Недагляд не ідзе на лад

І гэта яшчэ не горшы варыянт, калі нейкія, у нечым або некага хібы заканчваюцца так нейтральна. Нярэдка іх вынік вымяраецца глыбокім “мінусам”. Гарачай тэмай апошняй апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама стала абмеркаванне пастфактум “вогненнай” сітуацыі, што на працягу дзён разгортвалася ў свяціцкіх балотах і вакол іх. Разбіраліся ў прычынах узнікнення, вызначалі і аналізавалі вузкія месцы ў арганізацыі пажаратушэння, каб мець вопыт (няхай падобная практыка ніколі і нікому больш не спатрэбіцца). Па вызначэнні старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, тое, што адбылося, трэба расцэньваць як недапрацоўку ўлады на месцах, як вынік доўгатэрміновага недагляду. Абсалютнай дакладнасці адносна прычыны ўзнікнення ўзгарання пакуль няма, але відавочна, што агонь быў “занесены”. Магчыма, у выглядзе кінутага кімсьці недакурка, пакінутага непатушаным вогнішча, чым, здараецца, грашаць шматлікія ў тутэйшых угоддзях рыбакі. Не выключаецца і наўмысны падпал. Сухая трава гарыць, бы порах, агонь дзявятым валам распаўсюджваецца на новыя плошчы. Эстафету прымаюць тарфяныя залежы, гарэнне якіх вельмі спецыфічнае: напрыклад, можа працягвацца пры недахопе кіслароду, часта праходзіць скрытна, уяўляе значную складанасць пры тушэнні. А калі б трава належным чынам была скошана і ўбрана? Калі б ачагі ўзгарання былі своечасова выяўлены і ліквідаваны? Пытанні адрасаваліся, у першую чаргу, кіраўніцтву тамтэйшых сельгаспрадпрыемстваў, сельвыканкамаў.

Справаздача старшыняў сельвыканкамаў таксама была адной з тэм апаратнай нарады. Што канкрэтна зроблена імі на працягу апошняга тыдня, што з занесенага ў план работы выканаць не атрымалася? У чым прычына і, наогул, наколькі папярэднія дэкларацыі старшынь сельвыканкамаў супадаюць з іх рэальнымі дзеяннямі? Як заўважыў Вячаслаў Сельмановіч, складваецца ўражанне, што планы гэтыя пішуцца для кіраўніцтва раёна, а не, як тое і павінна, для сябе.

Санітарны стан населеных пунктаў, іх добраўпарадкаванне, асвятленне вясковых вуліц, напаўняльнасць крамаў і іншыя пытанні, якія характарызуюць якасць жыцця землякоў, былі “профільнымі” ў ходзе традыцыйнай штотыднёвай апаратнай нарады.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *