Падарунак ад «Усходняга».

У Ляхавічах 19 гадоў назад напачатку лістапада адчыніў дзверы магазін “Усходні”. Немагчыма падлічыць, колькі чалавек за гэты час зрабілі тут пакупкі. “Усходні” рэканструяваўся, пашыраўся асартымент, раслі гандлёвыя плошчы, усе пераўтварэнні адбываліся пасля дасканалага вывучэння пакупніцкага попыту. Як расказаў кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Уладзімір плюс” Валерый Радзюк, за гэты час у магазіне было праведзена 3 мадэрнізацыі. Апошняя самая маштабная і значная. Пасля яе гандлёвая кропка не толькі набыла новы выгляд, новыя рабочыя месцы, значна пашырыўся асартымент тавараў і паслуг.

Аднаўлення работы магазіна з асаблівым нецярпеннем чакалі жыхары мікрараёна вуліц Будаўнікоў-Южакова і бліжэйшых да іх. Той, хто прыйшоў менавіта на адкрыццё магазіна, змог пачаставацца тортам тутэйшай вытворчасці і першымі ацаніць усе перавагі абноўленага магазіна. А яго сапраўды не пазнаць. Значна павялічыліся гандлёвыя плошчы (што дазволіла размясціць звыш 5000 найменняў розных тавараў), у першую чаргу – за кошт змяншэння складскіх памяшканняў. Устаноўлена новае абсталяванне: халадзільнае, касавае, тэхналагічнае. Для зручнасці пакупнікоў магазін раздзелены на 4 гандлёвыя залы. У першай – малочная прадукцыя, бакалея, садавіна і агародніна (частка яе вырашчана на палях і ў садзе фермерскай гаспадаркі “Уладзімір плюс”). Значныя плошчы адведзены пад мясны, курыны і рыбны асартымент. Трэцяя зала не пакіне абыякавымі аматараў пірожных, тартоў, хлебабулачных вырабаў (таксама ўласнай вытворчасці). Перш чым трапіць да касы, трэба прайсці праз залу з сокамі, вадой і іншымі напіткамі. Словам, магазін не пазнаць.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, які прыняў удзел у адкрыцці абноўленага “Усходняга”, гэта радасная і важная падзея для ўсіх: пакупнікоў, прадаўцоў і гаспадароў магазіна.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *