Супраць агню ўсім светам. У Ляхавіцкім раёне праводзілася тушэнне 46 прыродных пажараў

З пачатку бягучага года (па стане на 31 кастрычніка) на тэрыторыі рэспублікі адбыўся 4031 прыродны пажар, у тым ліку 411 лясных, 580 тарфяных, 3040 – травы і кустоўя. З канца кастрычніка адзначаецца знач-ны рост колькасці прыродных пажараў.

У Ляхавіцкім раёне каля в. Свяціца на землях СВК “Ліпнянка” з 28 кастрычніка па 13 лістапада праводзілася тушэнне 46 прыродных пажараў (33 тарфяных, 13 травы і кустоўя). Для ліквідацыі ўзгарання плошчай 700 га былі задзейнічаны больш за 18 адзінак пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі і 55 чалавек асабовага складу Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Кобрынскага, Пружанскага РАНС, ГРАНС і ПАВА г. Брэста. Для рамонту і аднаўлення тэхнікі прыцягвалася Брэсцкая рамонтна-аднаўленчая часць, для падвозу асабістага складу — тэхніка Ганцавіцкага РАНС. Выкарыстоўвалася і прызначаная для мэт пажаратушэння тэхніка СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, “ Ліпнянка ” , лясгаса , райаграсэрвіса, ПМС, ЗАТ “Белпрампрыбор”, ПМК -13.

Давялося прыкласці нямала  намаганняў, каб ліквідаваць наступствы людской нядбайнасці. З раніцы да позняга вечара знясіленыя, ахутаныя едкім дымам байцы працавалі на палях. Ладзілася справа ў руках вопытнага вадзіцеля пажарнай машыны з СВК “Жарабковічы” Івана Сергіені, які з дня ў дзень змагаўся з вогненнай стыхіяй.

“За 23 гады працы на пажарнай машыне ўпершыню сутыкнуўся з такой сур’ёзнай праблемай, — дзеліцца Іван Рыгоравіч. — Працаваў сам, з работнікамі МНС, на выхадных — з сынам Сяргеем, будучым аграномам».

Дапамогу ў тушэнні прыродных пажараў аказалі жыхар  Свяціцы  Раман  Саўчык і дзесяцікласнік Ліпскай СШ Ягор Курловіч. Яны  праявілі ўласную ініцыятыву, не шкадуючы сіл і часу, тушылі ачагі ўзгарання.

На ліквідацыю прыродных пажараў зрасходавана больш за 17 тысяч літраў дызельнага паліва, 18 тысяч літраў бензіну.

Да вялікіх страт прывяла людская нядбайнасць. Варта памятаць, што за даныя супрацьпраўныя дзеянні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Ірына ТУКАЙ,

спецыяліст РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *