І ў гэтых рэсурсаў ёсць рэзервы. На 2016 год у Ляхавічах намечана ўстаноўка лініі па сартаванні цвёрдых камунальных адходаў

Прасаванне ТБА: працэсам кіруе Руслан Лявіцкі.

Многае з таго, што яшчэ параўнальна нядаўна пазіцыянавалася як смецце, без сумнення і жалю выкідвалася, – сёння каштоўная сыравіна. Галоўны старт кампаніі ашчаднасці, дыферэнцыяцыі ў адносінах з цвёрдымі камунальнымі адходамі быў дадзены ў чэрвені 2009 года, з зацвярджэннем дзяржаўнай праграмы збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў Рэспубліцы Беларусь. У рэгіёнах “пад праграму” былі распрацаваны адпаведныя мерапрыемствы. У тым ліку і што тычыцца матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння працэсу паасобнага збору цвёрдых бытавых і камунальных адходаў. Да ўзгаданых вышэй кантэйнераў у “колер” смецця, мабільнага прыёмнага пункта і іншага можна назваць, напрыклад, устаноўку яшчэ аднаго прэса. Па інфармацыі ЖКГ, работы новаму агрэгату хапае: у сугуччы з сітуацыяй можа працаваць з паперай-кардонам, можа – з адходамі групы ПЭТ. Увогуле, банальнасць, але ж – першачаргова неабходная банальнасць.

Чым далей, тым больш прагрэсіўнымі становяцца патрабаванні да спосабаў і метадаў нарыхтоўкі другаснай сыравіны. Адно з пытанняў пасяджэння абласнога выканаўчага камітэта, якое адбылося крыху больш як месяц назад, так і гучала: аб стане работы па ажыццяўленні паасобнага збору другасных рэсурсаў у Брэсцкай вобласці. У буйных гарадоў вобласці – Брэст, Баранавічы, Пінск – свае ў гэтым накірунку задачы. Напрыклад, наяўнасць у шматпавярховым доме смеццеправода яшчэ дастаткова нядаўна лічылася адной з бытавых выгод. Аднак, нязначнасць выгод істотна перакрывалася момантамі негатыву, якія спадарожнічалі наяўнасці ў доме смеццеправода. Перманентная антысанітарыя ў месцах смеццепрыёмнікаў, напрыклад, – “традыцыйнае” да іх дапаўненне. Стаіць задача паступовага, ва ўзгадненні з насельніцтвам закрыцця падобных камунікацый.

Вадзіцеля-нарыхтоўшчыка Івана Мішкевіча і яго «МАЗ» ведаюць ва ўсіх кутках раёна.

Ва ўсіх раённых цэнтрах – дзе раней, дзе пазней – павінны быць створаны лініі па сартаванні цвёрдых каму¬нальных адходаў. У Ляхавічах такі аб’ект будзе створаны і выведзены на эфектыўную эксплуатацыю не пазней як у 2016 годзе. Як расказалі ў аддзеле ЖКГ райвыканкама, вядзецца аналіз сітуацыі: дзе, што, як? Зрэшты, галоўным тут з’яўляецца іменна “дзе”: дзе размясціць сартавальны пункт? Сярод патэнцыяльных пляцовак – памяшканні ПМК-17, якія не выкарыстоўваюцца. На якіх умовах памяшканне можа быць задзейнічана, якое і ў чым пераабсталяванне пры гэтым неабходна і іншае – вырашаецца. Ёсць ужо некаторыя “эскізныя” меркаванні і наконт неабходнай тэхналагічнай аснасткі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *