10 гадоў у новай форме

Закладкай сенажу па новай тэхналогіі кіраваў загадчык мехмайстэрнямі Мікалай Бярэзіч

Для ЗАТ “Белпрампрыбор” 2014-ы юбілейны – 10 гадоў назад калгас “Новае жыццё” змяніў сваю назву і форму ўласнасці. А людзі ўсё тыя ж.

У калектыве шмат шчыра адданых хлебаробскай справе. Экіпаж у складзе старшага камбайнера Міхаіла Зубіка і камбайнера Аляксандра Карпіевіча стаў адным з першых “тысячнікаў” у раёне. Міхаіл Зубік не першы раз сярод лідараў. 30 сезонаў ён ужо на камбайне, што б ні даручылі – не падвядзе.

На абласных “Дажынках” у Пінску сёлета ўшаноўвалі маладога вадзіцеля Пятра Сладкевіча, які на ГАЗ-53 перавёз 967 тон збожжа. З тэхнікай ён на ты, таму і на гэты раз машына «са стажам» не падвяла.

Не займаць вопыту Аляксандру Дубіне, які больш за 20 гадоў працуе механізатарам у гаспадарцы

Сёлета на яго рахунку 6136 тон нарыхтаванай сіласнай масы.

Ад якасці кармоў напрамую залежыць якасць малака. Падчас касавіцы для захавання спажывецкіх характарыстык сенажу яго фасавалі ў поліэтыленавыя рукавы. Пакупка машыны-ўпакоўшчыка абышлася ЗАТ больш як у 100000 еўра. “Закатвалі” сянаж і ў плёнку. Нарыхтаваныя па новых тэхналогіях кармы буронкі ахвотна спажываюць. Сытная зімоўка статку забяспечана – у запасах “Белпрампрыбора” 26,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. За 9 месяцаў гэтага года сярэдні надой на карову склаў 3254 кілаграмы, што на 63 кілаграмы больш, чым летась, плюсуюць на 54 грамы і сутачныя прывагі.

Сярэднясутачная прывага свіней на свінакомплексе “Шчэрбава” на адну жывёліну складае 739 грамаў (+ 88 грамаў).

Падмурак будучага ўраджаю закладваецца ўжо сёння. На палеткі вывозіцца арганіка, уносяцца калійныя ўдабрэнні пад яравую сяўбу. Спрыяльнае надвор’е дазваляе займацца ўздымам зябліва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *