Пагоны абавязваюць. У Ляхавіцкім РАУС служыць 10 участковых міліцыянераў

Знакаміты кінагерой участковы міліцыянер Аніскін – добразычлівы, мудры і справядлівы. Такім і цяпер многія ўяўляюць свайго ўчастковага. Не раз даводзілася чуць, а камусьці і сутыкацца асабіста з работай гэтах вартавых правапарадку. Яны затрымліваюць злачынцаў, утаймоўваюць хатніх скандалістаў і хуліганаў, дапамагаюць вырашаць многія іншыя праблемы. Да іх звяртаюцца ў любы час сутак. Менавіта з гэтымі супрацоўнікамі праваахоўных органаў грамадзянам даводзіцца сустракацца найчасцей, таму ўчастковыя ў значнай ступені фарміруюць грамадскую думку пра міліцыю.

Сёння ў Ляхавіцкім РАУС служыць 10 участковых міліцыянераў, 3 з іх сочаць за парадкам на гарадскіх участках. Пакуль без участковага Конькаўскі сельсавет.

Кіруе аддзяленнем аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС маёр міліцыі Раман Лявонцьеў. У штаце – і вопытныя супрацоўнікі, і моладзь. 24 гады аддаў службе маёр міліцыі Сяргей Куніцкі, амаль 20 гадоў ён на пасадзе ўчастковага. Зараз пад яго пільнай увагай і наглядам спакой жыхароў вуліц Арлоўскага, Кастрычніцкай, Матросава, Інтэрнацыянальнай, завулка Пугачова ў райцэнтры.

Усяго паўтара года ў службе ўчастковы інспектар па Жарабковіцкім сельсавеце лейтэнант міліцыі Дзяніс Бурбіцкі, а колькім людзям паспеў дапамагчы! Калі ў горадзе не кожны ведае свайго ўчастковага ў твар, то ў вёсцы сітуацыя зусім іншая. Да вясковага ўчастковага звяртаюцца напрамую , не тэлефануючы па нумары “102”. Адны — за кансультацыяй, іншыя – з просьбай аб дапамозе ў вырашэнні разнастайных жыццёвых праблем. Участковы для грамадзян і абаронца, і дарадчык, і псіхолаг.

—Як і большасць супрацоўнікаў РАУС, участковыя ўносяць важкі ўклад у падтрыманне парадку і законнасці на тэрыторыі раёна. Іх служба, часам небяспечная, патрабуе цярпення і вытрымкі, ведання нарматыўных прававых актаў, умення знайсці падыход да любога чалавека, аператыўнасці і прафесійнай інтуіцыі, асабістай дысцыпліны і смеласці, — расказвае пра сваіх падначаленых першы намеснік начальніка РАУС Аляксандр Бурбіцкі.

Падтрыманню правапарадку ў сельскай мясцовасці садзейнічае і цеснае ўзаемадзеянне міліцыянераў са старшынямі сельвыканкамаў, саветамі грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, старастамі вёсак ды і самімі вяскоўцамі. На аўтарытэт участковага працуе прыклад асабістых паводзін. Гэта прафесія не дапускае фармальнага падыходу да выканання службовых абавязкаў. Даволі часта ўчастковаму даводзіцца адначасова быць следчым, аператыўнікам і экспертам. Выяўленне і спыненне злачынстваў і правапарушэнняў, пастаянны кантроль за тымі, хто стаіць на разнастайных уліках у РАУС ці раней меў праблемы з законам, разгляд заяў, выезд на месца канфліктаў, апытанне сведкаў. І, канешне, прафілактыка правапарушэнняў, у тым ліку ў сферы сямейна-бытавых адносін. Тым больш, што ў агульнай структуры правапарушэнняў апошнія складаюць немалую частку. З пачатку года участковыя інспектары райаддзела раскрылі 19 злачынстваў. А некаторыя сямейныя “гісторыі”, не завяршыліся трагічна, дзякуючы хуткаму і прафесійнаму рэагаванню на іх участковага.

Важны накірунак “участковай” работы — супрацьдзеянне п’янству і алкагалізму. На працягу гэтага года выяўлены 82 парушэнні антыалкагольнага заканадаўства, канфіскавана і знішчана 824 літры самагоннай брагі і самагону, 243 літры спіртаўтрымліваючай вадкасці, 18 самагонных апаратаў. Судом Ляхавіцкага раёна ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі асуджана 19 хранічных алкаголікаў, з якіх 13 “абавязаныя” асобы, 9 – сямейныя скандалісты. 121 чалавек накіраваны на лячэнне ў абласную псіханеўралагічную бальніцу “Крывошын”, 19 пастаўлены на ўлік ў наркалагічным кабінеце райбальніцы. У гэтай пастаяннай барацьбе з негатыўнымі з’явамі сваю значную ролю адыгралі і дакладныя, прафесійныя, зладжаныя дзеянні участковых інспектараў, якія актыўна і эфектыўна супрацоўнічаюць з іншымі службамі міліцыі. Статыстыка сведчыць, што менавіта ўчастковы вырашае больш за палову ўсіх скаргаў, заяў пра злачынствы і адміністрацыйныя правапарушэнні, якія паступаюць у органы ўнутраных спраў.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *