі ў кожнай вобласці. Цяпер такое сельгаспрадпрыемства засталося адзіным у рэспубліцы. Сёлета гаспадарка пачала папаўняць атару. Завезена 85 ярак і бараноў з Херсонскай вобласці, вядуцца перагаворы па пастаўцы авечак з Аўстрыі.

У раёне працягваюцца работы па будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных фермаў. У лістападзе плануецца ўвод у эксплуатацыю першага пускавога комплексу МТФ “Падбарочча” ў ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Практычна гатовы да ўводу ў эксплуатацыю 2 будынкі МТФ “Жарабковічы”, узводзіцца таксама кароўнік і даільна-малочны блок. Работы на аб’екце пачаты ў ліпені гэтага года, СВК будуе ферму гаспадарчым спосабам.Тэмпы шпаркія.

Цесна звязана з аграрнай галіной перапрацоўчая вытворчасць. СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, напрыклад, – эфектыўна працуючае прадпрыемства са значнымі вытворчымі магутнасцямі, мае шматгадовы вопыт работы і калектыў высокакваліфікаваных спецыялістаў. Выпускае якасную і запатрабаваную прадукцыю. Мае шмат узнагарод. Акрамя таго, завод аказвае фінансавую дапамогу сельскагаспадарчым арганізацыям, асобным – у выглядзе авансавання за пастаўленае малако.

Каля 100 найменняў агароднінных і фруктовых кансерваў, якія карыстаюцца попытам у рэспубліцы і за яе межамі, выпускае ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”.

ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” спецыялізуецца на нарыхтоўцы і пярвічнай апрацоўцы льнотрасты і рэалізацыі льновалакна. Акрамя асноўнай вытворчасці, прадпрыемства вырошчвае лён і традыцыйна мае найбольшыя ў раёне плошчы гэтай культуры.

У ходзе праведзенай мадэрнізацыі на заводзе пабудаваны вытворчы корпус і ўстаноўлены 2 лініі па вытворчасці доўгага і кароткага льновалакна. Увод у эксплуатацыю новага абсталявання дазволіў забяспечыць бесперабойную перапрацоўку льнотрасты, поўную ачыстку льнасемя, тэхналагічную таўшчыню слоя, беражлівы рэжым трапання, выдалення кастрыцы. Павялічыцца і ўдзельная вага доўгага льновалакна – да 45 працэнтаў, што дазволіць забяспечыць эфектыўную работу прадпрыемства і ўмацаваць матэрыяльны дабрабыт работнікаў.

Наогул, аграрнай галіне раёна належыць стваральна развівацца, нарошчваць колькасць прадукцыі і працаваць над паляпшэннем якасці. Пры правільным падыходзе да справы ўсё гэта нам па сілах. Людзі гатовы працаваць на зямлі, выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі. Іх залатыя рукі, адданасць лепшым традыцыям спрадвечнай сялянскай справы гарантуюць: усё павінна атрымацца.

Сяргей БАРГАМОН,

намеснік старшыні райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *