Увага без ліміту. Ход выканання комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на 2011-2015 гады быў разгледжаны на чарговым пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама.

Ход выканання комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на 2011-2015 гады быў разгледжаны на чарговым пасяджэнні райвыканкама.

З дакладам па гэтым пытанні выступіў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса. Ён адзначыў, што мерапрыемствы комплекснай праграмы накіраваны на сацыяльную падтрымку ветэранаў, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, пажылых людзей і інвалідаў. На 1 ліс-тапада ў раёне 8999 чалавек дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, з іх 34 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, 35 былых вязняў фашызму, 544 адзінокіх і 3116 адзінокапражываючых грамадзян пажылога ўзросту, 3 жанчыны перасягнулі 100-гадовую мяжу.

Штогод праводзіцца комплекснае абследаванне матэрыяльна-бытавых умоў жыцця гэтых людзей, яго вынікі заносяцца ў банк даных. Тым, каму патрабуецца, аказваецца матэрыяльная і адрасная сацыяльная дапамога.

На фінансаванне мерапрыемстваў праграмы сёлета сродкі выдаткаваны з раённага бюджэту. Згодна рашэння райвыканкама рамонт электраправодкі і пячнога ацяплення за кошт мясцовага бюджэту выконваўся ў дамах адзінокіх пажылых людзей, чый даход на члена сям’і не перавысіў 1,5 бюджэта пражытачнага мінімуму.

Сацыяльным абслугоўваннем на даму ахоплены 564 чалавекі, большасць з якіх пражывае ў сельскай мясцовасці. Дзейнічае 5 сацыяльных пунктаў, філіял аддзялення сацыяльнай дапамогі.

Раённая арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў аб’яднала ў сваіх радах 663 чалавекі , БелТІЗ – 171.

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама аказвае матэрыяльную дапамогу са сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва маючым патрэбу грамадзянам у сітуацыях, цяжкіх для самастойнага вырашэння. За 10 месяцаў такім відам дапамогі скарысталіся 303 пенсіянеры па ўзросце і па інваліднасці. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога са сродкаў раённага бюджэту назначана 481 чалавеку на суму больш за 648 мільёнаў рублёў.

Пад асаблівым кантролем — якасць медыцынскага абслугоўвання вышэйзгаданых катэгорый грамадзян. Дарэчы, у раённай бальніцы дзейнічае “Школа трэцяга ўзросту”, у якой сёлета прайшлі навучанне 60 чалавек. Запатрабаваны паслугі і гэрыятрычнага кабінета.

У Крывошынскай участковай бальніцы на базе тэрапеўтычнага аддзялення адкрыты ложкі сястрынскага догляду. Аднак існуе неабходнасць у павелічэнні іх колькасці. Вырашыць праблему можа адкрыццё на базе ТЦСАН аддзялення кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў. Кіраўніцтву ЦРБ даручана разгледзець магчымасць павелічэння колькасці сацыяльных ложкаў у зімовы перыяд у тэрапеўтычным аддзяленні Крывошынскай участковай бальніцы. Але тут існуе праблема. Часам родныя перакладваюць догляд за блізкім чалавекам на дзяржаву… А так быць не павінна.

За кошт укаранення новых формаў абслугоўвання насель-ніцтва значна пашырыўся пералік паслуг, што аказваюцца пажылым людзям гандлёвымі і бытавымі прадпрыемствамі. Так, ветэраны вайны, інваліды і пенсіянеры маюць магчымасць набыць у магазінах райпо тавары ў крэдыт тэрмінам на 4 месяцы без першапачатковага ўзносу і на паўгода з першапачатковым узносам. ТЦСАН арганізуе для пажылых грамадзян і інвалідаў цырульніцкія паслугі на даму па нізкіх цэнах. Працуе тут і пункт пракату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. Шэраг паслуг аказваюць аддзяленні паштовай сувязі.

Удасканальваецца работа па арганізацыі адпачынку пенсіянераў і інвалідаў. Так, у аддзяленні дзённага знаходжання для іх працуе 5 гурткоў, арганізоўваюцца экскурсіі і паходы. Ладзяцца шматлікія мерапрыемствы, запатрабаваныя ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі цэнтра. Народны хор і клуб ветэранаў вайны і працы “Сівізна” – удзельнік усіх раённых святаў.

На парадку дня далейшае ўдасканаленне сістэмы сацыяльнага абслугоўвання, укараненне новых яго формаў. Першачарговая ўвага да патрэбаў ветэранаў вайны, стварэння безбар’ернага асяроддзя, мабільнай брыгады сацыяльнага абслугоўвання, магчымасць пашырэння бытавых паслуг для пенсіянераў – гэтыя і іншыя пытанні, прапановы ўзнімаліся падчас абмеркавання выканання раённых мерапрыемстваў комплекснай праграмы сацыяльнага абслугоўвання ў бягучым годзе.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *