Дружына, стройся!

Апаратная нарада ў старшыні райвыканкама пачалася з востра пастаўленага кіраўніком раёна пытання выканальніцкай дысцыпліны. Менавіта яе запатрабаваў, у тым ліку ад кіраўнікоў, Вячаслаў Сельмановіч, і менавіта часта недастатковы ўзровень яе з’яўляецца прычынай шматлікіх недаробак і мінусаў. А яшчэ бяздзейнасць адказных асоб. Як не парадаксальна, але гэты папрок адрасаваны і сельвыканкамам. Дарэчы, патрабуе рэанімацыі, ва ўсякім разе – актывізацыі дзейнасць добраахвотных дружын, заняцца гэтым неабходна неадкладна: тут і цяпер.

Увага засяроджана і на навядзенні парадку: каб вясной з-пад снегу не вылазілі мінулагоднія “прывітанні”, іх трэба ўбраць літаральна за лічаныя дні, пакуль дазваляе надвор’е. Кароткі светлавы дзень, даруйце каламбур, высветліў і некаторыя сезонныя нязручнасці з суб’ектыўным фактарам у аснове. Старшыня райвыканкама занепакоены адсутнасцю ліхтароў на вуліцы Арлоўскага, на прывакзальнай плошчы, на аўтобусных прыпынках. У цемры і так званае кальцо на перасячэнні вуліцы Арлоўскага і аб’язной дарогі. На пытанне, як без выдаткаў і траўм дабрацца да Дома культуры райаграсэрвіса вечарам, адказ можа быць толькі адзін: узяўшы ў рукі персанальны ліхтар. Магчыма, менавіта цемната не дазволіла адказным службам убачыць гэтыя нязручнасці… Старшыня райвыканкама даў даручэнне свайму намесніку Вячаславу Самахвалу, а таксама кіраўніцтву жылкамунгаса гэта пытанне вырашыць да 1 снежня, кіраўніцтву ДЭУ-24 і ДРБУ-200 – навесці на прыпынках парадак.

Вялікая размова вялася наконт вытворча-эканамічнага стану райаграсэрвісу. Вячаслаў Сельмановіч канстатаваў: прыніжаная патрабавальнасць, нізкая выканальніцкая дысцыпліна, бескантрольнасць з боку кіраўніцтва таварыства, бяздзейнасць спецыялістаў і многія іншыя акалічнасці перашкаджаюць развіццю і стабільнасці райаграсэрвіса. Адлюстраваныя на фотаздымках “карцінкі з глыбінкі”, дзе ў кадры Малагарадзішчанская МТФ, не даюць магчымасцяў для апраўдання — натуральны вэрхал. Жывёла ўтрымліваецца ў гноі, паўсюдная антысанітарыя, рацыён статку не паддаецца ніякім тлумачэнням.

Рытарычнае пытанне кіраўніка раёна: ці многа грошай патрэбна для таго, каб навесці тут, а таксама на Альхоўскай ферме элементарны парадак? Выніковасць такой запушчанай вытворчасці не можа, па вызначэнні, быць станоўчай. Дарэчы, што датычыць парадку, то на Вялікагарадзішчанскай ферме справа значна лепшая. Могуць, калі захочуць.

Кіраўнік раёна вызначыў сціслы тэрмін для таго, каб паправіць сітуацыю, ва ўсякім разе, як гавораць, забяспечыць трывалую станоўчую тэндэнцыю, і адказнага за гэта – дырэктара райаграсэрвіса Дзмітрыя Несцяровіча. Абгрунтаваныя прэтэнзіі прагучалі ў адрас эканамічнай службы таварыства, раённых ветэрынарнай і племянной станцый. Пасля 10 снежня плануецца заслухаць справаздачу аб фінансава-эканамічнай дзейнасці райаграсэрвісу.

Пра гэта і пра аналагічны негатыў з іншым адрасам – СВК “Востраў-Агра” — Вячаслаў Сельмановіч нагадаў свайму намесніку, старшыні райсельгасхарчу Сяргею Баргамону з патрабаваннем дзейснага кантролю і прыняцця неабходных мер.

На гэтай жа апаратнай нарадзе аб арганізацыі ацяпляльнага сезону і нарыхтоўцы другаснай сыравіны дакладвалі начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Грынялевіч і дырэктар жылкамунгаса Аляксандр Мядзвецкі. Па першым пытанні асаблівых праблем няма. Што датычыць другога, то: заданні па нарыхтоўцы паперы і выкарыстаных аўтамабільных шын павінны быць выкананы, як гэта зроблена ўжо са зборам поліэтылену, тэкстылю, шкла.

Не абышлося і на гэты раз без крытыкі мясцовага гандлю, у прыватнасці, прадпрыемстваў райпо. Прэтэнзіі да арганізацыі грамадскага харчавання, культуры абслугоўвання ў гандлёвых кропках (па-ранейшаму ёсць пытанні да асартыменту, па продажу прадуктаў з зышоўшым тэрмінам годнасці, да цэнаўтварэння – чаму хлеб у вёсцы даражэй, чым у горадзе – парадаксальная акалічнасць). Чакаем змен да лепшага.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *