Стартавала рэспубліканская акцыя “Права на службу людзям”

Правядзенне яе мае на мэце ўдасканаленне прававой работы з насельніцтвам, развіццё сістэмы прававой адукацыі, забеспячэнне даступнасці прававой інфармацыі, фарміраванне высокага ўзроўню прававой культуры людзей, а таксама стварае дадатковую магчымасць для грамадзян нашай краіны атрымаць з дакладных і кампетэнтных крыніц неабходную інфармацыю па актуальных пытаннях.

Першы этап акцыі адзначаны тыднем прававой граматнасці, які праходзіць па ўсёй рэспубліцы з 24 лістапада па 5 снежня. У акцыі прымаюць удзел міністэрствы па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, юстыцыі, рэспубліканская калегія адвакатаў і Беларуская натарыяльная палата. Арганізацыйную падтрымку акцыі “Права на службу людзям” ажыццяўляюць Мінюст і Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У рамках акцыі арганізавана распаўсюджванне буклетаў па актуальнай прававой тэматыцы.

Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь распрацавала буклеты на тэмы: вы прадалі кватэру або машыну; вы атрымалі спадчыну; ці трэба плаціць падаходны падатак, у якім памеры і калі?; зямельны падатак з фізічных асоб; падатак на нерухомасць з фізічных асоб. Рэспубліканская калегія адвакатаў прапануе грамадзянам азнаёміцца з тэкстам буклета па працоўным заканадаўстве па тэме адказнасці наймальніка за затрымку разліку пры звальненні і выдачы працоўнай кніжкі. Беларуская натарыяльная палата стала аўтарам буклета “Што лепш: завяшчанне або дарэнне?”.

Усе пытанні, прапановы, якія паступілі ад грамадзян і юрыдычных асоб падчас рэспубліканскай акцыі, будуць абагулены і сістэмна прааналізаваны.

Іна ШАБАЦЬКО,

загадчык натарыяльнай

канторы раёна.

Завяшчанне і дагавор дарэння – гэта два зусім розныя па сваіх прававых наступствах натарыяльныя дзеянні. Хоць, на першы погляд, вынік аднолькавы: у абодвух выпадках у свой час права ўласнасці на маёмасць пераходзіць ад аднаго чалавека да другога.

ЗАВЯШЧАННЕ – гэта распараджэнне грамадзяніна (далей — завяшчальнік) адносна прыналежнай яму маёмасці на выпадак яго смерці. Пакуль грамадзянін жывы, ён з’яўляецца ўласнікам маёмасці і можа распараджацца ёй па сваім меркаванні, нягледзячы на наяўнасць завяшчання. Спадчыннікі набываюць права на гэту маёмасць толькі пасля яго смерці.

Завяшчанне носіць строга асабісты характар, яго нельга скласці і засведчыць праз прадстаўніка (гэта значыць, выдаць даверанасць на другога чалавека напісаць завяшчанне і перадаць яго натарыусу). Таксама не дапускаецца складанне аднаго завяшчання ад імя некалькіх чалавек. Такім чынам, напрыклад, муж і жонка павінны скласці два асобныя завяшчанні, а не адно сумеснае.

Пры засведчанні завяшчанняў натарыус не правярае прыналежнасць маёмасці завяшчальніку.

Завяшчанне павінна быць складзена ў пісьмовай форме і засведчана натарыусам. “Дамашняе” або вуснае завяшчанне з’яўляецца несапраўдным. Завяшчанне можа быць напісана самім завяшчальнікам ці запісана з яго слоў у прысутнасці сведкі натарыусам. Згодна закона сведкамі не могуць быць: натарыус або іншая асоба, які засведчвае завяшчанне; асоба, на карысць якой складзена завяшчанне або зроблена завяшчальная адмова, муж або жонка такой асобы, яе дзеці, бацькі, унукі і праўнукі, а таксама іншыя спадчыннікі па завяшчанні і па законе; грама-дзяне, якія не валодаюць поўнай дзеяздольнасцю; неадукаваныя; асобы, якія маюць судзімасць за дачу непраўдзівых паказанняў; грамадзяне з такімі фізічнымі недахопамі, якія не дазваляюць у поўнай меры ўсведамляць сутнасць таго, што адбываецца; асобы, якія не валодаюць у дастатковай ступені мовай.

Завяшчальнік мае права:

-размеркаваць сваю маёмасць паміж усімі спадчыннікамі па законе ў няроўных частках;

-завяшчаць частку маёмасці, пакінуўшы другую частку па-за завяшчальнымі распараджэннямі;

-завяшчаць усю маёмасць аднаму або некалькім спадчыннікам па законе;

-пазбавіць спадчыны аднаго, некалькіх або ўсіх сваіх спадчыннікаў па законе (у выпадку пазбаўлення права атрымання спадчыны ўсіх спадчыннікаў па законе спадчыннікам становіцца дзяржава);

-завяшчаць маёмасць любым пабочным асобам;

-завяшчаць маёмасць Рэспубліцы Беларусь або яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам;

-устанавіць умовы, што не супярэчаць закону, якія тычацца паводзін спадчынніка для атрымання спадчыны;

-уключыць у завяшчанне абавязак здзяйснення спадчыннікам пэўнага дзеяння: а) у адносінах іншых асоб (напрыклад, абавязаць спадчынніка, якому адыходзіць кватэра, даць іншай асобе пажыццёвае карыстанне дадзенай кватэрай); б)накіраванага на ажыццяўленне агульнакарыснай мэты (напрыклад, абавязаць спадчынніка ўтрымліваць жывёлу, якая належыць спадчынадаўцу).

У завяшчальніка можа быць маёмасць, якая не ўказана ў завяшчанні. Гэта маёмасць атрымліваецца ў спадчыну па законе, у тым ліку, спадчыннікамі, не ўказанымі ў завяшчанні, у роўных долях.

Завяшчальнік не мае права пазбавіць спадчыны тых спадчыннікаў, якіх закон забяспечвае абавязковай доляй. Спадчыннікамі на абавязковую долю з’яўляюцца непаўналетнія або непрацаздольныя на дзень адкрыцця спадчыны дзеці спадчынадаўцы, а таксама яго непрацаздольныя муж ці жонка і бацькі. Недзеяздольнымі лічацца інваліды І-ІІІ груп, а таксама жанчыны, якія дасягнулі 55-гадовага ўзросту і мужчыны, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту.

Закон абараняе таксама правы мужа і жонкі пры атрыманні спадчыны. Незалежна ад зместу завяшчання муж або жонка, якія перажылі сваю ”палавіну”, маюць права ўласнасці на частку маёмасці, сумесна нажытай у шлюбе.

Завяшчальнік можа ў любы час адмяніць або змяніць сваё завяшчанне, не паведамляючы нікому пра гэта. Змяненне і адмена завяшчання могуць быць ажыццёўлены толькі самім завяшчальнікам. Змяняецца або адмяняецца завяшчанне шляхам засведчвання новага. Адмяніць завяшчанне можна таксама шляхам знішчэння ўсіх яго экземпляраў завяшчальнікам або па яго распараджэнні натарыусам.

ПРЫ ДАРЭННІ дарыльшчык (той, хто дорыць) перадае маёмасць ва ўласнасць адорваемага бязвыплатна. Дагавор, які прадугледжвае перадачу падоранай маёмасці пасля смерці дарыцеля, несапраўдны (г. зн. не мае сілы з самага яго заключэння). Пры гэтым ніякія абавязацельствы ў адорваемага перад дарыльшчыкам не ўзнікаюць.

Дагавор дарэння нерухомай маёмасці (кватэра, жылы дом, гараж і г. д.) павінен быць заключаны ў пісьмовай форме і падлягае абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі. Іншая маёмасць можа быць падорана з выкарыстаннем вуснай формы дагавору, акрамя выпадку, калі дагавор утрымлівае абяцанне дарэння ў далейшым.

Ёсць некаторыя ўстаноўленыя заканадаўствам абмежаванні ў тым, хто і што можа дарыць і прымаць у дар. Напрыклад, не дапускаецца дарэнне, за выключэннем звычайных падарункаў невялікага кошту, ад імя малалетніх і грамадзян, прызнаных недзеяздольнымі, іх законнымі прадстаўнікамі. Ёсць і іншыя абмежаванні, таму, калі вы хочаце заключыць пісьмовы дагавор дарэння, асабліва дагавор дарэння нерухомай маёмасці, то лепш звярнуцца да натарыуса, які дапаможа пазбегнуць сур’ёзных памылак.

У адрозненне ад завяшчання, дагавор дарэння можа заключыць і прадстаўнік, у якога ў даверанасці прадугледжаны адпаведныя паўнамоцтвы, або законны прадстаўнік.

Права ўласнасці на падораную нерухомую маёмасць узнікае ў адорваемага з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі дагавора і заснаванага на ім права ў органах дзяржаўнай рэгістрацыі.

Дарыльшчык і члены яго сям’і пры дарэнні жылога памяшкання могуць толькі захаваць за сабой права карыстання, што павінна быць указана ў дагаворы.

Пры засведчванні дагавора дарэння нерухомасці натарыус пры звяртанні грамадзяніна запатрабуе па прынцыпе “адно акно” дакументы, што пацвярджаюць прыналежнасць маёмасці дарыльшчыку, дзяржаўную рэгістрацыю маёмасці і права на яе, адсутнасць запазычанасці па ўплаце падаткаў і інш.

У некаторых выпадках для засведчвання дагавора дарэння патрабуецца згода трэціх асоб. Гэта могуць быць муж або жонка, удзельнікі прыватызацыі, асобы, якія пражываюць у жылым памяшканні па завяшчальнай адмове. Такая згода павінна быць выказана ў пісьмовай форме, і яе можна аформіць у натарыуса як асобна, так і пры засведчанні дагавора дарэння. Калі ў адчужальным жылым памяшканні непаўналетні з’яўляецца ўдзельнікам прыватызацыі, то неабходна згода органаў апекі і папячыцельства, якую натарыус таксама можа запатрабаваць самастойна.

Дагавор дарэння можа быць адменены, калі адорваемы ўчыніў пакушэнне на жыццё дарыльшчыка або каго-небудзь з членаў яго сям’і ці блізкіх, родных або наўмысна прычыніў дарыльшчыку цялесныя пашкоджанні. Дагавор можа быць адменены і ў выпадку, калі дарыльшчык перажыве адорваемага, але пра гэта павінна быць прама ўказана ў дагаворы дарэння.

Дарыльшчык мае права адмовіцца ад выканання дагавора, які ўтрымлівае абяцанне перадаць у наступным адорваемаму рэч або права, калі пасля заключэння дагавора яго маёмаснае або сямейнае становішча ці стан здароўя пагоршыліся. У выпадку, калі дагавор дарэння нерухомасці незарэгістраваны ў органах рэгістрацыі, ён можа быць скасаваны па ўзгадненні бакоў.

Такім чынам, і ў завяшчання, і ў дагавора дарэння ёсць свае асаблівасці.

Калі вы жадаеце да дня смерці заставацца ўласнікам сваёй маёмасці, то вам трэба скласці завяшчанне.

Калі ж вы гатовы перастаць быць уласнікам сваёй маёмасці, то можна засведчыць дагавор дарэння.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *