Лячыць павінен урач. На прэс-канферэнцыі ў аблвыканкаме абмяркоўваліся змяненні ў парадку выдачы рэцэптаў лекавых сродкаў і іншыя надзённыя пытанні аховы здароўя

Падчас прэс-канферэнцыі 18 лістапада на пытанні журналістаў адказвалі начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Святлана Крапівіна, выконваючы абавязкі першага намесніка начальніка ўпраўлення Ігар Максімаў, дырэктар РУП “Фармацыя” Вячаслаў Гніцій, галоўны спецыяліст па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Ірына Дракіна, галоўны тэрапеўт Леанід Горбіч, галоўны пульманолаг Вячаслаў Гаўрыленка, галоўныя ўрачы абласнога кардыялагічнага дыспансера – Наталля Пабіванцава, эндакрыналагічнага – Артур Грыгаровіч і іншыя кампетэнтныя асобы. У прэс-канферэнцыі прыняў удзел начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Мурашкін. Галоўная тэма – змяненні ў заканадаўстве аб парадку выдачы рэцэптаў на лекавыя сродкі.

Святлана Крапівіна адзначыла, што пастанова, прынятая Міністэрствам аховы здароўя месяц назад, не змяніла пералік лекавых сродкаў, якія рэалізуюцца без рэцэпта ўрача. Накіравана яна, перш за ўсё, на ўпарадкаванне прыёму лекавых сродкаў, на выключэнне бескантрольнасці і самалячэння, якія часта прыводзяць да незваротных у арганізме чалавека з’яў. Лякарства ў шэрагу выпадкаў, асабліва пры перадазіроўцы – гэта яд. Часта пацыенты самі адмяняюць прыём назначаных доктарам лекаў, калі бачаць паляпшэнне стану здароўя. Пасля гэтага зноў назіраецца пагаршэнне, урач вымушаны назначаць іншыя прэпараты, лячэнне займае значна больш працяглы час.

Святлана Крапівіна расказала, што ў сувязі з новаўвядзеннямі ўпраўленне аховы здароўя правяло папераджальныя мерапрыемствы для выключэння ўзнікнення напружання ў рабоце лячэбных устаноў. А вывучэнне сітуацыі паказала, што ажыятажу, звязанага са змяненнем парадку водпуску лекаў у аптэчнай сетцы, няма. Каб навацыя стала звыклай з’явай, патрэбен час. Не пашкодзіць, безумоўна, і актыўная растлумачальная работа. Сёння яшчэ не ўсе ведаюць, што выпісваць рэцэпты маюць права ўрачы не толькі паліклінікі, але і стацыянара, хуткай дапамогі, прыёмнага пакою.

Дырэктар РУП “Фармацыя” заўважыў, што 59 працэнтаў лекавых сродкаў рэалізуецца без рэцэпта. У гэты пералік уваходзяць усе лекавыя сродкі, неабходныя для аказання самадапамогі ў дамашніх умовах з мінімумам пабочных эфектаў, што не патрабуюць назірання ўрача. Вячаслаў Гніцій нагадаў: пастанова Міністэрства аховы здароўя абавязковая да выканання ўсімі суб’ектамі гаспадарання, што маюць ліцэнзію на фармацэўтычную дзейнасць.

Пацыентам з хранічнымі захворваннямі можа выпісвацца рэцэпт на лекавыя сродкі тэрмінам да 6 месяцаў. Але, як заўважыла Святлана Крапівіна, гэты дазвол распаўсюджваецца не на ўсіх. Калі гіпертонікам для кантролю за станам здароўя трэба прыйсці да доктара праз 3 месяцы, то рэцэпт выпісваецца на гэты тэрмін. Рэцэпт павінен стаць матывам для захавання здароўя, пра якое пацыенту належыць клапаціцца самому. Доктар, у сваю чаргу, нясе адказнасць за назначаны лекавы сродак.

“Наша задача – запрасіць у паліклінікі і матываваць на зносіны з урачамі тых, хто прынцыпова іх ігнаруе – асоб працаздольнага ўзросту. Гэта паралельнае пытанне, якое мы вырашаем пры дапамозе рэцэпта. Галоўнае – упарадкаванасць контролю за прымяненнем лекавых сродкаў. Бескантрольнасць у гэтым пытанні не прыводзіць да паляпшэння стану здароўя. Разнастайнасць лекавых сродкаў, неразуменне таго, як адзін прэпарат можна замяніць другім, карыстанне парадамі суседкі да добрага не прыводзіць”, – заўважыла Святлана Крапівіна. Яна выказала ўпэўненасць, што прынятыя арганізацыйныя меры дазволяць сістэме аховы здароўя вобласці справіцца з магчымым наплывам людзей у паліклініках.

Галоўны ўрач абласнога кардыялагічнага дыспансера Наталля Пабіванцава заўважыла, што ўжо паўтара года дзейнічае механізм выпіскі некалькіх рэцэптурных бланкаў пацыентам, якія маюць ільготы. Зараз такі ж алгарытм распаўсюджаны на лекавыя сродкі, якія адпускаюцца за поўны кошт.

Галоўны ўрач Брэсцкай гарадской бальніцы №1 Эдуард Бабіч канстатаваў, што аб’ём выпісаных рэцэптурных бланкаў за апошні час у іх лячэбнай установе павялічыўся ў 6 разоў: “Калі раней мы выдавалі прыкладна 500 рэцэптаў у месяц, то цяпер пры амбулаторнай кансультацыі ці пры выпісцы пасля лячэння ў стацыянары – да 3000. Але праблем не ўзнікае, спраўляемся. Выпіска рэцэпта, калі гэта тыповыя лекі, займае 15-20 секунд”.

Спецыялісты развеялі чуткі пра тое, што па рэцэпце выдаюцца толькі імпартныя лекавыя сродкі. Як заўважыла Святлана Крапівіна, у рэцэптурны пералік уключаюцца прэпараты ў залежнасці ад сілы дзеяння, наяўнасці пабочных эфектаў і іншых праблем, звязаных з прымяненнем.

Вячаслаў Гніцій расказаў, што фармацэўтычная галіна рэспублікі прадстаўлена 28 прадпрыемствамі. Айчынныя вытворцы выпускаюць каля 1 350 найменняў з крыху больш за 5000 лекавых сродкаў, што дазволены да рэалізацыі ў краіне. “Імпартазамяшчэнне ўласціва ўсім краінам. Кожны вытворца зацікаўлены прадаваць свае лекі на ўнутраным рынку. Сусветныя вытворцы фармацэўтычнай субстанцыі – Індыя і Кітай. І ўсе вытворцы лекавых прэпаратаў закупляюць субстанцыю ў гэтых дзвюх краінах, беларускія не выключэнне. Субстанцыя – адна на ўсіх, метады і тэхналогіі вытворчасці падобныя. Нашы беларускія лекавыя сродкі па тэрапеўтычнай эфектыўнасці не саступаюць замежным аналагам”, – падкрэсліў дырэктар РУП “Фармацыя”. А начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама дадала, што ўрач выпісвае прэпарат з улікам адпаведнасці з яго міжнароднай непатэнтаванай назвай, з улікам яго эфектыўнасці для канкрэтнага пацыента. Сэканомленая валюта дазволіць закупіць тыя лекавыя сродкі, якія ў Беларусі не выпускаюцца і якія жыццёва неабходныя пры некаторых захворваннях. Абмежаванняў на закупку імпартных прэпаратаў няма. Права выбару заўсёды застаецца за пацыентам.

Прагучала пытанне і наконт таго, што па льготным рэцэпце выпісваюць толькі лекі айчынных вытворцаў. Дырэктар “Фармацыі” адказаў, што парадак водпуску ў аптэках лекаў па рэцэптах, выпісаных на льготных умовах і бясплатна, рэгулюецца нарматыўнымі дакументамі Міністэрства аховы здароўя. Парадак рэалізацыі наступны: адпускаюцца прэпараты айчынных вытворцаў і закупленыя за цэнтралізаваныя сродкі. Калі ў пацыента ўзнікла алергічная рэакцыя, непераноснасць, то кансіліум прымае рашэнне замяніць прэпарат іншым пад гэтай жа гандлёвай назвай.

Галоўны ўрач абласнога эндакрыналагічнага дыспансера Артур Грыгаровіч падкрэсліў, што новаўвядзенні ў водпуску лекаў у нейкай меры дысцыплінуюць і дактароў: “Маючы дакладную нарматыўную базу аб парадку выпіскі лекавых сродкаў, мы наблізіліся да міжнароднага стандарту. Так, нагрузка павялічылася. Але да гэтага неабходна прывыкнуць”.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

ПЕРЕЧЕНЬ  лекарственных средств, реализуемых без рецепта врача скачать перечень

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *