Навука быць салдатам. Адпраўка папаўнення ва Узброеныя Сілы краіны будзе праходзіць у Ляхавіцкім раёне да 25 лістапада

Дзейнасць прызыўной камісіі выйшла на фінішную прамую: медыкі вынеслі свой вердыкт, прадстаўнікі воінскіх часцей зрабілі выбар у адпаведнасці з маральна-дзелавымі якасцямі прызыўнікоў. Павесткі — білеты ў армейскае жыццё — на руках.

Адкрылі “сезон” дэсантнікі, якія ў ноч на 16 лістапада адправіліся ў 38 асобную мабільную гвардзейскую брыгаду сіл спецыяльных аперацый, што дыслакуецца ў Брэсце. Яшчэ 4 навабранцы з нашага раёна будуць ахоўваць дзяржаўную граніцу ў Пінскай пагранчасці. Мясцовыя юнакі накіруюцца ў воінскія часці Баранавічаў, Гомеля, Слоніма, Слуцка. 39 нашых землякоў падчас восеньскага прызыву папоўняць рады салдат тэрміновай службы.

6 чалавек атрымаюць ваенную спецыяльнасць у воінскіх часцях Мінска, Слоніма і Барысава без адрыву ад вытворчасці – будуць служыць у рэзерве. У тых, хто мае вышэйшую адукацыю, зборы будуць праходзіць на працягу 2 гадоў, сярэднюю спецыяльную – 3.

Гэты прызыў асаблівы. Сёлетнія навабранцы не зялёныя юнакі, адзначае ваенны камісар раёна Аляксей Навіцкі, гэта маладыя людзі, сталыя асобы, якія атрымалі спецыяльнасць, папрацавалі, а зараз будуць спасцігаць навуку салдацкага жыцця.

Адпраўка папаўнення ва Узброеныя Сілы краіны будзе праходзіць у раёне да 25 лістапада.

…Перад развітаннем словы падтрымкі і наказы, маці ўпотай змахне слязу, а дзяўчына паабяцае чакаць – гэта яшчэ “грамадзянка”, а за ёй новы статус і пачэсны абавязак – абаронца Айчыны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *