1 снежня – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

Сусветны дзень барацьбы са СНІДам упершыню адзначаўся 1 снежня 1988 года пасля таго, як на сустрэчы міністраў аховы здароўя ўсіх краін прагучаў заклік да сацыяльнай цярпімасці і пашырэння абмену інфармацыяй па ВІЧ-СНІДу.

Сёлетняя яго тэма “Дабіцца нуля” азначае мэту “Нуль новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, нуль дыскрымінацыі, нуль смерцяў ад СНІДу”.

Людзі і асабліва моладзь павінны асэнсоўваць глыбіню праблемы. Адзінае выратаванне ад ВІЧ-інфекцыі — прафілактыка. Для больш шырокага ахопу насельніцтва прафілактычнымі мерамі кожны чалавек на планеце павінен мець свабодны доступ да інфармацыі пра ВІЧ-СНІД, што дазволіць пазбегнуць негатыўных адносін да ВІЧ-інфіцыраваных з боку суседзяў, настаўнікаў і выхавальнікаў, медработнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый.

Да пачатку гэтага года хвароба забрала жыцці каля 39 мільёнаў чалавек, яшчэ каля 35 мільёнаў жывуць з ВІЧ/СНІДам. Штогод у свеце заражаецца больш за 2 мільёны чалавек.

Лічыцца, што кожны соты жыхар планеты ўжо заражаны ВІЧ. Беларусь займае сёмае месца сярод краін рэгіёна (пасля Расіі, Украіны, Эстоніі, Малдовы, Таджыкістана, Латвіі) па тэмпах распаўсюджвання гэтай інфекцыі: па стане на

1 лістапада гэтага года яна дыягнаставана ў 13208 чалавек. За 10 месяцаў 2014 года выяўлена 1391 ВІЧ-інфіцыраваных, пераважна – маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў. Але штогод павялічваецца і колькасць заражаных ва ўзросце 30 гадоў і старэйшых.

Асноўныя шляхі перадачы – сэксуальныя кантакты (1111 чалавек), ін’екцыйнае ўжыванне наркотыкаў (252 чалавекі).

У Брэсцкай вобласці па стане на 1 лістапада 2014 года зарэгістравана 1375 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі.

Найбольшая колькасць іх выяўлена ў Пінску — 614 (55 у 2014 годзе); Брэсце – 202 выпадкі (17); Баранавічах і Баранавіцкім раёне — 142. У Ляхавіцкім раёне зарэгістраваны 8 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі (адзін выпадак у гэтым годзе).

Усяго ў вобласці нарадзілася 162 дзіцяці ад ВІЧ-інфіцыраваных маці, у тым ліку сёлета – 22. Пры правядзенні ў час цяжарнасці, родаў і ў пасляродавым перыядзе комплексу спецыяльных мерапрыемстваў (антырэтравірусная прафілактыка, штучнае выкормліванне і інш.), рызыка нараджэння дзіцяці з ВІЧ не перавышае 2 працэнтаў. Дыягназ “ВІЧ-інфекцыя” пастаўлены 14 дзецям.

Ці можна заразіцца СНІДам у выніку звычайных штодзённых стасункаў?

Не трэба панікі, таму што ВІЧ не перадаецца пры звычайных зносінах з інфіцыраванымі людзьмі. Вы не заразіцеся СНІДам пры доглядзе за хворым, знаходжанні з ім у адным памяшканні, пацісканні рукі, абдымках і сяброўскіх пацалунках, пры яго кашлі і чыханні, карыстанні грамадскім тэлефонам, душам, туалетам і плавальным басейнам, датыканні да ручкі дзвярэй, выкарыстанні прадметаў хатняга ўжытку.

Заражэнне ВІЧ адбываецца ад інфіцыраванага чалавека ў асноўным палавым шляхам, магчыма таксама заражэнне праз кроў, унутрыўтробна пры родах і кармленні.

Лячэнне ВІЧ-інфекцыі (антырэтравірусная тэрапія) – гэта магутны фактар двайнога дзеяння, які адначасова выратоўвае жыццё і папярэджвае новыя выпадкі інфіцыравання. Ранняе выяўленне і своечасовае назначэнне лячэння з’яўляюцца дзейснай мерай у барацьбе з захворваннем.

Атрымаць кансультацыю па пытаннях прафілактыкі ВІЧ/СНІДу можна ў тэрытарыяльным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па тэл. у Ляхавічах 2-11-37 або ў аддзеле прафілактыкі ВІЧ/СНІД ДУ “Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя” па тэл. 8-0162-23-67-00, 23-61-05, а прайсці абследаванне на ВІЧ, у тым ліку ананімнае, у працэдурным кабінеце райпаліклінікі.

У райбальніцы працуе “тэлефон даверу” 2-07-46.

Ларыса КЕНДЫШ,

памочнік урача-эпідэміёлага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *