Тысячны рубеж пакарыўся маладым

Плыве па залацістай хлебнай ніве магутны “ДжонДзір”, якім спрактыкавана кіруе дружны экіпаж у складзе Аляксандра Юніка і Сяргея Казакевіча. Прозвішчы гэтых маладых рупліўцаў хлебнай нівы з СВК “Ляхавіцкі” на слыху не першы год. Старшы камбайнер Аляксандр Юнік і камбайнер Сяргей Казакевіч ужо неаднойчы станавіліся пераможцамі і рэспубліканскага, і абласнога спаборніцтва сярод маладзёжных экіпажаў на ўборцы зерневых і зернебабовых. Сёлета яны першыя сярод маладзёжных экіпажаў Ляхавіччыны перасягнулі тысячны рубеж у намалоце зерня новага ўраджаю.
Спякотны, без ветрыку і дажджу, як і папярэднія, дзень 3 жніўня стаў для зладжанага экіпажа стратэгічным і нават на некалькі хвілін святочным. Аляксандр і Сяргей ”зрабілі” сваю ”тысячу”! Павіншаваць рабят са слаўнай перамогай прама ў поле прыехалі старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, кіраўнік СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко.
Дзмітрый Бурдук шчыра павіншаваў экіпаж з працоўным дасягненнем, пажадаў новых здабыткаў і, канешне, двухтысячных намалотаў — калі не сёлета, то ў годзе наступным.
Да віншаванняў далучыліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Вайцешык, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы і па справах моладзі Міхаіл Дыдышка і Алег Траццяк, першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк, якія ўруч маладым героям жніва падарункі і сувеніры.
— Экіпаж працуе ад світання да змяркання, хлопцы нават абедаюць па чарзе, каб камбайн не прастойваў ні хвіліны. Яны ведаюць кошт кожнаму намалочанаму кілаграму, — расказвае пра адказных і працавітых камбайнераў Аляксандр Вітко.
— Мы выконваем сваю работу, якую добра ведаем, і адчуваем, што на нас ляжыць адказнасць за кожны ўбраны гектар. Шкада, што спякота паўплывала на ўраджай. Трэба сабраць усё да апошняга зярнятка, — гаворыць Аляксандр Юнік. Некалькі імгненняў адпачынку са святочнай нагоды, і вось зноў камбайн, за штурвалам якога нясуць працоўную вахту Аляксандр Юнік і Сяргей Казакевіч, плыве па полі, ашчадна абмалочваючы кожны колас.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *