Не прапальвай сваё жыццё. З 14 па 29 лістапада ў Ляхавіцкім раёне праходзіць акцыя пад такой назвай

З 14 па 29 лістапада бягучага года ў Ляхавіцкім раёне праходзіць акцыя “Не прапальвай сваё жыццё”, накіраваная на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў ложку ў нецвярозым стане.

У гэтым годзе ў раёне ад шкоднай звычкі загінулі 6 чалавек. Сюжэт гэтых трагічных выпадкаў добра вядомы: выпіў-закурыў-заснуў… Тлеючая цыгарэта выпадае з рук п’янага чалавека на пасцельныя прыналежнасці, узгаранне якіх праз 15 хвілін прыводзіць да пажару. У гэтым выпадку смяротную дозу чаду чалавек атрымлівае ўжо праз 3 хвіліны.

Работнікі РАНС добра ведаюць мясцовых гора-курцоў. У Ляхавічах па вуліцы Будаўнікоў, 18 пражывае мужчына, у кватэры якога неаднаразова загараліся пасцельныя прыналежнасці з-за курэння ў ложку ў стане алкагольнага ап’янення. За гэта, дарэчы, ён быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Інспектары РАНС 2-3 разы ў год наведваюць заўзятага парушальніка, нядаўна яны ўстанавілі ў яго кватэры аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Але мужчына працягвае курыць, ствараючы пагрозу суседзям, блізкім і знаёмым.

Для таго, каб пазбегнуць трагічных наступстваў, трэба выконваць элементарныя правілы пажарнай бяспекі і быць пільным пры абыходжанні з агнём.

Ірына ТУКАЙ, спецыяліст РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *