І атрад у дапамогу

Намеснік дырэктара Уладзімір Юруць і брыгадзір вытворчага ўчастка Кацярына Кулак.

Гэты сельскагаспадарчы год для ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” адметны. Пасля доўгага перапынку прадпрыемства стала лепшым на жніве сярод гаспадарак ІІ групы. Усяго крыху не хапіла да запаветных 10000 тон ураджаю. Але і 9865 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці з плюсам 10,3 цэнтнера ў параўнанні з мінулагодняй дарагога вартыя. Яшчэ адзін паказчык, па якім райаграсэрвіс спрацаваў выдатна, – продаж збожжа дзяржаве. ААТ адно з першых у раёне не толькі выканала, але і перавыканала дзяржзаказ: замест 500 тон прададзена 870.

Што датычыць нарыхтоўкі кармоў, то тутэйшы нядаўна створаны спецыялізаваны атрад паклапаціўся не толькі пра запасы на зіму для статка свайго таварыства, але і дапамог СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, іншым гаспадаркам раёна.

Апошнія гады жніво  ў райаграсэрвісе непарыўна звязана з прозвішчам Юруцёў. А дакладней, з малодшым з іх – Андрэем. Старшы камбайнер з усімі званнямі пераможцы працоўнага саперніцтва і сёлета ганарова падымаўся на сцэну абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі- 2014” у Пінску – ён стаў другім у абласным спаборніцтве сярод збожжаўборачных экіпажаў камбайнаў. Радаваўся новай перамозе сына бацька, Уладзімір Фёдаравіч: ён працуе не адзін дзясятак гадоў у райаграсэрвісе (апошнія – намеснікам дырэктара па сельскай гаспадарцы).

Выдатны спецыяліст і намеснік дырэктара па аграхімічным абслугоўванні Зоя Якубец.

Пераможнае сёлетняе жніво і для старшага камбайнера Сяргея Параскевіча, ён на ганаровым другім месцы сярод старшых камбайнераў раёна. Вынікова працуюць вадзіцелі Аляксандр Папко і і Алег Янушкевіч. Сярод калег на адвозцы зерня яны вызначыліся першым і другім месцамі ў раённым спаборніцтве на жніве. Ушаноўвалі і трактарыста-машыніста Аляксандра Цэменю.

Плюс 335 тон — настолькі за 10 месяцаў павялічылася вытворчасць малака ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім паказчыкам. Да 104,2 працэнта вырасла і пагалоўе буйной рагатай жывёлы.

Да канца года ў эксплуатацыю плануецца ўвесці першы пускавы комплекс малочна-таварнай фермы “Падбарочча” з сучаснай вытворчасцю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *