Пасля дожджыку, у чацвер

Надвор’е ўсё адкарэкціравала: пасля начной навальніцы камбайны ў поле не выходзілі паўдня. Але хвалявання асаблівага не было, бо ў СВК “Дарава”, напрыклад, засталося ўбраць зерневыя на некалькіх дзесятках гектараў, пасля яшчэ адзін клопат — абмалаціць канюшыну. А там усе 4 экіпажы сельгаскааператыва рушаць на дапамогу СВК “Жарабковічы”. Вымушаная паўза дала магчымасць камбайнерам праверыць работу некаторых вузлоў агрэгатаў, ды яшчэ гаспадарлівым вокам ацаніць карысць ад прайшоўшага дажджу: зазелянела паша, значыць, будзе ў дастатку корму для грамадскага статка.
Госці, якія трымалі курс на СВК ”Дарава”, таксама станоўча ацэньвалі сітуацыю: не давядзецца адрываць ад справы камбайнераў. Тым больш, калі агрэгаты ў загонцы і ідзе строгі падлік намалочаных тон зерня і ўбраных гектараў, яны неахвотна спыняюцца нават і на 5-10 хвілін. Сёння ж цудоўная магчымасць і пагутарыць з хлебаробамі, і ўручыць падарункі лепшым. Старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вайцешык літаральна засыпалі пытаннямі камбайнераў Андрэя Бабко і Яўгенія Гарбатага: мала-дзёжны экіпаж, а такія старанныя і працавітыя хлопцы! Тыя расказвалі, што ўбралі пакуль 146 гектараў, намалацілі 705 тон збожжа, што сёлетняе зерне больш “шчуплае”. Самая важная справа сёння для хлебаробаў – выкананне дзяржзаказу па продажу збожжа, над гэтым і працуюць з самага першага дня ўборкі.
Старшыня СВК “Дарава” Уладзімір Пятроўскі далучыўся да размовы і паведаміў, што гаспадарка ўжо адправіла ў засекі дзяржавы 390 тон лепшай пшаніцы, 120 тон піваварнага ячменю і продаж зерня працягваецца.
Шчырая размова перайшла ў невялікую афіцыйную ўрачыстасць: Мікалай Басалай уручыў Андрэю Бабко і Яўгенію Гарбатаму падарункі і падзячныя пісьмы з пажаданнямі добрых намалотаў і новых перамог.
У суседнім СВК “Шлях новы” на гэты дзень ужо значыліся 2 экіпажы-“тысячнікі”. Мы сустрэліся з імі на машынным двары. Дзмітрый Петух і Аляксандр Дзядовіч, Аляксей Кумейша і Аляксей Васілеўскі ўвіхаліся ля сваіх камбайнаў, успаміналі, як экіпажу Аляксея Кумейшы заставалася намалаціць да тысячы 30 тон зерня, і было вырашана – дабраць сёння ж! Напружаным аказаўся дзень, аднак, паспяховым. Прэтэндэнтам на “1000” быў толькі адзін экіпаж – Дзмітрыя Петуха. Сюрпрыз аказаўся прыемным і для старшыні СВК Аляксандра Вашчука, які тут жа аб’явіў, што, згодна палажэння, распрацаванага ў сельгаскааператыве на перыяд жніва, экіпажу-“тысячніку” ўручаецца прэмія ў 4 базавыя велічыні.
Вельмі дарэчы падаспелі з віншаваннямі прафсаюзныя лідэры. Старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў уручыў экіпажам-“тысячнікам” падарункі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК – падзячныя пісьмы, а старшыня сельгаскааператыва – канверты з прэміямі.
Каля паўдня неба стала праясняцца, цёплы вецер падсушваў збажыну, і камбайнеры ўжо зноў гатовы накіраваць свае агрэгаты ў загонку.
Аляксандр Вашчук адзначыў: “Яшчэ дзень работы і жніво ў гаспадарцы будзе завершана, калі суседзі паклічуць, то мы гатовы папрацаваць і ў іх сельгаспрадпрыемствах”.
Калі пакідалі аграгарадок Навасёлкаўскі, міжволі звярнулі ўвагу на кукурузную плантацыю, якая шчыльнай высокай сцяной падступала да вясковых сядзібаў. Вось дык кукуруза! Прыкінулі: амаль што 3 метры. Моцныя сцябліны, аблепленыя цвёрдымі пачаткамі, — ужо цяпер відаць, што зерне выспее выдатнае.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *