Нашы брэнды

Тэхніка «Гефест» заўсёды выклікае інтарэс у пакупнікоў.

Нават цяжка ўявіць, колькі самай рознай прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы Брэстчыны. У пераліку акажуцца не толькі самыя розныя харчовыя тавары, але і бытавая тэхніка, мэбля, адзенне і абутак, цацкі і будаўнічыя матэрыялы, дываны і самыя разнастайныя гаспадарчыя прылады і прыстасаванні, аўтамабільныя акумулятары і сродкі аховы раслін, электрапрадукцыя і трубы з поліэтылену, машыны і механізмы для апрацоўкі глебы і яшчэ многае-многае іншае.

Прамысловы комплекс вобласці прадстаўлены трыма сотнямі асноўных прадпрыемстваў, аграпрамысловы ўключае ў сябе 235 сельгасарганізацый, больш як 500 фермерскіх гаспадарак, 28 прамысловых перапрацоўчых і 15 абслуговых прадпрыемстваў.

Некаторыя брэнды даўно сталі тварам не толькі Брэстчыны, па іх пазнаюць нашу краіну ў блізкім і далёкім замежжы. Пазнаюць, калі набываюць да стала прадукцыю “Санта Брэмар” і “Савушкін прадукт”, Брэсцкага, Пінскага і Бярозаўскага мясакамбінатаў, “Бярозку” Бярозаўскага сыраробнага камбіната, калі з задавальненнем карыстаюцца плітамі “Гефест” СП “Брэстгазаапарат” і мэбляй “Пінскдрэў”, дораць сваім дзецям высакаякасныя пластыкавыя цацкі вытворчасці кобрынскага “Палесся”. Безумоўна, пералік гэты не вычарпальны, да яго можна дадаць яшчэ шмат вялікіх і малых прадпрыемстваў, чыя прадукцыя карыстаецца пастаянным і актыўным попытам у замежных пакупнікоў. Сярод іх – і гэта асаблівы прадмет гонару ляхавічан – і нашы Ляхавіцкі малочны завод, “Трансэлектракамплект”.

Гістарычна склалася, што Брэстчына мае статус аграрнай вобласці. Адпаведна, гэта знайшло адлюстраванне і ў структуры прамысловасці: амаль палову агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасці даюць менавіта прадпрыемствы з харчовай спецыялізацыяй.

Дарэчы, па аб’ёмах экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання Брэстчына – безумоўны лідар у краіне і забяспечвае больш за 27 працэнтаў агульнарэспубліканскага экспарту прадуктаў харчавання.

Статыстыка сведчыць, што прадпрыемствы вобласці пастаўляюць прадукцыю больш як у 60 краін свету.

Сваю важкую ролю ў развіцці эканомікі рэгіёна вось ужо каля 2 дзесяцігоддзяў мае існаванне свабоднай эканамічнай зоны “Брэст”. Сёння яна налічвае больш за 80 рэзідэнтаў і з’яўляецца адной з самых прывабных інвестыцыйных пляцовак Беларусі.

Сёлета ў Брэсцкай вобласці запланавана выкарыстаць на мэты мадэрнізацыі 6,5 трыльёна рублёў. Акцэнт робіцца на эфектыўнасць і аддачу ўкладзеных фінансавых сродкаў. Сярод буйнейшых інвестпраектаў у комплекснай мадэрнізацыі і тыя вытворцы, чые назвы, на слыху: Жабінкаўскі цукровы завод, “Амкадор-Пінск”, Бярозабудматэрыялы і г.д.

Немалыя сродкі ўкладзены ў тэхнічнае пераўзбраенне Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднання. Новае абсталяванне дазваляе выпускаць пад маркай “Блакіт” прадукцыю высокай якасці, якая задавальняе самыя патрабавальныя густы пакупнікоў, – не толькі тканіну, але і медыцынскую марлю, сталовую і пасцельную бялізну, адзенне і іншае.

Пасля запуску новага завода ААТ “Івацэвічдрэў” стала адным з буйнейшых у краіне вытворцаў драўняна-стружкавых пліт, запатрабаваных не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

Ва ўнікальным рэйтынгу 100 найбольш эфектыўных сельгасарганізацый Беларусі, які летась склалі “Сельская газета” і спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук, 30 адрасоў – з Брэстчыны. У топ-10 увайшлі ААТ “Птушкафабрыка “Дружба” (Баранавічы) і СВК “Узыходзячая зара” Кобрынскага раёна. Сярод рэйтынгавых ёсць і нашы землякі.

Сёлета Брэсцкая вобласць сабрала рэкордны за ўсю гісторыю ўраджай збожжавых, а хлебаробы 5 раёнаў атрымалі больш як 100-тысячныя намалоты. У тым ліку і гэта – яскравае сведчанне таго, што рэзервы для развіцця і ўдасканалення ёсць заўсёды.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Пры падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстана інфармацыя з афіцыйнага сайта Брэсцкага

аблвыканкама http://brest-region.by.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *